Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У кіеўскім гандлёвым цэнтры здарыўся пажар, выкліканы падзеньнем абломкаў украінскага Bayraktar TB2

абноўлена
Атака на Кіеў у ноч з 3 на 4 траўня.
Атака на Кіеў у ноч з 3 на 4 траўня.

Ратавальнікі патушылі пажар у Саломенскім раёне, паведаміў гарадзкі галава Кіева Віталь Клічко.

Пажар адбыўся на першым паверсе чатырохпавярховага будынка гандлёвага цэнтру на плошчы 50 квадратных мэтраў, адзначыў ён.

«У выніку паражэньня абломкаў лятальнага апарата выбуховай хваляй разбураныя дэкаратыўныя вонкавыя элемэнты будынка і шкла на плошчы да 150 квадратных мэтраў. Апорныя канструкцыі не пашкоджаны. Пацярпелых не знайшлі», — дадаў мэр.

Акрамя таго, яшчэ адзін пажар на невялікай плошчы адбыўся з прычыны падзеньня абломкаў бесьпілётніка ў Пячэрскім раёне — па дадзеных гарадзкіх уладаў, у выніку гэтага будынкі і людзі не пацярпелі.

Пазьней Украіна прызнала, што зьбіла ўласны бесьпілётнік.

Такую заяву зрабіла камандаваньне паветраных сіл Украіны.

«4 траўня каля 20 гадзін у Кіеўскай вобласьці, падчас плянавага палёту, страціў кіраваньне БПЛА Bayraktar TB2. Паколькі некантралюемае знаходжаньне БПЛА ў небе сталіцы магло прывесьці да непажаданых наступстваў, было прынятае рашэньне аб прымяненьні разьлікаў мабільных агнявых груп. Цэль — знішчаная! Шкада, але гэта тэхніка, і такія выпадкі бываюць. Верагодна, размова ідзе аб тэхнічнай няспраўнасьці, прычыны высьвятляюцца», — гаворыцца ў заяве камандаваньня.

У гэтай жа заяве сказана, што ахвяр і пацярпелых ад інцыдэнту няма.

Як паведамлялі ўкраінскія ўлады, мінулае ночы Расея атакавала Адэсу і Кіеў дронамі-камікадзэ. Над Кіевам зьнішчылі ўсе дроны, а над Адэсай — 12 з 15. Яны былі зьнішчаныя сіламі супрацьпаветранай абароны і мабільнымі агнявымі групамі. Тры дроны ўдарылі па інтэрнатах адной з навучальных устаноў Адэсы.

Кіраўнік Кіеўскай гарадзкой вайсковай адміністрацыі Сяргей Папко паведаміў, што мінулай ноччу ўкраінская сталіца таксама пацярпела ад балістычных ракетаў, якія зьнішчылі ўкраінскія СПА. У некаторых раёнах зафіксавалі падзеньне абломкаў.

Украінскі бок паведамляў, што на хвастах бесьпілётнікаў, якія нанесьлі ўдар па Адэсе, было напісана «За Маскву» і «За Крэмль».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG