Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не вучыце нас з-за акіяну!» Чаму эмігрантаў нельга пазбаўляць права голасу


Асацыяцыя салідарнасьці беларусаў Амэрыкі ў ЗША. Архіўнае фота
Асацыяцыя салідарнасьці беларусаў Амэрыкі ў ЗША. Архіўнае фота

Пазбавіць эмігрантаў права выказвацца пра беларускія актуаліі, даваць ацэнкі ўладам (а таксама яе апанэнтам) азначала б цалкам выключыць альтэрнатыўную ацэнку, пакінуць жыхароў Беларусі сам-насам з афіцыйнай прапагандай.

Днямі вядомы беларус, які ўжо больш як тры дзесяцігодзьдзі жыве ў Злучаных Штатах, у адным з незалежных выданьняў дазволіў сабе некалькі фразаў з ацэнкай падзеяў 2020 году (падчас якіх сам у Беларусі ня быў):

«Я спадзяваўся, што ёсьць нейкі плян перамогі, а быў толькі плян паразы. Калі мы думаем, што кроў палеглых толькі на руках рэжыму, — гэта памылка. Кроў і на руках тых, хто гэтыя пратэсты здаў».

Выказваньне выклікала прыкметную дыскусію аб тым, ці маюць эмігранты маральнае права на такія павучаньні, ацэнкі і высновы.

Выказаная ацэнка рэзкая, але нельга сказаць, каб у ёй было нешта новае: падобнае гаворыцца рознымі карыстальнікамі сацыяльных сетак ледзь не штодня. Гучаць такія выказваньні і ад некаторых грамадзкіх дзеячаў. І ў гэтым няма нічога надзвычайнага: беларусы яшчэ доўга будуць асэнсоўваць тое, што адбылося тры гады таму. Хіба што экспрэсіўнасьць высноў будзе рознай, але тое ўжо залежыць ад характару таго, хто выказваецца.

«Не вучыце нас з-за мяжы!»

Зьдзівілі камэнтары і закіды ў бок аўтара выказваньня. І што зьехаў тады, калі Лукашэнкам «і ня пахла», і што «памяняў Беларусь на ўласны дабрабыт», і што мае нахабства «з-за акіяну вучыць».

Хтосьці, праўда, напісаў, што ён некалі выходзіў са сваімі песьнямі на плошчы, калі камэнтатары «яшчэ на гаршку сядзелі», але крытыкі і кпінаў гэта не спыніла.

Камэнтатар, які напісаў пра «гаршчок», меў рацыю: гэты бард быў у ліку (ці ўжыву нават штамп: у першых шэрагах) тых у сваім пакаленьні, хто яшчэ на пачатку 1980-х гадоў клапаціўся пра захаваньне нацыянальных каштоўнасьцяў і пачаў гаварыць пра пэрспэктыву незалежнай Беларусі — разам зь Вінцуком Вячоркам, Сяргеем Дубаўцом, Ігарам Герменчуком, Віктарам Івашкевічам, Алесем Бяляцкім (папярэднічала ім у гэтым пакаленьне Лявона Баразны, Зянона Пазьняка, Алеся Разанава, Яўгена Куліка). Ён зьбіраў подпісы за адкрыцьцё беларускіх клясаў, браў удзел у стварэньні БНФ, а адна зь ягоных песьняў справядліва лічылася неафіцыйным гімнам Народнага фронту...

Думаю, чытачы старэйшага пакаленьня здагадаліся, што гаворка пра Сержука Сокалава-Воюша, які стаяў ля вытокаў таго самага руху, які прывёў Беларусь да незалежнасьці — большасьць камэнтатараў, упэўнены, тады яшчэ не нарадзіліся, а бацькі многіх зь іх, цалкам магчыма, ніякай палітычнай ды грамадзкай актыўнасьці ў тыя часы не праяўлялі.

Хацеў было напісаць, што ўжо адно гэта дае яму права выказваць ацэнкі сучасных падзеяў у Беларусі, але падумаў, што такое сьцьвярджэньне ня будзе цалкам слушным. Бо права даваць ацэнкі належыць кожнаму — незалежна ад ягонага асабістага ўдзелу ці няўдзелу ў мітынгах, пікетах, зборах подпісаў, увогуле ў якіх заўгодна формах палітычнай грамадзянскай актыўнасьці.

І ўжо абсалютна недарэчнай бачыцца спроба пазбавіць «права голасу» тых, хто жыве за мяжой. І ня важна, якія прычыны (палітычныя, эканамічныя ці нейкія асабістыя) прымусілі чалавека пакінуць Бацькаўшчыну.

Калі 600-тысячны «атрад» можа памыляцца

Ня буду спрачацца: эміграцыя, увогуле доўгае знаходжаньне па-за радзімай прытупляе ўспрыманьне падзеяў, якія ў ёй адбываюцца, хаця б з тае прычыны, што чалавек жыве ў іншых умовах, ня ведае ўсіх дэталяў (у якіх, як кажа показка, часам і «хаваецца д’ябал»). Гэта сапраўды так.

Але праўда і тое, што адлегласьць (як геаграфічная, гэтак і часавая) дазваляе больш аб’ектыўна ацаніць падзеі. А ва ўмовах, калі на гістарычнай радзіме адсутнічае свабода слова, — выказаць самае галоўнае.

Клясычны прыклад зь беларускай гісторыі: цягам дзесяцігодзьдзяў Рада БНР, увогуле актывісты беларускай дыяспары на ўсіх кантынэнтах заяўлялі права беларускага народу на сваю незалежную ад Масквы дзяржаву — тым часам як 600-тысячны, як тады казалі, «атрад камуністаў Беларусі» і іхны Цэнтральны камітэт дзесяцігодзьдзямі ж ня вымавілі пра гэта ні слова.

Бяз права голасу

Становішча, якое было ў часы СССР, вельмі падобнае на сытуацыю ў цяперашняй Беларусі.

Людзі пазбаўленыя магчымасьці гаварыць: нават адна фраза супраць Пуціна, Лукашэнкі ці распачатай імі вайны можа пацягнуць за сабой вялікія непрыемнасьці.

Практычна ўсе колькі-небудзь уплывовыя недзяржаўныя СМІ занесьлі ў сьпісы «экстрэмісцкіх». За інтэрвію, дадзенае ім, пагражае турма (і ня толькі пагражае: рэжым ня ведае міласэрнасьці і ня робіць выключэньняў нават для жанчын, у якіх на руках маленькія дзеці. Як вядома, Дар’я Лосік, жонка асуджанага на 15 гадоў журналіста Радыё Свабода Ігара Лосіка, атрымала два гады калёніі — трохгадовая дачка засталася на руках бацькоў Дар’і). Не мінае і дня, каб праваабаронцы не паведамлялі пра затрыманьні падпісаных на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы.

У такіх умовах ня толькі публічная палітыка, але і публічная ацэнка, калі толькі яна не супадае з пазыцыяй уладаў, немагчымая.

Усе тыя выказваньні палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў, аналітыкаў, палітолягаў, гісторыкаў, літаратараў, якія гучаць у незалежных сродках масавай інфармацыі, практычна без выключэньняў гучаць з-за мяжы, ад тых, хто вымушаны быў выехаць у эміграцыю.

І нават пры гэтым тыя, хто дае камэнтары «экстрэмісцкім» рэсурсам, ставяць пад рызыку сваіх родных, якія засталіся ў Беларусі (апошнім часам сілавікі нарошчваюць перасьлед сваякоў сем’яў «няўгодных» асобаў).

У такіх умовах пазбавіць эмігрантаў права выказвацца пра беларускія актуаліі, даваць ацэнкі ўладам (а таксама яе апанэнтам) азначала б цалкам выключыць альтэрнатыўную ацэнку, пакінуць жыхароў Беларусі сам-насам з афіцыйнай прапагандай.

І гэта, безумоўна, было б падарункам рэжыму.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG