Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля выбараў 2020-га ў Беларусі ліквідавалі амаль 1300 некамэрцыйных арганізацый


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Сілавікі апячатваюць офіс Беларускай асацыяцыі журналістаў пасьля ператрусу. Менск, люты 2021 году.
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Сілавікі апячатваюць офіс Беларускай асацыяцыі журналістаў пасьля ператрусу. Менск, люты 2021 году.

Пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, зь верасьня 2020 і да канца красавіка 2023 году, грамадзкі сэктар краіны страціў сама меней 1283 некамэрцыйныя арганізацыі (аб’яднаньні, прафсаюзы, фонды, недзяржаўныя ўстановы і асацыяцыі), гаворыцца ў новым аглядзе праваабарончай арганізацыі Lawtrend.

Паводле маніторынгу Lawtrend, толькі за красавік 2023 году ўлады ліквідавалі сама меней 34 некамэрцыйныя арганізацыі (на канец сакавіка налічвалася 1249 ліквідаваных НКА), а з пачатку 2023 году — 110 (на канец сьнежня 2022 году ў Беларусі ліквідавалі 1173 НКА).

На канец красавіка сама меней 824 некамэрцыйныя арганізацыі (на канец сакавіка — 809) знаходзіліся ў працэсе прымусовай ліквідацыі (уключаючы пададзеныя ў суд пазовы аб прымусовай ліквідацыі) або прымусова выключаныя з Адзінага дзяржаўнага рэгістру юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў, сьведчыць маніторынг праваабаронцаў.

Рэгулярна павялічваецца і колькасьць арганізацый, якія прынялі рашэньне аб самаліквідацыі. Так, паводле стану на 30 красавіка, згодна з маніторынгам Lawtrend, такіх некамэрцыйных арганізацый было 459 (грамадзкія абʼяднаньні, фонды і ўстановы), па выніках сакавіка ў стане самаліквідацыі знаходзіліся 440 НКА, у сьнежні 2022 году — 416.

Як адзначаюць праваабаронцы, «рашэньне пра самаліквідацыю НКА прымаюць перш за ўсё празь ціск на яе сябраў, супрацоўнікаў, неспрыяльнае прававое асяродзьдзе, агульную грамадзка-палітычную сытуацыю ў краіне, а таксама часта пад ціскам уладаў на НКА аб прыняцьці адпаведнага рашэньня».

Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі

У красавіку 2021 міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.

«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.

22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.

«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.

30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Па стане на канец 2021 году ўлады ліквідавалі як найменей 275 НДА, яшчэ шэраг — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.

Праз год пасьля пачатку масавага ціску, у ліпені 2022 году, стала вядома, што ўлады ліквідавалі або давялі да самаліквідацыі 857 недзяржаўных арганізацый. А маніторынг Lawtrend на канец 2022 году паказаў, што за два гады грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся ня менш як 1102 некамэрцыйных арганізацый.

Адной з галоўных падзей стала ліквідацыя незалежных прафсаюзаў у краіне. Лідэрам арганізацый прысудзілі вялікія турэмныя тэрміны.

Сярод ліквідаваных арганізацый

  • • Human Constanta
  • • Беларуская асацыяцыя журналістаў
  • • Беларускі Хэльсынскі камітэт
  • • Гродна Лайф Медыя
  • • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
  • • Зьвяно
  • • Имена
  • • Мова нанова
  • • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
  • • ПЭН-цэнтар
  • • Прававая ініцыятыва
  • • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
  • • Тэрыторыя правоў
  • • Цэнтар прававой трансфармацыі
  • • Экадом
  • Таварыства беларускай мовы
  • Дзіцячыя госьпісы ў Горадні і Віцебску
  • Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП)
  • Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ)
  • Беларускі незалежны прафсаюз (БНП)
  • Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG