Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Заводы працуюць на плян, а не на попыт». Чаму ў Беларусі рэкордная загружанасьць складоў прадукцыяй


Беларускі мэталюргічны завод у Жлобіне. Архіўнае фота
Беларускі мэталюргічны завод у Жлобіне. Архіўнае фота

На складах у Беларусі цяпер прадукцыі на 9 мільярдаў рублёў, і гэта рэкорд за 7 гадоў. Глядзім, куды цяпер ідуць пастаўкі.

На 1 сакавіка запасы гатовай прадукцыі на беларускіх складах дасягнулі 9,053 мільярда рублёў, і гэта абсалютны рэкорд за апошнія 7 гадоў. Найбольш на складах прадукцыі апрацоўчай прамысловасьці — на 8,9 мільярда.

З пачатку гэтага году складзкія запасы вырасьлі на 1,13 мільярда рублёў, а за мінулы год — на 2,64 мільярда. Узровень складзкіх запасаў на сёньня — гэта больш за 78% ад месячнай вытворчасьці, а ў апрацоўчай прамысловасьці — амаль 91%.

Што з экспартам

Праз палітычны крызіс і пачатак вайны пад санкцыі ЭЗ і ЗША трапіў шэраг беларускіх тавараў: нафтапрадукты, калійныя ўгнаеньні, прадукцыя МТЗ (трактары), БелАЗ (кар’ерныя самазвалы), МАЗ (грузавікі), прадукцыя дрэваапрацоўкі.

Белстат закрыў доступ да экспартнай статыстыкі па гэтых таварах. Аднак дасяжная статыстыка іншых краін. Напрыклад, Беларусь прадавала прадукты прамысловасьці ў ЭЗ:

  • прадуктаў хімічнай прамысловасьці — на 3,3 мільёна эўра за мінулы год;
  • прамысловых тавараў — на 2,6 мільёна эўра;
  • машын і транспартнага абсталяваньня — на 2 мільёны эўра за мінулы год.

Пра гэта сьведчаць дадзеныя Эўрапейскай службы статыстыкі.

Але такія аб’ёмы не параўнаць з ранейшымі. Напрыклад, у 2020 годзе Беларусь адных трактароў прадала ў ЭЗ на 31 мільён эўра, грузавікоў і самазвалаў — на 7,2 мільёна.

У краіны СНД Беларусь летась прадала тавараў на 24 мільярды эўра. Па асобных краінах Беларусь не публікуе статыстыкі, але вядома, што асноўны пакупнік беларускіх тавараў у СНД — Расея.

Экспарт зь Беларусі ў краіны СНД летась нават вырас на 9,1%, але гэта ня можа пакрыць страты рынкаў ЭЗ, бо ў дакрызісныя часы туды накіроўвалася да траціны ўсяго экспарту.

«Заводы працуюць на плян, а не на попыт»

Праблема беларускай прамысловасьці ў тым, што там працуюць не на попыт, а паводле пляну. Пра гэта гаворыць экспэртка дасьледчага цэнтру Beroc Анастасія Лузгіна.

«Вытворчасьць працуе, каб выканаць плян, каб паказаць аб’ёмы вытворчасьці і прыгожую карцінку па ВУП. Аднак па выніку прадпрыемствы не атрымліваюць рэсурсаў, каб працягваць цыкль вытворчасьці. Прадукцыя не прадаецца, а ляжыць на складах, у прадпрыемства ўзьнікае дэфіцыт рэсурсаў і расьце запазычанасьць у крэдытах. Спадзяюцца, што празь месяц-два знойдуцца рынкі. Улады заяўляюць, што асноўны канал экспарту — Расея. Але туды можа экспартаваць і Кітай. За 2022 год значна вырас імпарт з Кітаю ў Расею. Кітай не пад санкцыямі, яму гэта прасьцей рабіць», — кажа Анастасія Лузгіна.

Па апошняй інфармацыі, якую публікавалі беларускія заводы на сваіх сайтах, даўгі ў некаторых зь іх былі такія:

  • Гомсельмаш — 1,7 мільярда рублёў;
  • МТЗ — 1,4 мільярда рублёў;
  • БМЗ — 1,39 мільярда рублёў.

Што да загружанасьці складоў, то асноўная прычына — гэта санкцыі і, як вынік, праблема з экспартам:

«Эканоміка да канца не адаптавалася да санкцыяў, рынкі страчаны. Гэта нядобра для эканомікі, бо робіцца прадукцыя, а яе рэалізацыі няма. Па дадзеных за студзень гэтага году імпарт ажывіўся, а з экспартам працягваюцца праблемы. У студзені імпарт перавысіў экспарт, то бок Беларусь больш купляла, чым прадавала. Экспарт да студзеня 2022 году зьнізіўся больш як на 7%», — прыводзіць лічбы Анастасія Лузгіна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG