Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я сядзеў і плакаў». Ігар Банцэр пра затрыманьне, кайданкі, дыягназ і стаўленьне да яго польскіх службаў


Ігар Банцэр у псыхіятрычным шпіталі ў Варшаве, травень 2023 году. Фота Ігара Банцэра
Ігар Банцэр у псыхіятрычным шпіталі ў Варшаве, травень 2023 году. Фота Ігара Банцэра

Рок-музыкант з Горадні Ігар Банцэр расказаў Свабодзе пра сытуацыю, пасьля якой яго затрымалі ў Варшаве, ці сапраўды ён кідаўся крэсламі, колькі прабудзе ў лякарні і чым адрозьніваюцца псыхіятрычныя шпіталі ў Беларусі і Польшчы.

«Скончылася тым, што я сядзеў і плакаў»

Ігар Банцэр трапіў у псыхіятрычную клініку ў Варшаве. Ён там знаходзіцца прымусова і прабудзе ў лякарні сама меней тры тыдні. Са словаў Банцэра, яму ўжо выставілі псыхіятрычны дыягназ і пачалі лячыць.

«Мяне затрымалі за тое, што я Банцэр: што я выглядаю так, як выглядаю, маю добра пастаўлены голас, і, калі размаўляю, людзям здаецца, што я крычу. Людзі вельмі часта прымаюць маю экспрэсію за агрэсію», — кажа музыка.

Як расказаў Банцэр, гісторыя пачалася каля 8-й гадзіны ранку 27 красавіка празь непаразуменьне. Ён прыйшоў у Цэнтар дапамогі сям’і ў Варшаве па кансультацыю. Банцэр хацеў узяць да сябе на працу сябра. Музыка зарэгістраваўся ў Польшчы індывідуальным прадпрымальнікам, арганізоўвае культурныя імпрэзы, канцэрты, як і ў Беларусі.

Ігар Банцэр пасьля зьняволеньня, сьнежань 2021 году, архіўнае фота
Ігар Банцэр пасьля зьняволеньня, сьнежань 2021 году, архіўнае фота

Пытаньне было ў тым, што сябар Ігара Банцэра ў Беларусі меў першую групу інваліднасьці, а ў Польшчы яму далі менш цяжкую і ў выніку ён згубіў «бонусы ад дзяржавы»: розныя льготы і выплаты. Да таго ж і Банцэру было б больш выгадна браць на працу чалавека зь першай групай інваліднасьці. У Цэнтры ён хацеў даведацца, як легальна сябар можа адстойваць свае правы ў Польшчы.

Са словаў Банцэра, ён прыйшоў у Цэнтар, узяў квіток у электроннай чарзе і падышоў да акенца. Супрацоўніца не зразумела, чаго ён хоча, хаця беларус гаварыў па-польску і паўтараў ёй па 3-4 разы. Прасіў у яе аркуш паперы, каб запісваць ейныя тлумачэньні, аднак яна не дала. Ігар канстатаваў, што ня можа зь ёй дамовіцца, адышоў ад акенца і ўзяў новы талён, каб трапіць на кансультацыю да іншага работніка Цэнтру.

Ігар Банцэр зьбіраецца на «хімію», чэрвень 2021 году, архіўнае фота
Ігар Банцэр зьбіраецца на «хімію», чэрвень 2021 году, архіўнае фота

У гэты момант, са словаў Ігара, міма праходзіла кіраўніца Цэнтру. Яна таксама паспрабавала разабрацца з пытаньнямі музыканта. Урэшце выклікала псыхоляга Цэнтру. Але знайсьці агульную мову ні з кім зь іх у Банцэра не атрымалася.

«Яны не давалі мне сказаць. Яны мяне перарывалі і казалі, што я іх не разумею. Я казаў: „Чаму я не разумею? Давайце крок за крокам“. Яны ўсе сьпяшаліся, ва ўсіх справы. Скончылася тым, што я сядзеў і плакаў. Мяне эмоцыі так перапоўнілі, што я расплакаўся. Яны вырашылі, што ў мяне ці эмацыйны зрыў, ці я нейкі псых, ці крымінальнік, бо ў мяне тату», — падзяліўся сваім бачаньнем сытуацыі музыка.

«Затрымлівалі чатыры паліцэйскія пад два мэтры, надзелі кайданкі»

У Цэнтар выклікалі хуткую дапамогу і паліцыю.

«Мяне чатыры паліцыянты вывелі на вуліцу, заламалі рукі, надзелі кайданкі — і мордай у сьцяну. Яны думалі, што я „абдзяўбаны“ і што я маньяк-забойца. Там былі такія дужыя хлопцы пад два мэтры. Але я сябе абсалютна агрэсіўна не паводзіў. Паліцыя напісала ў паперах, што я лаяўся матам і кідаўся крэсламі. Гэтага не было, бо я ня псых і крэсламі ня кідаюся», — расказаў Ігар.

Ён адмовіўся размаўляць з паліцыяй. Заявіў, што пагодзіцца, калі прыедзе ягоны адвакат. Аднак той здолее наведаць свайго падабароннага толькі пасьля вялікіх выходных, якія скончацца ў Польшчы 4 траўня.

Ігар Банцэр у псыхіятрычным шпіталі ў Варшаве, травень 2023 году
Ігар Банцэр у псыхіятрычным шпіталі ў Варшаве, травень 2023 году

Банцэр мяркуе, што паліцыянты парушылі ягоныя правы, бо не прадставіліся, не папярэдзілі, што ў дачыненьні да яго будуць праводзіць нейкія дзеяньні, яму афіцыйна не назвалі прычыну затрыманьня, не папярэдзілі пра відэаздымку ўсяго працэсу. Таму ён хоча зьвяртацца ў суд.

«Гэта будзе гучны кейс», — абяцае Банцэр.

Хуткая дапамога, наколькі ён ведае, таксама запісала ў сваіх паперах, што Ігар паводзіў сябе агрэсіўна. Аднак яму афіцыйна пра гэта не сказалі.

Банцэра правяралі на ўжываньне алькаголю і наркотыкаў. Дзьмухнуў у трубку — паказала, што нуль алькаголю. Здаў мачу на наркотыкі, але вынік яму не сказалі. Банцэр заяўляе, што даўно не ўжывае алькаголь, ня курыць, наркотыкаў таксама не прымае.

У Беларусі дыягназу не было

Урэшце музыканта прывезьлі ў псыхіятрычны шпіталь у Варшаве на вуліцы Нававейскай, 27. Першы дзень ён знаходзіўся ў шпітальным карцары, у ізаляцыі. Потым яго перавялі ў агульную палату ў аддзяленьні памежных разладаў.

Ігар Банцэр ладзіць стэнд-ап у удовай залі перад пачаткам разгляду ягонай апеляцыі ў Горадзенскім абласным судзе, 2021 год, архіўнае фота
Ігар Банцэр ладзіць стэнд-ап у удовай залі перад пачаткам разгляду ягонай апеляцыі ў Горадзенскім абласным судзе, 2021 год, архіўнае фота

Банцэр расказаў Свабодзе, што неафіцыйна ён ведае, які дыягназ яму паставілі — шызападобны разлад. Гэта не шызафрэнія. Паводле Міжнароднай клясыфікацыі хваробаў, гэты разлад можа праяўляцца ў эксцэнтрычных паводзінах, неадэкватных эмацыйных рэакцыях, схільнасьці да сацыяльнай ізаляцыі, незвычайных ідэях.

У Беларусі Банцэру ня ставілі псыхіятрычных дыягназаў. Ён быў на прымусовым абсьледаваньні ў Навінках падчас крымінальнага перасьледу. Лекары выдалі заключэньне: здаровы.

Ігару прызначылі лячэньне: ранкам і ўвечары яму даюць некалькі таблетак. Ён ведае, што прынамсі некаторыя зь іх маюць заспакаяльнае дзеяньне. Некаторых агрэсіўных пацыентаў у шпіталі прывязваюць, робяць ім іньекцыі. Зь Ігарам такіх працэдур не праводзяць. Ён знаходзіцца ў шпіталі прымусова, ня можа выходзіць на вуліцу. Наколькі ён ведае, лячэньне працягнецца мінімум тры тыдні.

«Афіцыйна ніхто нічога не паведаміў: чаму забралі, навошта. Гэта парушэньне заканадаўства», — перакананы Банцэр.

Музыка плянуе падаваць у суд таксама на мэдыкаў, якія яго трымаюць у шпіталі і нічога не тлумачаць.

«Я бачу тут, як людзі крычаць па начах, як ператвараюцца ў гародніну»

Цягам дня ў шпіталі Ігар можа займацца сваімі справамі. На другі дзень яму вярнулі тэлефон. Ён можа заходзіць у інтэрнэт. Дазволілі наведваньні. Сябар прынёс яму пачытаць кнігу Шчэпана Твардаха «Кароль». У лякарні можна глядзець тэлевізар, наведваць танцы, заняткі па арт-тэрапіі, сэансы з псыхолягам і псыхіятрам.

Ігар Банцэр у судзе на дзясяты дзень «сухой галадоўкі», сакавік 2021 году, архіўнае фота
Ігар Банцэр у судзе на дзясяты дзень «сухой галадоўкі», сакавік 2021 году, архіўнае фота

Цяпер Ігар трымаецца вэганскай дыеты. У шпіталі яго кормяць паводле адпаведнага мэню. Праўда, вячэра надта рана — а 17-й гадзіне, таму пацыент застаецца троху галодным. У Беларусі ён ня мог атрымаць нават вэгетарыянскае мэню ў закрытых установах: ізалятары, турме, псыхіятрычным шпіталі.

«Частка людзей знаходзяцца тут па ўласным жаданьні. Ляжыць дзяўчына, якая тут дзясяты раз, але на выходныя яе адпусьцілі пагуляць у горад. Бываюць цяжкія станы, калі людзі агрэсіўныя, іх прывязваюць і робяць уколы. Я бачу тут, як людзі крычаць па начах, як ператвараюцца ў гародніну. Але гэта я бачыў і ў Беларусі», — расказвае суразмоўца.

Ігар Банцэр пасьля галадоўкі і выхаду зь СІЗА, 2021 год, архіўнае фота
Ігар Банцэр пасьля галадоўкі і выхаду зь СІЗА, 2021 год, архіўнае фота

Паводле Ігара Банцэра, у польскай лякарні лепшыя ўмовы, чым у беларускай.

«Стаўленьне абсалютна іншае. Відаць, што Польшча зрабіла велізарны крок наперад, што яна зьяўляецца часткай Эўразьвязу. Стаўленьне нават да мяне зьмянілася. Мне прапісалі лекі і супакоіліся, што я ня буду бегаць і нікога не заб’ю», — расказвае музыка.

У польскім шпіталі ёсьць магчымасьць камунікаваць са сьветам: тэлефанаваць, карыстацца інтэрнэтам, адведваць пацыента. Ёсьць вэганскае мэню.

«Дыскамфорту я не адчуваў, калі выключыць, як асабіста да мяне паставіліся. Усе параўнаньні на карысьць польскага шпіталя», — кажа Ігар.

Свабода зьвярнулася па камэнтар да польскай паліцыі з пытаньнямі пра абставіны затрыманьня Ігара Банцара. Адказу на яго пакуль няма.

  • Ігар Банцэр — горадзенскі музыкант, лідэр гурту «Mister X». Падчас пратэстаў 2020 году станцаваў без штаноў перад машынай міліцыянта. Больш за год правёў за кратамі. На знак пратэсту трымаў «сухую» галадоўку цягам 16 дзён. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем. 18 кастрычніка 2022 году прыехаў у Польшчу. У Варшаве працягвае займацца музычнай дзейнасьцю. Банцэру 43 гады. Жанаты, мае трое дзяцей.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG