Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што ўтойвае Мінздароўя і што можа зьмяніць грамадзянскі маніторынг ад «Белых халатаў» і Фонду мэдсалідарнасьці


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Беларускі фонд мэдычнай салідарнасьці, ініцыятывы «Белыя халаты» і Zubr.in распачынаюць грамадзянскі маніторынг сыстэмы аховы здароўя ў Беларусі. Галоўная мэта — мець дакладную інфармацыю пра тое, што адбываецца ў беларускай мэдыцыне. Чаму гэтая інфармацыя неабходная і як яе можна атрымліваць, пагаварылі з каардынатаркай Беларускага фонду мэдычнай салідарнасьці Лідзіяй Тарасенкай.

«Амаль усё, што кажа беларускае Міністэрства аховы здароўя, — гэта хлусьня ці недагаворкі»

— Што падштурхнула мэдыкаў, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь, да ідэі маніторынгу сытуацыі ў мэдыцыне і сыстэме аховы здароўя?

Лідзія Тарасенка
Лідзія Тарасенка

— Грамадзтва павінна мець дакладную інфармацыю пра тое, што адбываецца ў ахове здароўя Беларусі. Бязь ведаў пра захворваньне, сьмяротнасьць, пабочныя эфэкты немагчыма ацаніць эфэктыўнасьць любых лекаў, прафіляктычных захадаў або вакцын, немагчыма адэкватна плянаваць і разьмяркоўваць рэсурсы.

Аналізуючы дадзеныя пра вынікі лячэньня пацыентаў, пастаўшчыкі мэдычных паслуг могуць вызначыць сфэры, дзе патрабуецца ўдасканаленьне, і распрацаваць стратэгіі для павышэньня якасьці мэдычнага абслугоўваньня. Статыстыка аховы здароўя забясьпечвае аснову для падсправаздачнасьці, дазваляючы пастаўшчыкам мэдычных паслуг ацэньваць сваю працу і параўноўваць яе з эталёнамі і стандартамі.

— Якая інфармацыя пра становішча ў мэдыцыне цяпер даступная звонку, былым беларускім мэдыкам, якія спрабуюць адсочваць сытуацыю? Статыстыка сьмяротнасьці? Прычыны сьмяротнасьці? Даступнасьць лекаў? Пабочныя эфэкты ад вакцынацыі? На якія афіцыйныя дадзеныя можна абапірацца, каб уяўляць, што адбываецца ў сыстэме аховы здароўя?

— Інфармацыя вельмі ўрыўкавая, а яшчэ яна недакладная. Амаль усё, што кажа беларускае Міністэрства аховы здароўя, — гэта хлусьня ці недагаворкі, вельмі важна пра гэта памятаць. Ім сышла з рук хлусьня пра эпідэмію COVID-19, яны працягваюць чыніць тое ж і цяпер. Праблема яшчэ і ў тым, што па многіх парамэтрах статыстыкі проста не існуе.

Калі кожны лекар ведае, што, паказаўшы рэальныя лічбы сьмяротнасьці або нізкага ахопу вакцынацыяй, ён атрымае спагнаньне аж да звальненьня, то будуць фальсыфікацыі на ўсіх узроўнях, пачынаючы з паліклінік, і мы ніколі не даведаемся, колькі вакцын уведзена, а колькі выліта ў ракавіну.

Таму мы можам разьлічваць толькі на частку рэальнай карціны. Мы дакладна ня можам давяраць афіцыйным зьвесткам і павінны сабраць столькі дакладнай інфармацыі, колькі зможам. Гэта важна, каб ня страчваць сувязь з рэальнасьцю, каб было на што абапірацца, калі рэжым падзе.

«Мы бачым, як скарачаецца колькасьць мэдпэрсаналу, растуць чэргі на абсьледаваньні і лячэньне, дэфіцыт мэдыкамэнтаў»


— Як бы вы ахарактарызавалі працу Міністэрства аховы здароўя за апошнія тры гады?

— Сёньня ў ахове здароўя Беларусі поўны дэфолт права. Дзяржаўны апарат у асобе чыноўнікаў усіх узроўняў узмоцнена займаецца прафанацыяй, радасна рапартуючы пра суботнікі, адпраўляючы чарговыя праверкі ў бальніцы і паліклінікі, укараняючы ў практыку антынавуковыя мэтады, напрыклад, тэставаньне па Фолю.

(Пры тэставаньні па Фолю для пастаноўкі дыягназу выкарыстоўваюца вынікі вымярэньня электрычнага супраціўленьня скуры на пальцах рук і ног. Даказана, што гэты мэтад неэфэктыўны, а ў некаторых краінах, напрыклад, ЗША, за яго выкарыстаньне пагражае крымінальнае пакараньне.)

У той жа час людзі, якія кіруюць аховай здароўя сёньня, — гэта тыя ж самыя людзі, якія хлусілі, што ковіду няма, не выдавалі мэдработнікам сродкі індывідуальнай абароны (халаты, маскі). Цяпер з усіх сіл яны імкнуцца абяліць сваю рэпутацыю і зрабіць выгляд, што клапоцяцца аб здароўі нацыі.

А ў разгар ковіду ў Міністэрстве аховы здароўя фізычна зачынілі дзьверы, адключылі тэлефоны і не выходзілі на сувязь з мэдработнікамі. Пры гэтым мы бачым, як скарачаецца колькасьць мэдпэрсаналу, растуць чэргі на абсьледаваньні і лячэньне, дэфіцыт мэдыкамэнтаў. На жаль, мы ўсё часьцей застаёмся сам-насам са сваімі праблемамі.

— Вядома, што ў кожнай мэдычнай установе зьявілася пасада намесьніка дырэктара — ідэоляга. У некаторых шпіталях яна называецца «па рэжыме і кадрах», у некаторых інакш. Гэтыя людзі, збольшага сілавікі ў адстаўцы, вырашаюць кадравыя пытаньні, і празь іхную працу не агучваюцца праблемы з абсталяваньнем, лекамі, кадрамі, ад якіх наўпрост залежаць вынікі лячэньня. Дактары, якія працуюць, ня могуць кантактаваць зь незалежнымі СМІ, якія знаходзяцца за мяжой і прызнаныя «экстрэмісцкімі». Запалоханыя і пацыенты. Якія могуць быць спосабы атрымліваць інфармацыю непасрэдна зь месцаў?

— Мы ведаем, што цяпер вельмі мала магчымасьцяў узьдзейнічаць на сытуацыю ўнутры краіны, але яны ёсьць, і ня варта імі грэбаваць. А калі ў Беларусі нарэшце памрэ рэжым, то грамадзтву трэба будзе вельмі хутка зарыентавацца і прымаць рашэньні на падставе канкрэтных дадзеных, а не інтуітыўна ці на падставе папулісцкіх заяваў. Мы разумеем, што ня зможам узнавіць поўную карціну таго, што адбывалася ў ахове здароўя, але нават частка гэтага пазла — значна лепш, чым нічога.

Мы зьбіраем і сыстэматызуем інфармацыю, якая тычыцца аховы здароўя Беларусі, на падставе гэтага мы правядзём аналіз і зможам даць аб’ектыўную характарыстыку парамэтраў, якія будзем ацэньваць. Мы хочам ня толькі знайсьці разрозьненыя факты і лічбы, ня толькі аднойчы расказаць у навінах пра тое, як нам хлусяць; мы хочам ведаць, што менавіта адбываецца з нашай аховай здароўя, захаваць інфармацыю ва ўпарадкаваным выглядзе і выкарыстоўваць яе для прыняцьця рашэньняў у далейшым.

Мы ведаем, што ўжо няма сіл, і невядома, калі гэта ўсё скончыцца, але дыктатуры вельмі недаўгавечныя, яны хутка разбураюцца, і каб на зьмену старому рэжыму не прыйшоў такі ж новы, нам трэба рыхтавацца ўжо цяпер. Вельмі важна дапамагчы беларусам даведацца праўду і сабраць праўдзівую інфармацыю для прыняцьця рашэньняў у будучыні.

Чаму ў Беларусі паказчык сьмяротнасьці ад вострага панкрэатыту — адзін з самых нізкіх у сьвеце

— Я прывяду адзін канкрэтны прыклад, як можна хаваць статыстыку. У свой час былы дырэктар РНПЦ «Кардыялёгія» Аляксандар Мрочак выказаўся, якім чынам магла быць заніжаная статыстыка сьмяротнасьці ад каранавірусу ў Беларусі — праз тое, што памерлым ад лёгачнай недастатковасьці, зьвязанай з каранавіруснай інфэкцыяй, маглі ставіць дыягназ «ішэмічная хвароба сэрца». Што вам вядома пра падобныя маніпуляцыі са статыстыкай у мэдыцыне?

— На жаль, маніпуляцыі паўсюль, так было, колькі я сябе памятаю. Проста ў сытуацыі з COVID-19 гэта стала абуральным. У нас, напрыклад, паказчык сьмяротнасьці ад вострага панкрэатыту — адзін з самых нізкіх у сьвеце, і прычына ня ў тым, што мы неяк геніяльна навучыліся яго лячыць, а ў тым, што гэты паказчык «даводзіцца» зьверху, і яго невыкананьне пагражае рэпрэсіямі. Таму ўсе паміраюць ад хранічнага. Сапраўды, лепш закруціць гайкі і забараніць паміраць, чым зрабіць што-небудзь з галоўнай прычынай вострага панкрэатыту — ужываньнем алькаголю.

— Якім чынам вы можаце зьбіраць інфармацыю? Як гэта рабіць бясьпечна тым, хто захоча ёю з вамі падзяліцца?

— Мы ня хочам, каб праз дапамогу нам людзі апынуліся ў небясьпечнай сытуацыі. На нашым сайце даступная інфармацыя, як можна дапамагчы найбольш бясьпечна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG