Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літве «вельмі важна не пасылаць зьмяшаныя сыгналы беларускай апазыцыі», лічыць сьпікер Сейму


Вікторыя Чміліце-Нільсэн
Вікторыя Чміліце-Нільсэн

Пазыцыя Літвы адносна беларускай апазыцыі і «пасьлядоўная палітыка» кіраўніцтва краіны «нязьменныя ўжо шмат гадоў», таму «было б вельмі важна не пасылаць ёй зьмяшаныя сыгналы», заявіла сьпікер літоўскага Сейму Вікторыя Чміліце-Нільсэн 19 красавіка ў эфіры радыёстанцыі Žinių Radijas.

Паводле слоў палітыка, закон аб абмежавальных мерах у адносінах да грамадзян Беларусі і РФ за ваенную агрэсію супраць Украіны выклікаў «шмат дыскусій» у Сейме, а прынятая ім выніковая рэдакцыя дакумэнта са зьмякчэньнямі для беларусаў стала «вынікам кампрамісаў».

Чміліце-Нільсэн адзначыла, што ў парлямэнце робяць адрозьненьне паміж Расеяй, якая актыўна вядзе вайну, і рэжымам у Менску, які «не прымушае беларускі народ да актыўнага ўдзелу ў баявых дзеяньнях».

«Таму гаварыць пра нейкае парушэньне раўнапраўя ня вельмі карэктна», — цытуе сьпікера Сейму LRT. Яна дадала, што падтрымка вайны сярод насельніцтва РФ высокая, а ў Беларусі «зусім іншая сытуацыя».

Паводле яе слоў, улады Літвы мусяць зрабіць «усё, што ў нашых сілах, патрабуючы санкцый супраць [Аляксандра] Лукашэнкі і яго рэжыму», але ў той жа час «максымальна падтрымаць» беларускі народ у «складанай сытуацыі».

Сейм Літвы прыняў згаданы закон 4 красавіка. Ён прадугледжвае абмежавальныя меры для грамадзян Беларусі і РФ, зьвязаныя з парадкам уезду і легалізацыі ў гэтай балтыйскай дзяржаве, набыцьця нерухомасьці ды інш. На этапе разгляду дакумэнт быў значна зьмякчаны ў дачыненьні да беларусаў, большасьць санкцый закранула расейцаў.

14 красавіка прэзыдэнт Гітанас Наўседа наклаў на закон вэта. Ён прапанаваў парлямэнту «цалкам прымяніць усе сем абмежавальных мер да грамадзян Беларусі і Расеі».

Сярод іншага літоўскі прэзыдэнт прапанаваў прапісаць у законе прававы мэханізм, які б спрасьціў працэдуру ануляваньня ўжо выдадзеных нацыянальных візаў і дазволаў на часовае або пастаяннае пражываньне, а таксама аблягчыў дэпартацыю зь Літвы асоб, якія парушылі заканадаўства аб міжнародных санкцыях або абмежавальных мерах.

  • Беларускі дэмакратычны лідэр Сьвятлана Ціханоўская, камэнтуючы вэта Наўседы, заявіла, што «нельга ставіць у адзін шэраг беларусаў і саўдзельнікаў рэжыму» і «нельга караць беларусаў за дзеяньні рэжыму».
  • 18 красавіка міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс заявіў, што закліча парлямэнтарыяў прагаласаваць супраць прэзыдэнцкага вэта на закон аб нацыянальных санкцыях супраць грамадзян Расеі і Беларусі.
  • Каб пераадолець вэта, за ўжо прыняты Сеймам закон павінны яшчэ раз прагаласаваць ня менш як 71 дэпутат са 141. Адпаведнае пасяджэньне пройдзе 20 красавіка.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG