Славаччына перадала Ўкраіне 13 зьнішчальнікаў МіГ-29. Кіеў чакае абяцаныя пастаўкі самалётаў з Польшчы

Slovakia transferred MiG-29 to Ukraine, 17.04.2023
Slovakia transferred MiG-29 to Ukraine, 17.04.2023

Міністар абароны Славаччыне Яраслаў Надзь паведаміў аб завяршэньні перадачы Ўкраіне ўсіх 13 зьнішчальнікаў МіГ-29, як гэта вырашыў славацкі ўрад.

«Перадачу ажыцьцявілі па зямлі з улікам максымальна магчымай бясьпекі. Зноў жа вялікая падзяка ўсім задзейнічаным кампанэнтам, таму што ў такіх выпадках гэта сапраўды важная і складаная лягістычная апэрацыя», — паведаміў Яраслаў Надзь. Яго цытуе афіцыйны сайт Міністэрства абароны Славаччыны.

Паводле яго, перадача Ўкраіне зьнішчальнікаў дазволіць захаваць жыцьці ўкраінскіх грамадзян.

Першыя тры зьнішчальнікі са Славаччыны ва Ўкраіне перакідалі ўкраінскія пілёты пры дапамозе Вайскова-паветраных сіл Славаччыны і іншага пэрсаналу, які гарантаваў бясьпеку працэсу перадачы.

Урад Славаччыны 17 сакавіка аднагалосна ўхваліў рашэньне перадаць Украіне зьнішчальнікі МіГ-29 і зэнітна-ракетныя комплексы «Куб», якія могуць зьбіваць ракеты ў паветры на малой і сярэдняй вышыні. У той жа дзень адпаведнае міжнароднае пагадненьне зацьвердзіў і ўрад Украіны.

Славаччына стала першай краінай, якая перадала Ўкраіне баявую авіяцыю.

16 сакавіка пра намер перадаць Украіне баявыя зьнішчальнікі МіГ-29 савецкай вытворчасьці заявіў і прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда. Першыя чатыры самалёты перадалі ў сакавіку, а Анджэй Дуда абвясьціў, што ў хуткім часе перададуць яшчэ некалькі самалётаў. Гаворка ідзе пра зьнішчальнікі, атрыманыя Варшавай ад Чэхіі ў 1995 годзе ў абмен на верталёты польскай вытворчасьці. Цяпер, паводле адкрытых зьвестак, Польшча мае 28 зьнішчальнікаў МіГ-29, са слоў Дуды вынікае, што толькі 16 зь іх у працоўным стане. Частку могуць перадаць на дэталі ці адрамантаваць.

13 красавіка ўрад ФРГ дазволіў перадачу пяці зьнішчальнікаў МіГ-29, якія знаходзяцца ў ВПС Польшчы, Украіне.

​
XS
SM
MD
LG