У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі мяркуюць, што расейскія войскі пачалі атакаваць на луганскім кірунку ў раёне Сватава і Крамянной з намерам аднавіць кантроль над Купянскам у Харкаўскай вобласьці, дзе знаходзіцца важны лягістычны матэрыяльна-тэхнічны вузел.
Сватава Луганскай вобласьці знаходзіцца за 60 кілямэтраў ад Купянску Харкаўскай вобласьці, а ад Купянску да мяжы зь Белгародзкай вобласьцю Расеі — 50 кілямэтраў.
«З пачатку сакавіка 2023 году працягваюцца цяжкія баі на ўчастках лініі фронту Сватава—Крамянная на поўначы Луганскай вобласьці. Расея часткова аднавіла кантроль над непасрэднымі подступамі да горада Крэмянная, дзе ў пачатку году для яе была пагроза з боку ўкраінскіх войскаў», — адзначаюць брытанскія выведнікі.
Паводле іх, месцамі расейскія войскі прасунуліся на некалькі кілямэтраў і іхнае камандаваньне спрабуе пашырыць зону бясьпекі каля сваёй абарончай лініі і інтэграваць у яе натуральную перашкоду, якой зьяўляецца рака Аскол.
«Пэўна, яны імкнуцца вярнуць Купянск, матэрыяльна-тэхнічны вузел», — мяркуюць у брытанскай выведцы. У той жа час, брытанскія выведнікі адзначаюць, што ў апэратыўным пляне Расея выстройвае абарону, бо пабойваецца, што Ўкраіна ў гэтым сэктары пачне маштабную наступальную апэрацыю.
Інстытут вывучэньня вайны: Расеі не хапае сіл для правядзеньня маштабнага наступу
Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) адзначылі, што тэмп расейскіх апэрацыяў вакол Бахмуту запавольваецца, бо Расея перакідае свае падразьдзелы на іншыя кірункі.
«Цяпер расейскія войскі нарошчваюць тэмп наступальных дзеяньняў вакол Аўдзееўкі, каб яе атачыць, і ня выключана, што расейскія войскі робяць гэта за кошт дзеяньняў вакол Бахмута і спыненага наступу каля Вуглядару», — адзначаецца ў справаздачы ISW.
Экспэрты лічаць малаімаверным, што наступ Расеі можа падштурхнуць украінскія сілы пакінуць Бахмут і Аўдзееўку.
«Расейскія войскі могуць пачаць або ўзмацніць наступальныя апэрацыі на новых кірунках, але гэтыя апэрацыі, хутчэй за ўсё, не прынясуць адчувальных вынікаў, паколькі агульны вясновы расейскі наступ працягвае набліжацца да кульмінацыі», — адзначаецца ў справаздачы Інстытуту вывучэньня вайны.
Ва Ўкраіне абяцаюць наступ
Камандуючы сухапутных войскаў Украіны Аляксандар Сырскі, ацэньваючы баі на бахмуцкім кірунку, заявіў, што асноўныя расейскія сілы, а гэта падразьдзелы прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр», «выдыхаюцца».
«Зусім хутка мы выкарыстаем гэтую нагоду, як у свой час рабілі гэта пад Кіевам, Харкавам, Балаклеяй і Купянскам», — заявіў Аляксандар Сырскі.
У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны паведамілі, што за апошнія содні ўкраінскае войска адбіла 83 атакі расейцаў на ліманскім, бахмуцкім, аўдзееўскім і шахтарскім кірунках.
У Міністэрстве абароны Расеі пераконваюць, што ўкраінскія контратакі на ўсходнім кірунку былі «няўдалымі».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.