Прэм’ер-міністар Японіі Фуміё Кісіда і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі пасьля сустрэчы ў Кіеве 21 сакавіка 2023
Цяпер Японія старшынствуе ў «Вялікай сямёрцы», а японскі прэм’ер-міністар Фуміё Кісіда ўпершыню наведаў Украіну ў часе вайны і правёў шэраг сустрэч на вышэйшым узроўні.
Японія і Ўкраіна дамовіліся аб каардынацыі намаганьняў у кантэксьце падрыхтоўкі да саміту G7, які адбудзецца ў японскім горадзе Хірасіма 19-21 траўня.
«Японія вырашыла выдзеліць 470 мільёнаў даляраў у выглядзе новай двухбаковай грантавай дапамогі для энэргетычнага сэктару і іншых галін, а таксама 30 мільёнаў даляраў на пастаўку несьмяротнага ўзбраеньня праз траставы фонд NATO», — паведаміў Фуміё Кісіда 21 сакавіка на прэсавай канфэрэнцыі па выніках візыту ў Кіеў.
З пачатку расейскай вайны ва Ўкраіне Японія далучылася да санкцый Эўразьвязу, Вялікай Брытаніі і ЗША, уведзеных супраць Расеі пасьля яе ваеннага ўварваньня на ўкраінскую тэрыторыю.
Раней Японія абвясьціла аб выдзяленьні 7,1 мільярда даляраў гуманітарнай і іншай дапамогі Ўкраіне. У часе цяперашняга візыту прэм’ер Японіі адзначыў, што краіна будзе ўдзельнічаць у паваенным аднаўленьні Ўкраіны.
Украіну за год расейскага ўварваньня наведала рэкордная колькасьць замежных палітыкаў. Прэм’ер-міністар Фуміё Кісіда завяршыў пералік кіраўнікоў краін G7, якія наведвалі Ўкраіну зь візытам.