Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве назвалі ўмовы аднаўленьня дачыненьняў зь Беларусьсю


Старшыня Сейму Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсэн
Старшыня Сейму Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсэн

Кіраўніца літоўскага парлямэнту лічыць немагчымым перамовы «з рэжымам Лукашэнкі», які «трымае ў зьняволеньні, катуе, перасьледуе і жорстка душыць любыя зародкі дэмакратыі».

Старшыня Сейму Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсэн заявіла, што аднаўленьне дачыненьняў зь Беларусьсю і Расеяй немагчымае ва ўмовах расейскай агрэсіі супраць Украіны.

«Варта разумець, што мы ня можам вярнуцца да разьвіцьця дачыненьняў з Расеяй і беларускім рэжымам у фармаце business as usual. Прынамсі, да таго часу, пакуль супраць украінцаў працягваецца агрэсія, і да таго часу, пакуль Украіна не пераможа ў вайне і не заключыць мір на сваіх умовах», — сказала Вікторыя Чміліце-Нільсэн у інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время».

Кіраўніца літоўскага парлямэнту лічыць немагчымым перамовы «з рэжымам Лукашэнкі», які «трымае ў зьняволеньні, катуе, перасьледуе і жорстка душыць любыя зародкі дэмакратыі».

«Аднак я хацела б правесьці дакладную рысу між беларускай уладай і грамадзянамі Беларусі. Як я ўжо казала, Вільня зьяўляецца адным з цэнтраў супраціву рэжыму Лукашэнкі. І, як мне здаецца, цяпер будучыня дэмакратыі ў Беларусі, так ці інакш, таксама вырашаецца на палях бітваў ва Ўкраіне. Пра гэта, дарэчы, гаворыць і Сьвятлана Ціханоўская, якая зьяўляецца афіцыйнай госьцяй Літоўскай Рэспублікі. У выпадку посьпеху Ўкраіны вельмі імаверна, што і ў Беларусі дэмакратычныя зьмены будуць праходзіць лягчэй, чым у іншых умовах», — патлумачыла яна.

Пакуль жа, лічыць Вікторыя Чміліце-Нільсэн, сытуацыя ў Беларусі кепская.

«Беларусь працягвае страчваць свой сувэрэнітэт. Адна з апошніх навіна — заява аб тым, што Расея пачала перакідваць тактычную ядзерную збою на беларускую тэрыторыю. Гэта яшчэ адзін благі сыгнал, які сьведчыць, што Лукашэнка ўсё больш здае пазыцыі і аддае сувэрэнітэт Беларусі ў рукі Крамля», — дадала сьпікерка Сейму Літвы.

«Галоўны інтарэс Літвы палягае ў тым, каб зь цягам часу па суседзтве з намі знаходзіліся дэмакратычныя дзяржавы. Гэта наш жыцьцёвы інтарэс, і ў цяперашняй сытуацыі вядзецца як пра Расею, так і пра Беларусь», — падкрэсьліла Вікторыя Чміліце-Нільсэн.


Расея пачала поўнамаштабнае ваеннае ўварваньне на тэрыторыю Ўкраіны 22 лютага 2022 году. Кіраўніцтва Беларусі падтрымала расейскую агрэсію і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў. Тэрыторыя Беларусі і пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскім войскам для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне ў асобныя пэрыяды.

Расейскаму ўварваньню папярэднічаў міграцыйны крызіс, створаны на мяжы Беларусі і краін ЭЗ вясной 2021 году. Спачатку шматразовае павелічэньне колькасьці нерэгулярных мігрантаў адчула Літва. Пасьля таго, як Вільня прыняла рашэньне не затрымліваць замежнікаў, а вяртаць у Беларусь, плыні мігрантаў пераарыентаваліся на Польшчу, а затым на Латвію.

Да пачатку вайны ва Ўкраіне ў лютым 2022 году міграцыйныя патокі істотна скараціліся, але пасьля зноў вырасьлі. Кіраўніцтва дзяржаў Балтыі і Польшчы ўсклала адказнасьць за міграцыйны крызіс на мяжы на беларускія ўлады, тыя ў адказ назвалі прычынай крызісу дзеяньні Захаду ў краінах, адкуль прыбываюць мігранты.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG