Сэйм Літвы прагаласаваў у другім чытаньні за новыя санкцыі супраць расейцаў і беларусаў. Беларусам далі некаторыя палёгкі

Сэйм Літвы. Архіўнае фота
Сэйм Літвы. Архіўнае фота

4 красавіка літоўскі Сэйм разглядаў абмежавальныя захады ў дачыненьні грамадзян Расеі і Беларусі, у тым ліку па візах і ДНЖ, набыцьці нерухомасьці.

У аўторак у Вільні Сэйм Літвы ухваліў спэцыяльны закон, які прадугледжвае нацыянальныя санкцыі Літвы ў дачыненьні да грамадзян Расеі і Беларусі за вайну ва Ўкраіне, паведамляе агенцтва Bns.lt. Законапраект мае назву «Аб абмежавальных захадах у сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны». Плянуецца, што закон набудзе моц 3 траўня 2023 году і скончыць дзеяньне 2 траўня наступнага году.

За законапраект аб увядзеньні абмежавальных захадаў у сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны прагаласавалі 76 дэпутатаў Сэйму, 13 былі супраць, 34 устрымаліся.

Паводле законапраекту, расейцам і беларусам вырашылі абмежаваць магчымасьці атрымліваць літоўскія візы, увозіць украінскія грыўні, прыяжджаць у Літву грамадзянам Расеі, набываць нерухомасьць, а іх заявы на афармленьне дазволаў на жыхарства ў Літве часова не прымаюцца да 3 траўня наступнага года.

На этапе прыёму паправак была адхіленая прапанова часова не прымаць расейскія і беларускія заявы на атрыманьне літоўскага грамадзянства.

Згодна з прынятым законам, прыпыняецца прыём візавых заявак грамадзян Расеі і Беларусі, за выключэньнем выпадкаў, калі падача візавай анкеты адбываецца пры пасярэдніцтве Міністэрства замежных спраў Літвы.

Таксама да сярэдзіны красавіка наступнага года ня будуць прымацца звароты грамадзян Расеі аб выдачы ім часовага дазволу на жыхарства ў Літве. Выключэньне будзе тычыцца тых, хто мае пасярэднікаў у выглядзе ўстаноў, упаўнаважаных урадам Літвы, або тых, хто мае шэнгенскую візу, нацыянальную візу або дазвол на жыхарства ў краіне ЭЗ. Гэтае абмежаваньне ня будзе распаўсюджвацца на грамадзян Беларусі.

Дэпутат Ёнас Яруціс заклікаў беларусаў выкрасьліць, бо, паводле яго, гэта выкліча даволі сур’ёзныя цяжкасьці для літоўскіх перавозчыкаў з найманьнем грамадзян гэтай краіны ў якасці кіроўцаў.

Як і ў надзвычайным указе, закон прадугледжвае індывідуальны дадатковы пільны кантроль грамадзян Расеі пры перасячэньні вонкавай мяжы ЭЗ. Іх па-ранейшаму будуць ацэньваць на прадмет пагрозы нацыянальнай бясьпецы, грамадзкаму парадку, здароўю насельніцтва або міжнародным адносінам.

Гэтае палажэньне ня будзе распаўсюджвацца на расейцаў, якія маюць дазволы на жыхарства ў краінах ЭЗ, шэнгенскія або доўгатэрміновыя нацыянальныя візы краін Эўразьвязу, тых, хто едзе транзытам у Калінінградзкую вобласьць і з Калінінградзкай вобласьці, расейскіх дыпляматаў.

Прыняты закон прадугледжвае, што грамадзяне Расеі і заснаваныя або кіраваныя імі кампаніі ня змогуць набываць нерухомасьць у Літве, калі толькі яны ня маюць дазволу на жыхарства ў Літве або не атрымалі гэтую маёмасьць у спадчыну. Выключэньні закрануць толькі расейцаў, якія маюць пастаянны дазвол на жыхарства або набываюць нерухомасьць у краіне ў парадку атрыманьня ў спадчыну. Згаданая забарона ня будзе распаўсюджвацца на беларусаў.

Прадугледжваюцца абмежаваньні, зьвязаныя з наданьнем статусу электроннага рэзыдэнта: пасьля прыняцьця паправак да закону будзе анулявана дзеяньне электроннай ідэнтыфікацыі і электроннага подпісу грамадзян Расеі і Беларусі. Выключэньні будуць дзейнічаць толькі ў адносінах да асоб, якія маюць пастаянны дазвол на жыхарства ў Літве.

Старшыня Сэйму нацыянальнай бясьпекі і абароны Лаўрынас Касьцюнас і міністар унутраных спраў Агне Білатайце прапанавалі часова адмовіць расейцам і беларусам у атрыманьні грамадзянства Літвы, але большасьць парлямэнтароў не пагадзілася і гэтая санкцыя была адхілена.

Паколькі законапраект прадугледжвае розныя санкцыі для грамадзян Расеі і Беларусі, галоўны дарадца прэзыдэнта ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Кястуціс Будрыс заявіў у нядзелю тэлеканалу LRT, што прэзыдэнт Гітанас Наўседа можа накласьці вэта на такі закон.

Тэрмін дзеяньня гэтых абмежавальных мер — адзін год з дня набыцьця законам сілы, з 3 траўня 2023 году да 2 траўня 2024 году. Аднак урад будзе мець права прадоўжыць тэрміны, калі ўзьнікне неабходнасьць у такім рашэньні.

​
XS
SM
MD
LG