Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто такая Ларыса Геніюш, помнік якой скралі ўначы. І чаму яна дасюль нязручная для ўладаў


Ларыса Геніюш
Ларыса Геніюш

Беларуская паэтка Ларыса Геніюш, імаверна, выдатна б зразумела сёньняшніх беларусаў, а яны — ейную гісторыю. Яна прайшла праз праскую эміграцыю, менскую турму, допыты тагачаснага КДБ, расстрэл бацькі ў Горадні і 7 гадоў ГУЛАГу за 4 тысячы кілямэтраў ад радзімы.

Праз тыдзень споўніцца сорак гадоў, як беларуская дзяячка пайшла ў іншы сьвет. Аднак дагэтуль камусьці перашкаджае ейны помнік, які ноччу скралі з тэрыторыі зэльвенскай царквы. Расказваем пра жанчыну, якая стала сымбалем антысавецкага супраціву і якая дагэтуль натхняе вязьняў.

Нарадзілася ў Беларусі, 11 гадоў жыла ў Чэхіі

Ларыса Геніюш нарадзілася ў маёнтку на тэрыторыі цяперашняга Ваўкавыскага раёну (тады гэта была Расейская імпэрыя, пазьней стала Польшча), 112 гадоў таму. Скончыла Ваўкавыскую польскую гімназію. Маладой дзяўчынай дапамагала бацьку Антону ў ягонай дзейнасьці.

«Усе справы з падаткамі, урадамі, даўгамі, крэдытамі ўскладаў тата на мае плечы. Ён не любіў такіх спраў, і я іх не любіла, але памагала тату, як толькі магла», — пісала Ларыса.

Ларыса Геніюш у 18 год
Ларыса Геніюш у 18 год

У 25 гадоў выйшла замуж і нарадзіла сына. Калі малому было два гады, пераехала ў Прагу, дзе вучыўся і працаваў лекарам ейны муж. Быў 1937 год. У Чэхіі Геніюшы пражылі 11 гадоў.

Калі Заходнюю Беларусь сілай далучылі да СССР у верасьні 1939 году, бацьку Ларысы арыштавалі, зьмясьцілі ў горадзенскую турму і неўзабаве расстралялі. Маці і дзьвюх сёстраў паэткі выслалі ў Казахстан.

Не ўзначаліла ўрад БНР у эміграцыі, бо была жанчынай

У Празе Ларыса Геніюш працавала ва ўрадзе Беларускай Народнай Рэспублікі ў эміграцыі поплеч з «айцамі БНР». Тагачасны старшыня ўраду БНР Васіль Захарка, калі паміраў у 1943 годзе ад сухотаў, хацеў, каб ягонай пераемніцай стала менавіта Геніюш, перашкодай стаў... ейны пол.

«Нікому ня веру, донечка... На гэтае становішча я мог бы паставіць толькі цябе, каб ты не была жанчынай», — пісаў Захарка Геніюш перад сьмерцю.

На пахаваньні ў Захаркі Геніюш самлела. Пасьля ягонай сьмерці яна заняла пасаду Генэральнай сакратаркі БНР, упарадкоўвала архіў БНР. Клапацілася пра беларускіх эмігрантаў, палітычных уцекачоў, ваеннапалонных у Нямеччыне. Брала ўдзел у Другім Усебеларускім кангрэсе.

Чэхаславаччына выдала Геніюшаў СССР

Тры гады савецкія ўлады дамагаліся экстрадыцыі Геніюшаў з Чэхіі. Ларыса зьвярнулася па дапамогу да прэзыдэнта Чэхаславаччыны і амэрыканскага пасла. Дзякуючы гэтаму ўсе трое атрымалі чэхаславацкае грамадзянства, якое, праўда, праз год у іх адабралі.

Анкета, якую запоўніла Ларыса Геніюш у Празе для выдачы дакумэнтаў. Красавік 1940 г. Дакумэнт прадастаўлены Нацыянальным архівам Чэхіі.
Анкета, якую запоўніла Ларыса Геніюш у Празе для выдачы дакумэнтаў. Красавік 1940 г. Дакумэнт прадастаўлены Нацыянальным архівам Чэхіі.
Міхась Геніюш на фоне апошняга дому ў Чэхіі, дзе нядоўга жылі ягоныя дзед і бабка
Міхась Геніюш на фоне апошняга дому ў Чэхіі, дзе нядоўга жылі ягоныя дзед і бабка

У 1948 годзе сужэнцаў усё ж арыштавалі і перадалі ў Менск. Фармальнай падставай называлі ўдзел абаіх у Беларускім камітэце самапомачы, што дапамагаў падчас вайны землякам. Гэта расцанілі як «антысавецкую нацыяналістычную дзейнасьць». Вось фрагмэнт загаду на выдварэньне:

«Да чэхаславацкай дзяржаўнай мяжы будзе прымусова этапаваны... Праведзенай праверкай было ўстаноўлена, што падчас акупацыі Вы і Ваша жонка вялі нелегальную дзейнасьць у антысавецкіх нацыяналістычных арганізацыях. Такім чынам, у інтарэсах дзяржавы Вас выдварыць... Эскартаваць найкарацейшай дарогай да дзяржаўнай мяжы».

Іх этапавалі праз савецкія турмы ў Вене і Львове. Ларысе тады было 37 гадоў, іхняму сыну Юрку — 12.

Ларыса Геніюш з мужам Янкам і сынам Юркам перад вайной у Празе
Ларыса Геніюш з мужам Янкам і сынам Юркам перад вайной у Празе

Ларыса Геніюш з мужам Янкам і сынам Юркам перад вайной у Празе

Дапытваў сам Цанава, далі па 25 гадоў лягераў

Геніюшам да таго ж закідалі, што яны «хацелі аддзяліць Беларусь ад СССР», паэтку вінавацілі і ў тым, што яна ў сваіх вершах «ачарняе Савецкі Саюз». У Менску яе дапытваў сам міністар дзяржаўнай бясьпекі БССР Лаўрэнцій Цанава. Ён патрабаваў, каб яна перадала архівы БНР. Ларыса адмовілася. Цанава падчас допытаў лямантаваў на падначаленых: «Вы её испортили, она держит себя, как дама... Бить ее, допрашивать день и ночь».

З архіву Камітэту дзяржбясьпекі пры Міністэрстве ўнутраных спраў СССР. Запыт аб выданьні Геніюшаў зь пячаткай: «Патрэбны арышт»
З архіву Камітэту дзяржбясьпекі пры Міністэрстве ўнутраных спраў СССР. Запыт аб выданьні Геніюшаў зь пячаткай: «Патрэбны арышт»

У менскай турме Ларыса сустрэла наглядчыка-земляка, якога ведала, калі яшчэ жыла з бацькамі.

«Гэты тупы, цёмны чалавек... нават марыць ня мог аб нейкім прыбліжэньні да мяне... Быў цяпер важнай асобай... і зьдзекаваўся нада мной, як апошні садыст... Ён прыходзіў у маю камэру й адводзіў мяне асабіста ў баню, гдзе прысутнічаў пры нашым купаньні, паліў у пражарках нашыя рэчы, высьмейваўся з нас», — успамінала Геніюш.

Працэс заняў усяго пару месяцаў. Геніюшам далі па 25 гадоў зьняволеньня ў лягерах. Ларысу выслалі за 4 тысячы кілямэтраў ад дому. У лягерах у Комі і Мардовіі яна правяла 7 гадоў. Нават у ГУЛАГу Геніюш брала актыўны ўдзел у самадзейнасьці, рыхтавала са зьняволенымі артысткамі канцэрты.

«Маёю справаю быў канфэранс і розныя тэксты песьняў. Яшчэ я памагала рысаваць дэкарацыі, адзяваць у пачкі з марлі балерынаў», — успамінала былая палітзьняволеная.

Пасьля сьмерці Сталіна яе разам з мужам часткова рэабілітавалі, скарацілі тэрмін і выпусьцілі на волю.


Сына Юрку забралі сваякі з Польшчы

Сына Юрку Геніюшы выхоўвалі ў атмасфэры беларускасьці. Калі іх зьняволілі, 12-гадовага хлопчыка забралі сваякі з Польшчы. Там ён вывучыўся на пэдыятра, стаў літаратарам, пасяліўся на польскім Падляшшы. Калі бацькоў вызвалілі, Юрка часта наведваў іх у Зэльве, але фактычна ўжо больш ніколі ня жыў у бацькоўскай сям’і. Зьезьдзіць да сына ў Беласток савецкія ўлады дазволілі маці толькі аднойчы. Адносіны з сынам пагоршыліся пасьля ейнай 8-гадовай адсутнасьці.

