Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна ўступіць у NATO. Што далей?


Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і генеральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг (зьлева). Кіеў, 20 красавіка 2023
Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і генеральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг (зьлева). Кіеў, 20 красавіка 2023

Палітычнае рашэньне аб уступленьні Ўкраіны ў NATO прынятае. «Усе саюзьнікі па NATO згодныя з тым, што Ўкраіна стане членам альянсу», — заявіў генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг па выніках паседжаньня 11-й сустрэчы кантактнай групы па Ўкраіне на авіябазе Рамштайн у Нямеччыне.

Якія наступствы гэта можа мець для Беларусі і для ўсяго рэгіёну Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропы?

Сьцісла:

  • Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў: «Пуцін хацеў фінляндызацыі Эўропы, а атрымае NATOізацыю».
  • Вайна запусьціла працэс інтэграцыі Ўкраіны ў ЭЗ і NATO. Цяпер гэта пытаньне часу.
  • Краіны Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы заклікалі да ўзмацненьня вайсковай прысутнасьці ЗША ў гэтым рэгіёне.
  • Цяпер у рэгіёне ня будзе «шэрых зон», то бок ня будзе краін, якія захоўваюць нэўтральны статус.
  • Для Беларусі гэта будзе вельмі драматычны выбар, бо ён паглыбіць беларускі раскол.

Можна меркаваць, што гэтае рашэньне, прынятае на нямецкай авіябазе, стане важным пунктам біфуркацыі, пачаткам геапалітычнага павароту, пунктам адліку ў працэсе стварэньня новай сыстэмы бясьпекі ў рэгіёне.

Нагадаю, што ў тым ультыматуме, які Крэмль выставіў у адрас Захаду перад пачаткам вайны, было патрабаваньне вярнуць межы NATO на ўзровень 1997 году. То бок адкруціць назад прыём у альянс ня толькі краін Балтыі, але і Польшчы, Чэхіі, Славаччыны, Румыніі і іншых дзяржаў.

Мінуў год з пачатку вайны. Яе вынікам ужо стала хуткае пашырэньне NATO на ўсход. У альянс уступіла Фінляндыя. Цягам некалькіх месяцаў чальцом NATO стане Швэцыя. З гэтай нагоды прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў:

«Пуцін хацеў фінляндызацыі Эўропы, а атрымае NATOізацыю».

Пачынаючы сваю агрэсію, Крэмль тлумачыў, што адной з галоўных мэтаў вайны зьяўляецца імкненьне не дапусьціць уступленьня Ўкраіны ў NATO і ўвогуле заблякаваць яе інтэграцыю ў эўраатлянтычныя структуры. Нагадаю, што падставай для другога Майдану і ўмяшаньня Расеі ва ўкраінскія справы стала пытаньне аб падпісаньні дамовы аб асацыяцыі Украіны з ЭЗ у 2013 годзе.

Што маем праз год пасьля пачатку расейскай агрэсіі? Вайна запусьціла працэс інтэграцыі Ўкраіны ў ЭЗ і NATO. Цяпер гэта пытаньне часу. Можна меркаваць, што на саміце NATO, які пройдзе ў сталіцы Літвы Вільні 11-12 ліпеня, пытаньне аб уступленьні Ўкраіны ў Паўночнаатлянтычны альянс будзе пераведзена ў практычную плашчыню. Уладзімера Зяленскага ўжо запрасілі на гэты саміт.

Без вайны шанцу на хуткае ўступленьне Ўкраіны ў ЭЗ і NATO не было б. То бок Расея атрымала вынік, супрацьлеглы таму, да якога імкнулася.

Ёсьць і іншыя наступствы для рэгіёну, да якіх прывяла вайна Расеі супраць Украіны. Міністры замежных спраў «Бухарэсцкай дзявяткі» (аб’яднаньне дзевяці краін Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, створанае для паглыбленьня вайсковага супрацоўніцтва паміж краінамі ўсходняга флянгу NATO) заклікала да ўзмацненьня вайсковай прысутнасьці ЗША ў краінах Усходняй Эўропы.

Міністар замежных спраў Эстоніі Урмас Рэйнсалу прапанаваў ануляваць Аснаватворны акт Расея — NATO 1997 году, што адкрые шлях да разьмяшчэньня вайсковых базаў NATO і ЗША ў краінах Усходняй Эўропы ўжо не на ратацыйнай, а на пастаяннай аснове.

Рашэньне аб разьмяшчэньні ў Беларусі расейскай ядзернай зброі — гэта таксама адно з наступстваў вайны.

Адмыслоўцы робяць яшчэ адну важную выснову: цяпер у рэгіёне ня будзе «шэрых зон», то бок ня будзе краін, якія захоўваюць нэўтральны статус, імкнуцца выконваць ролю нейкага пасярэдніка, «моста» паміж Усходам і Захадам. Усе краіны рэгіёну павінны будуць зрабіць жорсткі выбар на карысьць таго ці іншага вайскова-палітычнага блоку. Украіна ўжо яго зрабіла. На чарзе Малдова. І, зразумела, Беларусь.

Можна запярэчыць, што Беларусь таксама зрабіла свой выбар. І ён на карысьць Расеі. Але гэта выбар не Беларусі як дзяржавы, не беларускага грамадзтва. Гэта выбар Лукашэнкі.

Таму беларускі выбар яшчэ наперадзе. І гэта будзе вельмі драматычным рашэньнем. Драма палягае ў тым, што беларускае грамадзтва моцна расколатае ў пытаньні геапалітычнай арыентацыі. Да таго ж вялізная (калі не пераважная) частка насельніцтва імкнецца альбо інтэгравацца адначасова і з Расеяй, і з Захадам, альбо захоўваць нэўтралітэт. Але так не атрымаецца. Тут ня варта мець нейкіх ілюзій. А неабходнасьць рабіць жорсткі выбар яшчэ больш паглыбіць беларускі раскол.

Украіна пераадолела падобны раскол і зрабіла-такі выбар пад узьдзеяньнем расейскай агрэсіі. Будзем спадзявацца, што Беларусі ўдасца пазьбегнуць падобнага моцнага сацыяльнага стрэсу.

Пуцін назваў распад СССР найбуйнейшай геапалітычнай катастрофай. Мяркую, што ўступленьне Ўкраіны ў NATO магчымае толькі ў выніку падзей, якія будучыя расейскія гісторыкі, напэўна, назавуць новай геапалітычнай катастрофай. То бок вельмі цяжкай паразы Расеі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG