Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы ў адказ на перахоп яе самалёта Расеяй у Чорным моры заклікалі да рашучай падтрымкі Ўкраіны


Самалёт L410, ілюстрацыйнае фота
Самалёт L410, ілюстрацыйнае фота

6 траўня расейскі зьнішчальнік Су-35 перахапіў польскі самалёт L410 Turbolet, які выконваў місію ў рамках агенцтва Эўрапейскага зьвязу Frontex.

Самалёт польскай Памежнай службы разам з румынскай Памежнай службай праводзіў патруляваньне ў міжнароднай паветранай прасторы над Чорным морам. Інцыдэнт адбыўся за 60 кілямэтраў на ўсход ад паветранай прасторы Румыніі.

Прэс-сакратар Памежнай службы Польшчы Анна Міхальска, якую цытуе Польскае радыё, паведаміла, што расейскі зьнішчальнік безь ніякай радыёсувязі заляцеў у апэратыўны раён, вызначаны Румыніяй, і пачаў небясьпечныя манэўры:

«Ён тры разы наблізіўся да польскага самалёта без захаваньня бясьпечнай адлегласьці. У выніку згаданых манэўраў расейскі самалёт выклікаў высокі ўзровень турбулентнасьці, а экіпаж польскага самалёта на нейкі час страціў магчымасьць кіраваньня машынай, якая рашуча страціла вышыню. Канчаткова польскі самалёт здолеў выраўнавацца і прызямліцца ў аэрапорце. Расейскі самалёт праляцеў перад самалётам польскай Памежнай службы, перасякаючы яго траекторыю палёту на небясьпечнай адлегласьці каля пяці мэтраў».

Анна Міхальска заявіла, што пра інцыдэнт была паінфармаваная Камісія расьсьледаваньня авіякатастрофаў.

Прэс-сакратар польскага ўраду Пётар Мюлер запэўніў, што Польшча робіць адпаведныя крокі ў гэтай справе:

«Мы прыменім стандартныя дыпляматычныя дзеяньні. Гаворка ідзе пра дыпляматычныя ноты і гэтак далей. Аднак ня будзем падманвацца, Расея не выконвае прынцыпаў міжнароднага права. Дарэчы, мы гэта пастаянна тлумачым нашым заходнім партнэрам: з Расеяй немагчыма размаўляць пра сытуацыю, паколькі яна будзе хлусіць і адмаўляць усё».

Упаўнаважаны польскага ўраду ў бяспецы інфармацыйнай прасторы Станіслаў Жарын лічыць, што інцыдэнт над Чорным морам — чарговая правакацыя Расеі:

«Інцыдэнт з польскім самалётам я ўспрымаю як сур’ёзную расейскую правакацыю, якая паказвае, што Расея зацікаўленая ростам напружанасьці ў адносінах з Захадам. Цягам апошніх дзён гэтыя дзеяньні асабліва накіраваныя супраць Польшчы».

Станіслаў Жарын дадаў, што інцыдэнт, які адбыўся ў пятніцу, меў палітычна-дзяржаўны характар і павінен быць афіцыйна асуджаная міжнароднай супольнасьцю:

«Місія праходзіла ў рамках агенцтва Frontex, таму я думаю, што згаданая арганізацыю зробіць адпаведныя высновы і ажыцьцявіць адпаведныя дзеяньні на міжнародным узроўні».

Апошнім часам дзейнасьць расейскай прапаганды супраць Польшчы характарызуецца беспрэцэдэнтнай агрэсіўнасьцю, лічыць міністар Станіслаў Жарын.

Намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Аркадыюш Мулярчык падкрэсьліў, што адказам на расейскія правакацыі павінна быць рашучая падтрымка Ўкраіны:

«Мы павінны разумець, з кім маем справу. Польскі ўрад ад самага пачатку рашуча падтрымлівае Ўкраіну. Польшча таксама зьяўляецца лідэрам, калі гаворка ідзе пра ініцыяваньне санкцыяў супраць Расеі. Расея гэта бачыць. Інцыдэнт з польскім самалётам — элемэнт гібрыднай вайны, накіраванай ня толькі супраць Польшчы, але таксама супраць транспамежнай супольнасьці».

У сувязі зь дзеяньнямі расейскіх пілётаў Аб’яднаны цэнтар паветраных апэрацый NATO ў Тарэхоне прывёў у стан трывогі два баявыя самалёты вайскова-паветраных сіл Румыніі і два самалёты ВПС Іспаніі, але іх умяшаньне не спатрэбілася.

У Бухарэсьце адзначылі, што «гэты інцыдэнт зьяўляецца яшчэ адным сьведчаньнем правакацыйнага падыходу Расейскай Фэдэрацыі ў Чорным моры». Румынскія ўлады знаходзяцца ў кантакце з Frontex і ўладамі Польшчы для высьвятленьня ўсіх абставін інцыдэнту.

Амбасадар Польшчы ў NATO Томаш Шаткоўскі падкрэсьліў, што правакацыя расейскіх ВПС была накіраваная супраць самалёта, які не зьяўляецца вайсковай машынай, самалёт удзельнічаў у звычайнай місіі патруляваньня ў супрацоўніцтве з румынскай Памежнай службай у апэратыўнай зоне, вызначанай гэтай краінай.

Масква пакуль ніяк не камэнтавала гэтай інфармацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG