Бахмут Данецкай вобласьці. Фота беларускага добраахвотніка Дзяніса Ўрбановіча
«Вагнэраўцы праз сваё аслабленьне ў выніку баёў за горад наўрад ці змогуць прадоўжыць наступ за межамі Бахмуту».
Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) пацьвярджаюць адыход украінскіх сіл з Бахмуту і канцэнтрацыю іхных атак на ваколіцах горадау, што можа прывесьці да атачэньня расейскіх сіл.
«Імаверны захоп групай „Вагнэр“ апошняга невялікага раёну заходняга Бахмуту не ўплывае на працяг украінскіх контратак на поўнач ці поўдзень ад горада, а таксама не ўплывае на ўкраінскі кантроль над наземнымі лініямі сувязі вакол Бахмуту, якія патрэбныя зьнясіленым сілам „Вагнэра“», — адзначаецца ў справаздачы ISW.
Экспэрты інстытуту назвалі прызнаньне ўкраінскіх вайскоўцаў аб іхным кантролі «нязначнай» часткі паўднёва-заходніх раёнаў Бахмута «негалосным пацьвярджэньнем таго, што расейскія сілы захапілі рэшту тэрыторыі, калі ня ўвесь горад, за выключэньнем прылеглых да дзьвюх аўтамагістраляў раёнаў».
У той жа час у справаздачы адзначаецца, што вагнэраўцы праз сваё аслабленьне ў выніку баёў за горад наўрад ці змогуць прадоўжыць наступ за межамі Бахмуту.
«Расейскім сілам, пэўна, спатрэбіцца дадатковае падмацаваньне для ўтрыманьня гораду Бахмуту і яго флянгаў за кошт дзеяньняў на іншых кірунках», — пішуць экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны.
У Інстытуце вывучэньня вайны лічаць малаімаверным, што расейскія войскі змогуць, як паведамлялі расейскія СМІ, пасьля Бахмуту захапіць Славянск (за 41 кілямэтар ад гораду), Краматорск (35 км) і горад Дніпро (за 215 км).
Генштаб Украіны: баі за Бахмут працягваюцца
Сьпікер Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны Аляксандар Штупунпаведаміў, што на бахмуцкім кірунку расейцы працягваюць свой наступ.
«Цягам мінулых содняў праціўнік беспасьпяхова спрабаваў аднавіць страчаныя пазыцыі на поўдзень ад населенага пункту Іванаўскае. Да таго ж вёў наступальныя дзеяньні ў кірунку Грыгораўкі, посьпеху ня меў. Нанёс авіяўдары ў раёнах Бахмуту і Іванаўскага», — удакладніў сьпікер Генштабу Ўкраіны.
Напярэдадні камандуючы Сухапутнымі войскамі Ўкраіны Аляксандар Сырскі прызнаў, што ўкраінскія сілы кантралююць «нязначную» частку Бахмуту.
«Мы працягваем прасоўвацца на флянгах у ваколіцах Бахмуту і фактычна набліжаемся да ўзяцьця горада ў тактычнае атачэньне. Дзякуючы гэтаму мы зможам кантраляваць усе „высоткі“, занятыя ворагам і паступова іх зьнішчыць. Гэта пазбаўляе ворага кантролю над подступамі да гораду і дае нам тактычныя перавагі», — заявіў украінскі генэрал-палкоўнік.
Выведка Вялікай Брытаніі: Расея стварае элітны авіяпадразьдзел для ўзмацненьня сваіх сіл ва Ўкраіне
У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі паведамілі, што Расея стварае элітную штурмавую авіягрупоўку пад кодавай назвай «Шторм» для ўзмацненьня паветраных атак на Ўкраіну.
Паводле брытанскіх выведнікаў, падразьдзел будзе складацца з зьнішчальнікаў Су-24 і Су-34, а таксама эскадрыльлі ўдарных верталётаў.
«Спалучэньне тыпаў самалётаў сьведчыць аб тым, што група будзе выконваць асноўную ролю ў выкананьні місій наземнага нападу», — адзначаецца ў паведамленьні выведкі.
Для фармаваньня новага авіяпадразьдзелу ў Расеі абвясьцілі вялікія заробкі і заклікалі далучыцца да яго пілётаў-пэнсіянэраў.