Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ідзе вайна». Літоўскі дэпутат пра законапраект, які закранае інтарэсы беларусаў


Беларусы на сьвяткаваньня Дня аднаўленьня незалежнасьці Літвы. 11 сакавіка 2023
Беларусы на сьвяткаваньня Дня аднаўленьня незалежнасьці Літвы. 11 сакавіка 2023

Дэпутат Сэйму Літвы Томас Тамілінас расказаў Свабодзе, што цяпер вакол законапраекту ў Сэйме вядуцца дыскусіі. На ягоную думку, закон ня мусіць ствараць беларусам перашкодаў у жыцьці, калі ніякіх рызык няма.

Літоўскі Сэйм разглядае законапраект, які зьмяняе правілы выдачы візаў, дазволаў на жыхарства і грамадзянства для беларусаў і расейцаў. Прайшло ўжо два чытаньні законапраекту, засталося абмеркаваньне і апошняе галасаваньне.

У першапачатковым варыянце законапраект прадугледжваў спыненьне падачы дакумэнтаў на візы, часовыя дазволы на жыхарства для беларусаў і расейцаў, за выключэньнем тых, якія робяцца пры пасярэдніцтве літоўскага МЗС. Для тых, хто ўжо мае візы ці дазвол на жыхарства, абмежаваньняў няма.

Таксама ў першапачатковым варыянце прапаноўвалася спыніць прыём дакумэнтаў на атрыманьне літоўскага грамадзянства для беларусаў і расейцаў. Пазьней абмежаваньні ў атрыманьні грамадзянства для беларусаў прапанавала ня ўводзіць частка дэпутатаў. Адпаведная папраўка паступіла ў Сэйм, і дэпутаты будуць яе разглядаць.

«Закон не павінен ствараць праблем людзям, якія не нясуць рызыкі»

Дэпутат Сэйму Літвы Томас Тамілінас лічыць, што папраўкі ў законапраект мусяць унесьці яснасьць. На яго думку, гэты закон не павінен ствараць праблем людзям, якія не нясуць рызыкі для Літвы.

«Фінальнае галасаваньне можа адбыцца праз два тыдні. Зараз паступілі папраўкі, якія паляпшаюць сытуацыю і мяняюць сутнасьць некаторых палажэньняў. Я так разумею, што папраўкі дапамогуць. Лічу, што мусіць быць лёгіка. Калі ёсьць рэкамэндацыя з боку літоўскай дзяржавы, ясная мэта знаходжаньня чалавека тут, то ў яго не павінна ўзьнікаць складанасьцяў. Калі няма рызыкі, то навошта людзям псаваць жыцьцё? Рызыкі трэба аналізаваць больш старанна і больш дакладна», — лічыць Томас Тамілінас.

Томас Тамілінас
Томас Тамілінас

Таксама ён адзначае, што гэты законапраект накіраваны найперш на бясьпеку Літвы, а ў законапраекце прапісана тое, што «і так адбываецца на практыцы».

«Ідзе вайна, цяпер сур’ёзная сытуацыя; кожная краіна, асабліва маленькая, стараецца зьменшыць рызыкі для сябе, калі людзі мігруюць, калі людзі адкрываюць бізнэс. Шмат рашэньняў і працэдур, прапісаных у законапраекце, існуюць і цяпер, і гэта асноўная частка гэтага законапраекту», — кажа дэпутат.

«Няма зьменаў у стаўленьні да беларусаў»

Томас Тамілінас пазытыўна ацэньвае той факт, што цяпер вакол законапраекту пачалася дыскусія і людзі заангажаваныя ў яе, бо «ў дэмакратычнай краіне можна дыскутаваць і зьмяняць нейкія хібы ўраду».

Таксама ён адзначае, што стаўленьне да беларусаў у Літве не зьмянілася з пачатку вайны.

«Я тут не адчуваў ніякіх зьменаў у дачыненьні да беларусаў. Зьмянілася стаўленьне да беларускай дзяржавы і дыктатара, што лягічна. Палітыкі не займаюцца нейкім распальваньнем варожасьці, ідзе гутарка пра тое, як нам разам змагацца з Лукашэнкам і Пуціным і якія санкцыі ўводзіць. Так, санкцыі б’юць па простых беларусах, простых расейцах. Калі санкцыі масавыя, то яны ўзьдзейнічаюць на грамадзян, інакш проста не бывае», — гаворыць Томас Тамілінас.

Першапачаткова дэпутаты масава падтрымалі законапраект, за яго прагаласавалі 113 дэпутатаў, 9 устрымаліся. Пазьней зьявіўся шэраг паправак да законапраекту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG