Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне падатковымі перавагамі ў ІТ-сэктары скарысталіся толькі дзьве кампаніі, якія маюць уласьнікаў зь Беларусі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Мова ідзе аб кампаніі Perevaga Technology (бэнэфецыяр беларус Андрэй Басак) і DataMola (бэнэфецыяр беларус Максім Заранок).

Толькі дзьве ІТ-кампаніі, якія мелі беларускія карані, засталіся ў рэестры прадпрыемстваў-рэзыдэнтаў праекту «Дія.City», створанага для актывізацыі разьвіцьця ІТ-сэктару з асаблівай падатковай сыстэмай.

Кампанія «Опендатабот», якая займаецца аналізам адкрытых зьвестак ва Ўкраіне, удакладніла, што мова ідзе аб кампаніі Perevaga Technology (бэнэфецыяр беларус Андрэй Басак) і DataMola (бэнэфецыяр беларус Максім Заранок).

Толькі гэтыя дзьве кампаніі прысутнічаюць у рэестры «Дія.City» зарэгістраваных рэзыдэнтаў.

Згодна з паведамленьнем кампаніі «Опендатабот», у 2023 годзе колькасьць рэзыдэнтаў украінскага ІТ-парку дасягнула 498-і. Найбольшая колькасьць кампаній (314) маюць украінскія карані, а сярод замежных — кіпрскія (45 рэзыдэнтаў) і амэрыканскія (38).

За год працы 15 кампаній страцілі статус рэзыдэнт праекту «Дія.City», пераважна з прычыны замарожваньня працы бізнэсу на час вялікай вайны або ў сувязі зь пераходам на ільготны падатак у 2 % ад абарачэньня.

У сьнежні 2020 году Міністэрства лічбавай трансфармацыі Ўкраіны паведамляла, што ва Ўкраіну пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020, пераехалі каля 40 ІТ-кампаніяў і больш як 2000 фрылянсэраў зь Беларусі. Тады ж ва Ўкраіне стварылі адмысловы праект падтрымкі беларускіх спэцыялістаў ІТ-сэктару, распрацаваны супольна з ІТ-асацыяцыямі, міністэрствамі эканомікі і замежных справаў.

Каб заахвоціць беларускіх ІТ-спэцыялістаў да пераезду ва Ўкраіну, Міністэрства лічбавай трансфармацыі ініцыявала замацаваньне на заканадаўчым узроўні выбару спрошчанай сыстэмы падаткаабкладаньня нават без дазволу на часовае або сталае жыхарства, а таксама магчымасьці быць на тэрыторыі Ўкраіны больш за 90 дзён без дазволу на жыхарства.

У пачатку кастрычніка 2020 году прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў указ № 420/2020 «Аб некаторых захадах для прыцягненьня прадпрымальнікаў, высокакваліфікаваных спэцыялістаў, якія ёсьць грамадзянамі Рэспублікі Беларусі».

Беларускі бок назваў гэты дакумэнт недружалюбным і дыскрымінацыйным крокам, а МЗС Беларусі ўручыў ноту ўкраінскаму амбасадару з прычыны таго, што Ўкраіна прыняла гэты ўказ «у парушэньне агульнапрынятых праўных нормаў распаўсюджвае сваё дзеяньне выключна на грамадзян суседняй дзяржавы».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG