Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мае хлопцы загінулі ў мяне на вачах». Каліновец Дзяніс Урбановіч у шпіталі з кантузіяй


Дзяніс Урбановіч. Архіўнае фота
Дзяніс Урбановіч. Архіўнае фота

У баях за Бахмут зноў атрымаў раненьне Дзяніс Урбановіч, які другі год ваюе ў складзе палка Каліноўскага ва Ўкраіне.

Пра чацьвёртае раненьне Ўрбановіча стала вядома 18 траўня. 19 траўня Дзяніс з дапамогай некалькіх допісаў праз тэлефон паразмаўляў са Свабодай, ад працяглай гутаркі адмовіўся па стане здароўя.

«У мяне кантузія вачэй, чэрапна-мазгавая траўма і пашкоджаньне калена. Цяпер у шпіталі. Але псыхалягічна мне цяжка — мае хлопцы загінулі ў мяне на вачах, а я нічога ня мог зрабіць. Быў моцны бой», — напісаў Дзяніс Урбановіч.

Пра баі ў Бахмуце даходзіць супярэчлівая інфармацыя. Паводле зьвестак украінскіх афіцыйных крыніц, вайскоўцы УСУ прасунуліся наперад на поўначы і поўдні ад гораду, а расейскія войскі нясуць вялікія страты.

Расейскія крыніцы заяўляюць, што рэгулярныя часткі арміі РФ і падразьделы ПВК «Вагнэр» працягваюць наступ з мэтай завалодаць усім горадам.

У пачатку траўня Дзяніс Урбановіч расказваў Радыё Свабода, што баі за Бахмут не сьціхаюць; да расейскай артылерыі, якая працягвае зьнішчаць горад, далучылася і авіяцыя, абодва варагуючыя бакі нясуць страты, але «страты расейцаў значна большыя».

Што вядома пра бой у Бахмуце

Падчас бою ў Бахмуце загтінуў камандзір групы беларускіх добраахвотнікаў. Чацьвёра добраахвотнікаў палка Каліноўскага засталіся пад заваламі. Забраць байцоў праз шчыльны агонь і абвал будынка няма магчымасьці.

«Ваяры ПК і батальёна „Волат“ утрымлівалі пазыцыі ў Бахмуце. Хлопцы адбівалі штурм акупантаў і вялі стралковы бой. Па доме, у якім знаходзілася наша група, адпрацавала ствольная буйнакалібэрная артылерыя ворага, адбыўся абвал будынка, частка нашых байцоў апынулася пад заваламі, другая група разам з мэдыкамі высунулася для эвакуацыі і аказаньня дапамогі», — паведаміла прэс-сакртарка палка Каліноўскага Крысьціна «Чабор».

Паводле яе, загінуў камандзір групы, а чацьвёра каліноўцаў засталіся пад заваламі, магчымасьці іх эвакуаваць не было.

«У момант эвакуацыі і прыкрыцьця адыходу групы загінуў камандзір групы, ён ахвяраваў сваім жыцьцём дзеля эвакуацыі параненых. Пазьней была адпраўлена трэцяя група для разбору завалаў і эвакуацыі целаў загінулых. У сувязі са шчыльным агнём і працягам артылерыйскага абстрэлу будынак быў цалкам разбураны. Баі працягваюццца, магчымасьці забраць целы герояў палка ў дадзены момант няма», — паведамілі ў ПК.

Раней таксама стала вядома, што яшчэ некалькі байцоў атрымалі раненьні рознай ступені цяжкасьці, цяпер іхнаму жыцьцю нічога не пагражае.

Асобы ваяроў і падрабязнасьці апэрацыі ў палку пакуль не раскрываюць у мэтах бясьпекі.

На сёньня вядома пра больш за 20 беларусаў, якія загінулі пасьля лютага 2022-га, баронячы Ўкраіну.

Баі за Бахмут працягваюцца ўжо 9 месяцаў. Гэты кірунак застаецца адным з самых гарачых пунктаў на фронце.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG