Міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Камінскі заявіў, што пераход «Баброўнікі» будзе закрыты да вызваленьня з турмы журналіста і прадстаўніка польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі Анджэя Пачобута.
«Як толькі Пачобут будзе вызвалены, на наступны дзень мы адкрыем пераход „Баброўнікі“», — сказаў Марыюш Камінскі на прэсавай канфэрэнцыі 23 сакавіка, паведаміла беларуская служба Польскага радыё.
Міністар дадаў, што «беларускаму боку высланы выразны сыгнал» у гэтым пытаньні.
Камінскі таксама падкрэсьліў, што на кожныя дзеяньні беларускага рэжыму, накіраваныя супраць Польшчы і палякаў у Беларусі, Варшава адкажа «адэкватна і цьвёрда».
Міністар унутраных спраў Польшчы паведаміў, што ведамства рыхтуе свой санкцыйны сьпіс асобаў, адказных за рэпрэсіі супраць беларускіх палякаў.
Абвастрэньне адносін паміж Польшчай і Беларусьсю
Пасьля абвяшчэньня 8 лютага прысуду актывісту польскай меншасьці журналісту Анджэю Пачобуту пачалося абвастрэньне адносінаў паміж краінамі. Польшча прыпыніла працу пункту пропуску «Баброўнікі» з 10 лютага. Апрача таго, Польшча з 21 лютага абмежавала рух беларускіх грузавых аўтамабіляў праз памежны пераход Кукурыкі — Казловічы.
Менск у адказ выслаў зь Беларусі афіцэра сувязі польскай памежнай аховы і двух супрацоўнікаў польскага консульства ў Горадні. Польшча выслала беларускага аташэ ў пытаньнях абароны.