«Юра — гэта наша балячка... да адчайнага крыку мне шкада яго... У Юры слабы характар, і цьвярозы, мужчынскі розум прабуджаецца крыху па часе... Мінуласьць і адзінота адбіліся на яго нэрвах і крыху на тых, амаль геніяльных, здольнасьцях, якія было відно ў дзяцінстве», — пісала потым Ларыса пра сына.

Юрка Геніюш памёр у 1985 годзе, пахаваны ў Беластоку. Засталіся ягоныя два сыны Міхась і Алесь.

Ларыса Геніюш з сынам Юркам
Ларыса Геніюш з сынам Юркам

Адмовілася прымаць савецкае грамадзянства

Пасьля вызваленьня сужэнцы пасяліліся ў Зэльве, у дзедавай хаце мужа. Ларыса прынцыпова адмаўлялася прымаць савецкае грамадзянства, яна лічыла сябе грамадзянкай Чэхаславаччыны, хоць і тое грамадзянства ўлады скасавалі. Хацела вярнуцца ў Чэхаславаччыну, нягледзячы на тое, што гэтая краіна іх выдала.

«Наагул, чэхі — гэта былі такія славяне, аб якіх мне ніколі ня сьнілася. Славянства яны разглядалі не як расу, а як роднае па крыві брацтва зь любоўю й вялікай надзеяй на яго ў будучыні», — пісала яна ў сваіх мэмуарах, выдадзеных пад назвай «Споведзь».

Дом Геніюшаў у Зэльве стаў асяродкам творчай беларускай моладзі. Туды часта прыяжджалі паэты, пісьменьнікі, мастакі, навукоўцы, хоць за сям’ёй працягваў назіраць КДБ.

Аляксей Марачкін, Яўген Кулік, Пётра Сьвентахоўскі, Ларыса Геніюш, Уладзімер Басалыга; сядзіць – Ірына Марачкіна. 1981 год
Аляксей Марачкін, Яўген Кулік, Пётра Сьвентахоўскі, Ларыса Геніюш, Уладзімер Басалыга; сядзіць – Ірына Марачкіна. 1981 год

На волі Геніюш крытычна выказвалася пра некаторых сваіх сяброў, нацыянальна сьвядомых вязьняў-беларусаў.

«Здаецца мне, што гэтыя людзі крыху хворыя, што ж, зразумела, пасьля гадоў няволі... Усе яны нейкія няшчырыя, нацягнутыя, рысуюцца і гуляюць у дзеячоў. Стала мне прыкра, і я ня ведаю, ці калі-кольвек да іх загляну. Я перарасла іх на многа гадоў, а яны зьбіраюцца дыктаваць свае розумы», — узгадвала яна.

Беларуска, нягледзячы на складанасьці жыцьця, захавала шляхецкія звычкі, апраналася з густам, насіла прыгожыя галаўныя ўборы, любіла гуляць з мужам у шахматы, была вялікай аматаркай кіно, як савецкага, так і замежнага, была інтэлігентнай і дасьціпнай жанчынай.

«Люблю або элегантныя капелюшы, як некалі, альбо такую квяцістую хустку, якая гаворыць!..», «Пасьцель мая мусяе быць мяккая, чыстая, найлепш на сетцы, а столькі гадоў давялося мучыцца на нарах!», «Часам і ў жыцьці памагае нам добры „ход канём“, каб яно не дало нам мату», — пісала яна.

Першы зборнік у савецкай Беларусі — праз 10 год пасьля вызваленьня

Геніюш пісала вершы яшчэ ў гімназіі, друкавацца пачала ў Празе ў беларускіх эмігранцкіх пэрыядычных выданьнях. У Чэхіі ж выйшаў першы зборнік ейнай паэзіі.

«Мяне натхнялі беларуская народная стыхія і Шэксьпір!.. Розуму пасьля мяне навучыў муж, які першы чытаў мне Купалу», — прызнавалася паэтка пра свае юнацкія захапленьні.

Паэтка працягвала творчасьць і ў лягерах.

Першы зборнік вершаў Геніюш у савецкай Беларусі выйшаў, калі ёй было 57 гадоў. Доўгі час ёй дазвалялі выступаць толькі як дзіцячай пісьменьніцы. Найбольш значныя зборнікі яе твораў выдалі толькі пасьля яе сьмерці, у тым ліку і кнігу мэмуараў — «Споведзь».

