У Эўразьвязе пракамэнтавалі падпісаньне Беларусьсю і Расеяй дакумэнтаў аб ядзернай зброі

Пэтэр Стана, прэсавы сакратар ЭЗ у зьнешнепалітычных пытаньнях
Пэтэр Стана, прэсавы сакратар ЭЗ у зьнешнепалітычных пытаньнях

25 траўня Віктар Хрэнін і Сяргей Шайгу падпісалі дакумэнты, якія вызначаюць разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусі.

Эўразьвяз будзе ўважліва сачыць за разьмяшчэньнем ядзернай зброі ў Беларусі. Аб гэтым на прэсавай канфэрэнцыі заявіў прадстаўнік Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Пэтэр Стана, адказваючы на пытаньне аб рэакцыі Эўразьвязу на падпісаныя 25 траўня дакумэнты. Паводле яго, Эўразьвяз ужо рэагаваў, калі толькі было абʼяўлена аб намерах разьмясьціць ядзерную зброю ў Беларусі.

«Эўразьвяз ужо рэагаваў, калі абедзьве краіны абʼявілі аб намеры зрабіць гэта, так што яны проста працягваюць гэта. І, вядома, гэта ня крок да эскаляцыі. Гэта ня крок да зніжэньня напружанасьці. Гэта тое, што толькі павялічвае напружанасьць, якую можна разглядаць і ў кантэксьце незаконнай агрэсіі Расеі і супрацоўніцтва Беларусі ў ёй — гэта далейшая эскаляцыя і чарговая правакацыя. Эўразьвяз, вядома, будзе вельмі ўважліва сачыць за тым, як гэта рэалізуецца, і мы будзем рэагаваць адпаведным чынам», — сказаў ён.

25 траўня міністры абароны Беларусі і Расеі Віктар Хрэнін і Сяргей Шайгу падпісалі дакумэнты, якімі вызначаецца парадак разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай нестратэгічнай ядзернай зброі. Шайгу пры гэтым падкрэсьліў, што прыняцьце рашэньняў аб яе прымяненьні застаюцца за Расеяй.

​
XS
SM
MD
LG