Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы Human Rights Watch апублікавалі новыя доказы катаваньняў украінцаў у часе акупацыі Херсону

У выніку расейскага абстрэлу Херсону 24 сьнежня 2022 году загінулі 10 мірных жыхароў і больш за 60 атрымалі раненьні
У выніку расейскага абстрэлу Херсону 24 сьнежня 2022 году загінулі 10 мірных жыхароў і больш за 60 атрымалі раненьні

Паводле ўладаў Украіны, з пачатку расейскага ваеннага ўварваньня сьледчыя задакумэнтавалі 80 198 ваенных злачынстваў расейскіх вайскоўцаў.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch абнародавала новую справаздачу, якая зьмяшчаем дадатковыя доказы ваенных злачынстваў расейскіх вайскоў у часе акупацыі ўкраінскага горада Херсону.

Праваабаронцы задакумэнтавалі факты незаконных затрыманьняў, выкраданьняў і катаваньняў украінцаў у пэрыяд з сакавіка па лістапад 2022 году.

Пацярпелыя і чальцы іх сем’яў паведамілі праваабаронцам, што ў Херсоне расейцы стварылі пяць катоўняў — у двух сьледчых ізалятарах, у будынку мясцовай адміністрацыі, а таксама ў школе і аэрапорце.

Грамадзяне, зь якімі праваабаронцы запісалі інтэрвію, паведамілі, што іх у часе зьняволеньня білі палкамі і гумовымі дубінкамі, катавалі электрычным токам, пагражалі сьмерцю і калецтвам. Пры гэтым мэдычнай дапамогі затрыманыя не атрымлівалі.

«Расейскія войскі ў Херсоне агрэсіўна абшуквалі будынкі, а потым затрымлівалі аднаго або некалькіх людзей з тых, хто там пражываў, па розных абвінавачваньнях. Некалькі затрыманых паведамілі, што расейскія вайскоўцы білі іх і пагражалі ім ці іхным сваякам, у тым ліку старым людзям. Потым расейскія салдаты закрывалі шапкай або торбай вочы або галаву затрыманых, прымушалі іх сесьці ў машыну, і тады адвозілі ў адно зь месцаў утрыманьня», — адзначаецца ў справаздачы Human Rights Watch.

«Было пяць чалавек. Усіх пабілі. Быў адзін, якому прастрэлілі нагу, яшчэ аднаму зламалі рабро. Мы ўвесь дзень і ноч чулі крыкі [людзей, якіх білі]. Людзі крычалі і а трэцяй гадзіны ночы, і ўвечары. ...Мэдычнай дапамогі нікому не аказвалі», — прыводзяцца ў справаздачы словы аднаго з пацярпелых украінцаў.

Іншыя пацярпелыя ад расейскіх вайскоўцаў расказалі, што расейцы прыніжалі затрыманых, прымушалі іх пад пагрозай біцьця выкрыкваць прарасейскія лёзунгі, слухаць і сьпяваць гімн Расеі і расейскія патрыятычныя песьні, а таксама аплядаваць тым, хто сьпяваў.

Паводле апытаных, расейцы найбольш шукалі грамадзян, якія займаліся валянтэрскай дзейнасьцю або ваявалі ў складзе Ўзброеных сіл Украіны на Данбасе з 2014 году.

Адна жанчына паведаміла, што расейцы затрымалі яе, бо не маглі знайсьці яе мужа, і трымалі ў закладніках, пакуль ён ня здаўся на наступны дзень.

Калі ўкраінскія вайскоўцы вярнулі Херсон у лістападзе 2022 году, расейцы ўзялі з сабой частку затрыманых мірных жыхароў. Мяркуецца, што іх незаконна перавезьлі ў акупаваны Расеяй Крым. Пры гэтым расейцы не паведамлялі сваякам аб месцы знаходжаньня затрыманых і пазбаўлялі магчымасьці наняць адваката.

Паводле прадстаўніка Херсонскай пракуратуры, у часе расейскай акупацыі незаконна былі затрыманыя ад 4000 да 5000 мірных грамадзян, але іх рэальная колькасьць можа быць значна большай.

Ваенным злачынствам зьяўляецца наўмыснае жорсткае абыходжаньне, катаваньне або забойства цывільных асобаў або палонных удзельнікаў баявых дзеяньняў, якія знаходзяцца ў зьняволеньні, наўмыснае прычыненьне моцных пакут або сурʼёзных цялесных пашкоджаньняў і незаконныя дэпартацыя і перамяшчэньне затрыманых грамадзян.

Паводле Офісу генэральнага пракурора Ўкраіны, з пачатку расейскага ваеннага ўварваньня сьледчыя задакумэнтавалі 80 198 ваенных злачынстваў расейскіх вайскоўцаў, некаторым зь іх ужо абвясьцілі выракі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG