Расея зноў у некалькі хваляў атакавала тылавыя рэгіёны Ўкраіны, выкарыстоўваючы ракеты і баявыя іранскія дроны. Як паведамілі ўкраінскія ўлады, ва ўсіх рэгіёнах мішэньню былі інфраструктура і прамысловыя аб'екты.
Дзясятая атака на Кіеўшчыну з пачатку траўня
Расея спрабавала нанесьці ўдар па Кіеве і Кіеўскай вобласьці вялікай колькасьцю іранскіх дронаў. Аднак ніводзін зь іх не дасягнуў цэлі.
«З тактычнага пункту гледжаньня гэта быў напад у некалькі хваляў, з кароткім інтэрваламі паміж атакамі. Такой тактыкай крамлёўскае зло спрабуе зьнясіліць нашу супрацьпаветраную абарону, а таксама псыхалягічна ўзьдзейнічаць на мірнае насельніцтва», — заявіў кіраўнік Кіеўскай гарадзкой вайсковай адміністрацыі Сяргей Папко.
На радзіме Зяленскага пацярпелі цывільныя
У Днепрапятроўскай вобласьці Расея абстраляла Крывы Рог, родны горад прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.
Як паведаміў кіраўнік вайсковай адміністрацыі Крывога Рога Аляксандар Вілкул, пашкоджана адно з прамысловых прадпрыемстваў гораду і атрымалі раненьні двое цывільных — 64-гадовая жанчына знаходзіцца ў цяжкім стане, яе шпіталізавалі, 45-гадовы мужчына атрымаў лёгкія траўмы. Выратавальнікі намагаюцца патушыць пажар, які пачаўся пасьля абстрэлу.
Львоўскую і Ровенскую вобласьці атакавалі дронамі
У Львове расейцы выбралі сваёй цэльлю, як і ў Крывым Рогу, інфраструктурнае прадпрыемства. Жыхары пачулі раніцай моцны выбух, але, як патлумачылі ўлады, гэты гук выклікала праца сродкаў супрацьпаветранай абароны.
Мэр горада Андрэй Садавы не ўдакладніў наступстваў для прадпрыемства, але падкрэсьліў, што пацярпелых няма.
На тэрыторыі Ровенскай вобласьці таксама чулі выбухі, але ўлады пераконваюць, што пацэльваньняў і пацярпелых няма.
Расея наносіла ўдары з поўначы і паўднёва-ўсходняга кірунку
У Паветраных сілах Украіны паведамілі, што Расея атакавала Ўкраіну ракетамі з караблёў у Чорным моры, а дронамі — з поўначы і паўднёва-ўсходняга кірунку.
Усяго расейскія войскі выпусьцілі 22 іранскія бесьпілётнікі і шэсьць ракет «Калібар».
«Ня ўсё сёньня ўначы зьбілі, але супрацьпаветраная абарона застаецца эфэктыўнай», — сказаў сьпікер Паветраных сіл Украіны Юры Ігнат у эфіры ўсеўкраінскага телемаратону #UAРазом.
Юры Ігнат удакладніў, што сродкі супрацьпаветранай абароны зьбілі тры крылатыя ракеты і 16 дронаў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.