Нязломнасьць беларускай паэткі падтрымлівала тых, хто сутыкаўся з рэпрэсіўнай сыстэмай. Яе вершы надавалі моцы беларускім ваеннапалонным падчас Другой усясьветнай вайны, сталінскім вязьням, дысыдэнтам брэжнеўскага часу.

Сёньня творчасьць Ларысы Геніюш таксама натхняе людзей за кратамі. Віктар Бабарыка пісаў у лісьце, што ў калёніі адкрыў творчасьць Ларысы Геніюш, называў яе «выдатнай паэткай».

Фрагмэнт ліста Віктара Бабарыкі з калёніі, 2021 год
Фрагмэнт ліста Віктара Бабарыкі з калёніі, 2021 год

Актывіст Вітольд Ашурак за паўгода да сьмерці ў калёніі даслаў з-за кратаў бадай што найбольш цытаваныя радкі Ларысы Геніюш:

«Усё, што мы рабілі і робім, — для нашай мілай Беларусі. Вось чатыры радкі, якія я нясу праз турмы і якія натхняюць мяне жыць:

Адзінай мэты не зракуся,
І сэрца мне не задрыжыць!
Як жыць, то жыць для Беларусі!
А безь яе — зусім ня жыць!»

«Ларыса Геніюш калісьці пісала, калі ёй далі прысуд 25 гадоў, што ты можаш быць ні ў чым не вінаваты, але даказаць сваю невінаватасьць ты ня можаш. Так і ў 2021 годзе ты не вінаваты, але ты ня можаш гэта даказаць, ты ня можаш быць абаронены», — казала ў інтэрвію Свабодзе былая палітзьняволеная юрысконсульт Tut.by Кацярына Ткачэнка.

Сваімі ідэаламі называла Ларысу Геніюш і Кастуся Каліноўскага дырэктарка горадзенскага дзіцячага госьпісу Вольга Вялічка, якая адседзела суткі і сьпешна зьехала зь Беларусі ў 2020 годзе праз пагрозу забраць ейных дзяцей, але захапіла з сабой «Лісты з Зэльвы».

Пасьля пахаваньня ў доме правялі ператрус

Перасьлед Ларысы Геніюш не спынілі і пасьля ейнай сьмерці. Яна памерла, не дачакаўшыся развалу СССР, ёй было 72 гады. Паэтку пахавалі на зэльвенскіх могілках. На другі дзень пасьля пахаваньня ў іхнім доме ўлады правялі ператрус. Хацелі дасьледаваць архіў паэткі і перадаць знойдзеныя доказы «антысавеччыны» спэцслужбам. У сытуацыю ўмяшаліся пісьменьнікі Адам Мальдзіс і Алесь Адамовіч. У выніку архіў Геніюш удалося захаваць.

У 2010 годзе на доме Геніюшаў актывісты ўсталявалі памятную шыльду, але яе празь некалькі дзён сарвалі ўлады. Міліцыянты прымусілі гаспадароў дома паставіць подпісы, нібыта гэтая дошка ім перашкаджае.

Яшчэ пяць гадоў таму шыльду мясцовыя ўлады таксама забаранілі павесіць, зноў спаслаліся на нязгоду жыхароў. Аднак, як сьцьвярджаў пісьменьнік Міхась Скобла, гэтыя людзі заўжды былі за ўшанаваньне паэткі.

Летась прарасейская прапагандыстка Вольга Бондарава накінулася на музэй Анатоля Белага ў Старых Дарогах, скардзілася на яго мясцовым ідэолягам. Тады з тэрыторыі музэю зьніклі бюсты і барэльефы Натальлі Арсеньневай, Ларысы Геніюш, Кастуся Каліноўскага. Бюст Геніюш замянілі на бюст Якуба Коласа.

На адкрыцьці музэю Анатоля Белага ў Старых Дарогах, фота 2012 году
На адкрыцьці музэю Анатоля Белага ў Старых Дарогах, фота 2012 году

Сёлета падобны напад Бондарава ўчыніла ўжо на помнік Геніюш у Зэльве. Райвыканкам адмовіўся здымаць бюст на тэрыторыі царквы, які асьвячаў мітрапаліт Філярэт. Але ў ноч на 30 сакавіка таямнічым чынам бюст усё ж зьнік.

Фільм Свабоды пра Ларысу Геніюш

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG