Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Лукшу этапавалі ў шклоўскую калёнію; яшчэ 15 чалавек прызналі палітзьняволенымі


Беларускі сьцяг, створаны Марыяй Грыц, зь імёнамі палітвязьняў. Кіеў, Украіна. Архіўнае фота
Беларускі сьцяг, створаны Марыяй Грыц, зь імёнамі палітвязьняў. Кіеў, Украіна. Архіўнае фота

У Беларусі на сёньня 1498 палітвязьняў, паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна». Іншыя праваабарончыя ініцыятывы заяўляюць, што палітзьняволеных нашмат больш.

Новая справа супраць Сцепанькова

У Гомельскім абласным судзе прызначылі дату разгляду новай крымінальнай справы супраць палітзьняволенага жыхара пасёлка Ільіч Рагачоўскага раёну Андрэя Сцепанькова, паведамляе «Вясна».

Судовы працэс пачнецца 26 красавіка і будзе праходзіць у закрытым рэжыме. Справу будзе разглядаць судзьдзя Аляксандар Піскуноў.

Андрэю Сцепанькову выставілі новыя абвінавачаньні, іх значна болей, чым было падчас першага суду. Сярод іх:

  • ч. 1 і ч. 2 арт. 367 (паклёп на прэзыдэнта);
  • ч. 3 арт. 203-1 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных зьвестак);
  • ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх);
  • ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцый).

Андрэя Сцепанькова затрымалі 16 верасьня 2021 году паводле арт. 369 КК («абраза прадстаўніка ўлады»), арт. 391 КК («абраза судзьдзі ці народнага засядацеля») і ч. 1 арт. 368 КК («абраза прэзыдэнта») і зьмясьцілі ў СІЗА-3 г. Гомля.

Летась 1 верасьня палітвязьня асудзілі на 2 гады і 6 месяцаў калёніі агульнага рэжыму. Спроба абскардзіць прысуд у Гомельскім абласным судзе не прынесла плёну. 9 лістапада Андрэя этапавалі ў шклоўскую ПК № 17.

Яшчэ 15 чалавек прызналі палітвязьнямі

ПЦ «Вясна» сумесна зь іншымі беларускімі праваабарончымі арганізацыямі апублікаваў заяву аб прызнаньні палітвязьнямі яшчэ 15 чалавек.

Сярод іх: Аляксандар Емяльянаў, Іван Котаў, Канстанцін Лапіцкі, Радзівон Качаткоў, Раман Янкоўскі, Аляксандар Румко, Тацяна Курыліна, Арцём Зубракоў, Мікалай Давыдаў, Анатоль Маліноўскі, Ірэна Клявец, Вольга Саламенік, Уладзімер Трыфанаў, Ягор Курзін, Максім Селязнёў.

«Прыцягненьне да крымінальнай адказнасьці за распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці або звады (арт. 130 КК) сьледзтвам і судамі сэлектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна для абароны інстытутаў улады, прычым вылучэньне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і г. д. у якасьці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксьце, нам уяўляецца неабгрунтаваным», — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў.

Яны патрабуюць перагледзець прысуды і меры стрыманьня, вынесеныя супраць палітвязьняў, вызваліць іх.

Асуджанага экс-журналіста БТ Лукшу этапавалі ў шклоўскую калёнію

Беларускай асацыяцыі журналістаў стала вядома, што колішні аўтар крымінальнай хронікі на дзяржаўнай тэлевізіі Дзьмітры Лукша пачаў адбываць пакараньне ў папраўчай установе № 17 Шклова на Магілёўшчыне.

У сярэдзіне студзеня журналіста перавялі зь менскага СІЗА № 1 у ізалятар турмы №4 Магілёва, дзе ён чакаў вынікаў разгляду апэляцыі на прысуд. Калі вышэйшая інстанцыя скаргу чакана не задаволіла, яго этапавалі для адбыцьця чатырохгадовага тэрміну ў калёнію № 17 Шклова. Пра пераезд стала вядома зь ліста на волю, новае месца дыслякацыі ён пацьвердзіў і падчас тэлефанаваньня бацькам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG