Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наколькі мала маіх калег засталося ў краіне». Апошняя частка падкаста «Доктар Мартаў. На вайне з COVID-19»


«Маё звальненьне стала проста эпізодам у працэсе дэградацыі сыстэмы». Падкаст «На вайне з COVID-19». Апошняя частка

Два гады таму, 7 і 8 студзеня 2021 году, у рэанімацыі Віцебскага шпіталя хуткай дапамогі тройчы на працяглы час спынялася падача кіслароду. Усе пацыенты хірургічнага корпусу, залежныя ад кіслароду, памерлі за некалькі дзён. Чаму гэта адбылося і ці можна было перадухіліць катастрофу? Чаму папраўдзе звольнілі Мартава? Гэтаму прысьвечаны 3-і сэзон падкасту «Доктар Мартаў. На вайне з COVID-19».

У апошнім выпуску вы пачуеце:

  • Інтэрвію ў кватэры-студыі ў Менску ў «шпіёнскіх» традыцыях.
  • Выснова камісіі Мінздароўя: бяз Мартава ў шпіталі стане лепей.
  • Як звальнялі бацьку доктара Юрыя Мартава за канфлікт з Косінцам.
  • Доктар пераяжджае жыць у вёску.
  • Апошнія лекцыі на катэдры трансплянталёгіі ў Менску.
  • У шпіталі хуткай дапамогі пачалася рэканструкцыя кіслароднай сыстэмы. Ці перамог Мартаў?

«...І вось цяпер, вярнуўшыся да высновы камісіі Мінздароўя («Бяз Мартава стала лепш») я задаў сабе пытанне: а каму? Каму стала лепш пасьля майго звальненьня з БХМД? Пацыентам? Не! Падначаленым і калегам? Таксама не! Тады, можа, адміністрацыі? — Вось! Так! Гэта значыць, калі задачай Міністэрства аховы здароўя зьяўляецца спакой адміністрацый розных узроўняў, тады ўсё слушна! Слушна звольнілі мяне і слушна звольнілі з мэдунівэрсытэту майго бацьку 20 гадоў таму!

Калегі, зь якімі я працаваў, абураліся маім звальненнем, але працягвалі працаваць, плаціць прафсаюзныя ўнёскі, пазьней вярнуліся суботнікі і ўнёскі ў Чырвоны Крыж. Хтосьці (адзінкі) на знак салідарнасьці перайшоў на працу на адну стаўку. Але ў цэлым маё звальненне ня стала праблемай для ўлады. «Бяз Мартава» сапраўды стала лепш, спакайней».

Што трэба ведаць пра падкаст доктара Мартава

Хто такі Ўладзімер Мартаў

Доктар-рэаніматоляг Уладзімер Мартаў шмат гадоў быў загадчыкам аддзяленьня анэстэзіялёгіі і рэанімацыі Віцебскай лякарні хуткай дапамогі. Адным зь першых у Беларусі ён адкрыта расказаў пра рэальную сытуацыю з каранавірусам. Вясной 2021 году з доктарам не працягнулі кантракту, бо ён адкрыта гаварыў аб праблемах у мэдыцыне і ў краіне.

У лютым 2022 году Мартава арыштавалі на 7 дзён за бел-чырвона-белы сьцяжок на аватарцы ў Facebook. Празь некалькі месяцаў доктар быў вымушаны часова выехаць зь Беларусі.

Пра што падкаст «Доктар Мартаў. На вайне з COVID-19»

Першы сэзон падкасту «Доктар Мартаў. На вайне з COVID-19» быў прысьвечаны пачатку пандэміі каранавірусу ў сакавіку 2020 году. Што адбывалася ў рэанімацыі віцебскага шпіталя, як паміралі пацыенты і мэдыкі, як фальшавалі каранавірусную статыстыку — у сямі частках першага сэзону.

Другі сэзон падкасту прысьвечаны другой хвалі каранавірусу ў Беларусі, якая супала зь мірнай рэвалюцыяй пасьля фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і брутальных рэпрэсіяў уладаў. Мэдыкі Беларусі сталі значнай і заўважнай часткай мірнага пратэсту. Драматычная падзеі жніўня-сьнежня 2020-га — у сямі частках другога сэзону.

Трэці сэзон падкасту прысьвечаны трагічным падзеям у Віцебскім шпіталі хуткай дапамогі ў студзені 2021 году, якія правялі да сьмерці хворых на каранавірус пацыентаў. Што адбылося насамрэч? Чаму звольнілі загадчыка аддзяленьня анэстэзіялёгіі і рэанімацыі Ўладзімера Мартава? Пра сапраўдныя прычыны катастрофы расказвае сам доктар у чатырох частках трэцяга сэзону.

Як слухаць падкаст доктара Мартава

Наш падкаст дасяжны на ўсіх папулярных падкаст-плятформах і ня толькі. Для зручнасьці мы сабралі для вас наўпроставыя спасылкі. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Што такое падкаст?

Падкаст — гэта аўдыёпраграма, якую можна спампаваць і слухаць у інтэрнэце. Як і радыёперадачы, падкасты часта дзеляцца на цыклі, сэзоны, асобныя часткі і могуць быць прысьвечаныя канкрэтнай тэме. Але гэта нашмат зручней за радыё, бо вы можаце слухаць іх у любы час і на любой зручнай для вас прыладзе і лічбавай плятформе.

Каб карыстацца мабільнымі падкаст-сэрвісамі, неабходна ўсталяваць іх на ваш смартфон. Калі вы падпісаліся на наш падкаст, аплікацыя сама паведаміць аб зьяўленьні новага выпуску.

Усе падкасты Свабоды тут

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG