Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Набіла сабе хату сваёй бабулі з Палесься». У Варшаве праходзіць выстава беларускіх тату


Яўгенія Доўгая на адкрыцьці фотавыставы беларускай татуіроўкі ў Варшаве, Польша. 29 сакавіка 2023 году
Яўгенія Доўгая на адкрыцьці фотавыставы беларускай татуіроўкі ў Варшаве, Польша. 29 сакавіка 2023 году

У Варшаве адкрылася фотавыстава беларускай татуіроўкі. Мы пагутарылі з журналісткай Яўгеніяй Доўгай пра тое, як зьмяніліся тэмы тату беларусаў з часу пратэстаў, і даведаліся цікавыя гісторыі, зь імі зьвязаныя.

Яўгенія Доўгая — журналістка і стваральніца праекту «Беларусь на целе» , дзе на зьбірае пратэставыя тату беларусаў. 29 сакавіка ў прасторы «Пад жырандоляй» (прастора Руху беларускай салідарнасьці) у Варшаве адкрылася фотавыстава беларускай татуіроўкі.

«Польская фундацыя зьвязаліся са мной, яны пабачылі мой тэлеграм-канал, прысьвечаны тату, і прапанавалі зрабіць выставу. Адкрыцьцё прайшло нядрэнна, я была прыемна зьдзіўленая, наведнікам адразу казала: давайце я правяду экскурсію, бо так цяжкавата зразумець увесь кантэкст. Людзі вельмі ўважліва слухалі, ім спадабалася, яны сапраўды былі ўражаныя», — расказвае Яўгенія Доўгая.

На выставе можна пабачыць тату і былога палітвязьня Лявона Халатрана, добраахвотніка з Украіны, беларусаў, якія вымушана эмігравалі, і іншыя.

«Яшчэ ў нас ёсьць фота, дзе тату дзьвюх беларусак. Дзесьці месяц таму ГУБАЗІК затрымаў адну зь дзяўчат. Яна цяпер у СІЗА, праходзіць у крымінальнай справе, але да гэтага яна адсядзела 12 разоў па 15 сутак. І вось яна зрабіла тату з артыкулам 23.34».

Яўгенія кажа, што здараюцца выпадкі, калі людзі дасылаюць свае тату, а потым просяць выдаліць здымак з сацсетак празь небясьпеку. Таксама сацыяльныя сеткі праекту «Беларусь на целе» прызнаныя экстрэмісцкімі ў Беларусі.

«Пасьля гэтага людзі сталі пісаць: „Калі ласка, выдаліце“. На выставе ёсьць фатаздымкі дзяўчыны, якая цяпер у Беларусі, мы яе фатаграфавалі онлайн, і ў яе дзьве тату: адна пра расейскі вайсковы карабель, а другая на назе з вожыкам, якія нясе бчб-сьцяжок. Яна ўсё лета прахадзіла з доўгімі рукавамі, У нагавіцах, ёй было вельмі страшна, бо людзі ў Менску адно да аднаго прыглядаюцца, сочаць за антываеннымі тату ў падтрымку Ўкраіны. Неяк яшчэ адна жанчына даслала тату, зьвязаную з Беларусьсю і Ўкраінай, я яе апублікавала — і на наступны дзень яна напісала: „Калі ласка, выдаліце, бо мне званілі, пыталіся, ці мая гэта тату“. Яе „здаў“ сусед, пабачыў, што набіта ў яе на руцэ», — апавядае журналістка.

«Набіў нумар артыкулу, паводле якога асудзілі»

Тату з часу актыўных пратэстаў у Беларусі вельмі зьмяніліся, кажа Яўгенія.

«Першапачаткова былі тату, зьвязаныя з трыё, калі жанчыны аб’ядналіся — кулак, сэрца і знак перамогі шмат хто сабе набіваў, Пагоню, бел-чырвона-белыя сьцяжкі. Калі пачаліся ўсе гэтыя жорсткія падзеі, людзі пачалі набіваць сабе штосьці, зьвязанае з турэмнай тэматыкай, катаваньнямі, якія яны прайшлі, напрыклад лічбы артыкулаў, пад якія трапілі».

Яўгенія Доўгая
Яўгенія Доўгая

Яўгенія нагадвае трагічную гісторыю былога палітвязьня Лявона Халатрана.

«Ён дзесьці 6 месяцаў адсядзеў у СІЗА, потым яго асудзілі на хімію на 2 гады, дзе ён працаваў у вельмі жорсткіх умовах — быццам жывёлаводам, але папраўдзе ён цягаў тонамі гной, карміў быкоў, ён вельмі падарваў здароўе. Аднойчы ён вострым нажом разразаў цюк і сабе перарэзаў мезенец на руцэ. Рана была такая глыбокая, што перарэзалася сухажыльле, і цяпер ягоны палец сагнуты да канца жыцьця. І ён на гэтым пальцы набіў лічбы артыкула, паводле якога яго асудзілі. То бок чалавек незаконна і ні за што прасядзеў у СІЗА, працаваў на рабскай працы, дык яшчэ і пакалечыў сабе руку. І вось ён набіў сабе гэтую тату, каб пераасэнсаваць, памятаць тое, што зь ім было».

Пасьля пачатку хвалі эміграцыі тату беларусаў таксама зьмяніліся, адзначае Яўгенія.

«Ёсьць здымак, як дзяўчына, якая вымушана была пакінуць Беларусь, набіла сабе хатку сваёй бабулі з Палесься з сонейкам-сымбалем на франтоне. Яна сказала, што зрабіла такую тату, бо дамок бабулі можа разваліцца, пакуль яна прыедзе. Неяк тры беларускі выслалі тату ў выглядзе нот палянэзу Агінскага „Разьвітаньне з Радзімай“. Тэма эміграцыі застаецца».

Калі ва Ўкраіне пачалася вайна, шмат беларусаў рабілі антываенныя тату.

Яўгенія прызнаецца, што на адкрыцьці знарок заканчвала сваю экскурсію па выставе татуіроўкай з цытатай Алеся Бяляцкага.

«Беларуска набіла сабе цытату Алеся Бяляцкага: „Пасьля зімы наступае вясна“. І цытата напісана почыркам маці гэтай дзяўчыны, якую яна ня бачыла амаль 2 гады. Я спэцыяльна зрабіла так, каб гэта быў апошні фатаздымак, каб не было ўсё так змрочна і пакутліва, што ёсьць у нас маральны аўтарытэт Алесь Бяляцкі, нобэлеўскі ляўрэат. Ён для мяне маральны арыентыр на самой справе. І вось я глядзела на гэтую цытату — і мне было неяк добра, але агулам усё гэта цяжка, адчуваецца стомленасьць».

«Шмат людзей набіваюць сабе тату, каб не забываць катаваньні, якія яны прайшлі»

У праекце «Беларусь на целе» сабрана ўжо 375 гісторый тату, своеасаблівы архіў.

Таксама ў Яўгеніі ёсьць праект «Палітвязынка», які расказвае пра палітзьняволеных жанчын. І ў гэты праект журналістка цяпер укладае вельмі шмат сіл.

«Я акурат пагаварыла з Вольгай Класкоўскай, якая выйшла. Вольга была такой маральнай падтрымкай і аўтарытэтам для многіх. Яна багата чаго ведала, і шмат хто хацеў зь ёй сядзець, бо яна падтрымлівала дух. Яна прасядзела вялікую частку свайго тэрміну ў ШЫЗА і расказвала мне пра гэта».

Акурат на адкрыцьці выставы пра тату Яўгенія адзначала, што мы не мусім забыцца на цяперашнюю сталінскую Беларусь.

«Гэта сталінская Беларусь ёсьць і ў даносах, калі людзі бачаць тату са сьцягам Украіны, тэлефануюць у міліцыю і здаюць чалавека, ведаючы, што ён пройдзе катаваньні. Вольга данесла мне думку пра тое, што сыстэма садыстаў разнастайная і на кожнага знойдзецца свая справа. Напрыклад, у ШЫЗА ў Вольгі пачаліся праблемы, быў крывацёк, ёй патрэбен быў агляд. А лекарка проста праз кармушку рабіла ёй укол. Здаецца, лекарка яе і не пабіла, але яна яе расчалавечыла вось гэтым. І шмат людзей набіваюць сабе тату, каб не забываць катаваньні, якія яны прайшлі. І эміграцыя — гэта таксама катаваньні, таксама ўсё боль».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG