Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За паўтара года за кратамі Андрэй Кузьнечык прачытаў 82 кнігі


Андрэй Кузьнечык, архіўнае фота
Андрэй Кузьнечык, архіўнае фота

Палітвязень цяпер зь нецярпеньнем чакае прыезду кнігарні ў калёнію, каб купіць новыя кнігі.

Ня маючы доступу да інтэрнэту, з пэрыёдыкі, радыё і тэлевізіі даведаўся пра посьпехі штучнага інтэлекту. Працягвае даваць жонцы слушныя парады ў выханьні дзетак.

Палітзьняволены журналіст Андрэй Кузьнечык сыстэматызаў сьпіс кніг, які ён прачытаў зь лістапада 2021-га па травень 2023 году.

«Зь ліставаньня з-за кратаў некалі непазьбежна надыходзіць той дзень, калі пачынаеш расказваць, што прачытаў. Дык дасылаю цэлы стос. Хай будзе недзе і мне на памяць, і для архіву прачытанага. Гэта ўнікальны для мяне досьвед чытаньня выпадковых збольшага кніг. Гэткая кніжная лятарэя. Будзе мо некалі нагода, што ўспомніць і з чаго паўсьміхацца».

Колькасьць і разнастайнасьць

У пераліку — 82 кнігі, якія прачытаў Андрэй за кратамі. Разьмешчаныя яны ў альфабэтным парадку па прозьвішчы аўтара, таксама пазначана, у якія даты Андрэй чытаў гэтыя творы і колькі дзён заняло чытаньне. Гэта пры тым, што палітвязень у Наваполацкай калёніі працуе на лесапілцы 6 дзён на тыдзень, маючы толькі адзін выходны, у нядзелю.

Сьпіс кніг Андрэя Кузьнечыка
Сьпіс кніг Андрэя Кузьнечыка

Паколькі турэмная бібліятэка ўжо амаль уся прачытаная, Андрэй чакае прывозу ў калёнію новых кніг, якія можна будзе купіць.

«У чэрвені ў нас будзе кнігарня. Наколькі я разумею, больш-менш верагодна, што могуць прывезьці кнігі, якія ёсьць у інтэрнэт-краме „Белкнігі“. Мо там ёсьць нейкія навінкі, якія неабходна прачытаць? Ці прадаецца там гістарычнае Арлова? Ці ёсьць вершы Караткевіча, Жылкі, Бураўкіна, Гілевіча? З прозы — Міхась Стральцоў, Вячаслаў Адамчык, Павал Пруднікаў, Андрэй Мрый, Павал Касьцюкевіч, Уладзімер Ахроменка, Максім Клімковіч, Віктар Марціновіч, Альгерд Бахарэвіч, Дзьмітры Горчаў, Тацяна Заміроўская, пераклады Сяргея Шупы, Васіля Сёмухі?» — пытаецца Андрэй.

«Я зразумеў, што сьпеўныя птушкі ўжо вярнуліся і паслухаць іх сёлета не давядзецца»

Нават у жорсткіх турэмных умовах Андрэй застаецца рамантыкам, які заўважае прыемныя дробязі:

«Неяк падчас ранішняга шыхтаваньня заляцеў да нас нейкі птах-саліст. Усеўся проста на „калючку“ і давай сьпяваць. Аж вераб’і прыціхлі. Пазаліваўся так хвілін дзесяць, зразумеў, што няма тут чаго лавіць і зьляцеў прэч. Гэтак я зразумеў, што сьпеўныя птушкі ўжо вярнуліся і паслухаць іх сёлета не давядзецца. Так што хоць яны вам і спаць не даюць, мне ўсё роўна трошку вам зайздросна».

У кожным лісьце Андрэй працягвае дзяліцца сваімі снамі, у якіх пастаянна мроіцца свабода.

«Неяк раніцай сканцэнтраваўся і запомніў сон. Колькі там усяго сплялося і нагрувасьцілася — ні за што не расказаць. Цікава бачыць тыя самыя мясьціны і бачыць, як яны зьмяняюцца — усё больш асфальтавых палёў, шырачэзных вуліц. І фрагмэнты: стаяў у чарзе ў краму, а касірка адзначала ўсім „прафулік“. Або прыехаў дахаты, а ты хвалісься, што выйшла кніжка, а там спрэс фоткі, якія ты мне дасылала, і мы радуемся разам».

Крытыкуе ілюстрацыі, створаныя штучным інтэлектам

Андрэй ня толькі шмат чытае, але і ўмудраецца з той дазаванай інфармацыі, якая даходзіць за краты (а ён выпісвае шмат беларускай пэрыёдыкі), а таксама з радыё і тэлевізіі інтуітыўна «вылавіць» цікавыя навіны, разважаць і філязофстваваць.

«Ілюстрацыі штучнага інтэлекту, вядома, уражваюць стараннасьцю выкананьня ім зададзеных крытэрыяў і імкненьнем дагадзіць, пакуль што крыху нягеглым і падсьлепаватым. Праўда, ці ёсьць каштоўнасьць у ледзьве не палітарным ілюстраваньні — вялікае пытаньне. Хочацца мастакоўскай індывідуальнасьці, абагульненьня творцы і дадатковай мастацкай вобразнасьці. Зрэшты, можа, гэта ўсё будзе пасьля ўсталяваньня наступнага абнаўленьня? А вершы выдатныя», — разважае Андрэй.

«З выпадковасьцяў саткана ўсё, што нам наканавана»

Нядаўна сям’я Кузьнечыкаў адзначыла «паўналецьце» — 18 гадоў, як Алеся і Андрэй пажаніліся. Сужэнцы адсьвяткавалі гэты дзень паасобку і кожны па-свойму, але зь цьвёрдым намерам перасьвяткаваць яго як мае быць. У сярэдзіне траўня на доўгатэрміновым спатканьні, якое доўжылася 24 гадзіны, Андрэй сустрэўся з маці, жонкай, дачкой і сынам.

Андрэй з-за кратаў даслаў сям’і кранальны верш — пра спрыяльніка-анёла.

Як сустрэла мама тату?

Хоць абставінаў багата,

У мяне адказ гатовы:

Абсалютна выпадкова!

Як знайшла ў вірах Сусьвету

Сонца нашая плянэта

Ды яшчэ і так удала,

Што жыцьцём закрасавала?

Сэнс гіпотэз навуковых:

Абсалютна выпадкова.

Як сустрэла пчолка сад,

А рачулка — вадаспад,

Бліскавіца — гром магутны?

Выпадкова абсалютна!

Стрэне му́зыка музы́ку,

Хваля рыф, а вершык — рыфму.

З выпадковасьцяў саткана

Ўсё, што нам наканавана.

Кім? Спрыяльнікам-анёлам,

Абсалютна выпадковым!

Кантакт з 9-гадовай дачкой Янінай тата падтрымлівае праз лісты. Яго радуе, што дачка часам падымае цікавыя неадназначныя тэмы — пра ўмовы ўтрыманьня свойскіх жывёлаў, напрыклад. Ці шукае ў мульціках неадпаведнасьці і тлумачыць іх. Напрыклад, Яня прапанавала вэрсію, што «дзядзя Фёдар з Прастаквашына — гэта дарослы карлік». Таму ён такі не па-дзіцячаму самастойны.

«Арыгінальна Яніна ахарактарызавала дзядзю Фёдара з мультфільму аб Прастаквашыне. У маім дзяцінстве ягоная самастойнасьць не ўяўлялася мне празьмерна перабольшанай (зрэшты, і рамонт „запарожца“ ў кватэры нікога не зьдзіўляў).

Можа, гэта таму, што мы былі самі больш самастойнымі? Хадзілі змалку ў краму, рабілі шмат дарослай працы ў гаспадарцы. Зрэшты, можа, у Яніны проста жывейшая фантазія. Але, думаю, ёй ужо можна даручыць важны абавязак — забіраць пошту з нашай скрыні ў пад’езьдзе», — Андрэй дае парады жонцы ў выхаваньні дачкі.

Перасьлед Андрэя Кузьнечыка

  • Андрэй Кузьнечык — журналіст, які супрацоўнічае з Радыё Свабода, фрылансэр.
  • Андрэя Кузьнечыка затрымалі 25 лістапада, на наступны дзень яго асудзілі на 10 сутак, аднак 5 сьнежня ён на волю не выйшаў, зноў атрымаўшы 10 сутак. Але і 15 сьнежня яго ня вызвалілі і зноў прысудзілі 10 дзён арышту.
  • Віны паводле адміністрацыйных артыкулаў фрылансэр Радыё Свабода не прызнаў, перадач для яго не прынялі.
  • 22 сьнежня Беларуская асацыяцыя журналістаў запатрабавала ад уладаў органаў неадкладна даць інфармацыю пра тое, дзе і ў сувязі зь якой справай утрымліваюць журналіста.
  • Прэзыдэнт Радыё Свабода Джэймі Флай заявіў, што ўлады Беларусі працягваюць утрымліваць журналіста, па сутнасьці, як выкрадзенага закладніка. Ён запатрабаваў вызваліць Андрэя і спыніць перасьлед беларускіх журналістаў.
  • 23 сьнежня сваякам Андрэя паведамілі, што на яго завялі крымінальную справу, але не назвалі артыкулу КК. Кузьнечыка перавялі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.
  • У чэрвені 2022 году Магілёўскі абласны суд прызнаў яго стваральнікам «экстрэмісцкага фармаваньня» (арт. 361-1 КК) і прысудзіў 6 гадоў турмы. Суд доўжыўся 3 гадзіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG