Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад «палітыка ня наша справа» да «пакінем абедзьве краіны». Як ІТ-кампаніі сыходзяць зь Беларусі


Беларускі Парк высокіх тэхналёгіяў, ілюстрацыйнае фота
Беларускі Парк высокіх тэхналёгіяў, ілюстрацыйнае фота

У канцы 2019 году ўплывовыя прадстаўнікі ІТ-супольнасьці Беларусі пасьля чарговай нарады ў Лукашэнкі заяўлялі пра пэрспэктывы «ПВТ 3.0». Цяпер частка зь іх у эміграцыі.

4 красавіка ў Лукашэнкі прайшла нарада, прысьвечаная разьвіцьцю ІТ-галіны ў Беларусі. Анансуючы яе, Лукашэнка сказаў, што ведае пра адток спэцыялістаў.

«У свой час без усялякай моды стварылі Парк высокіх тэхналёгій, — выказаўся Лукашэнка. — Ён сваю ролю адыграў і адыгрывае цяпер. Я хачу, каб вы сёньня гэтую тэму закранулі і праінфармавалі мяне, што там адбываецца ў гэтым парку, наколькі там тэндэнцыя адтоку кадраў. Як мяне інфармуюць, такі ўжо там адток, што заўтра загіне Беларусь без айцішнікаў».

Літаральна праз тры гадзіны пасьля паведамленьня аб ІТ-нарадзе ў Лукашэнкі пра сыход зь Беларусі афіцыйна паведаміла адна з самых вядомых беларускіх ІТ-кампаній — Wargaming.

«На працягу апошніх тыдняў Wargaming праводзіў стратэгічны аналіз бізнэс-апэрацый па ўсім сьвеце. Кампанія вырашыла, што ня будзе валодаць або кіраваць бізнэсам у Расеі і Беларусі і пакіне абедзьве краіны», — гаворыцца ў паведамленьні кампаніі.

Пры гэтым заснавальнік Wargaming Віктар Кіслы пасьля падзей жніўня 2020 году адзначаў, што кампанія Беларусь пакідаць не зьбіраецца.

«Мы ў палітыцы ніяк ня ўдзельнічаем як кампанія, мы робім гульні, — гаварыў тады Кіслы. — Прыватныя грамадзяне любых краін могуць выказваць сваю думку. Ацэньваць палітыку ня нашая справа».

Свабода паглядзела, што адбывалася з ІТ-сэктарам Беларусі за паўтара году з пачатку пратэстаў у Беларусі.

Кастрычнік 2019 году

У Лукашэнкі прайшла чарговая нарада з прадстаўнікамі ІТ-галіны. Яе вынікам сталі прагнозы хуткага падпісаньня новага дэкрэту, які павінен быў значна павялічыць сфэру дзейнасьці ПВТ і яшчэ больш лібералізаваць датычнае яго беларускае заканадаўства. Беларусь пасьля падпісаньня папярэдняга дэкрэту «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі» ў 2017 годзе стала першай краінай у сьвеце, якая легалізавала апэрацыі з крыптавалютамі. Новы дакумэнт абяцаў стаць ня менш прарыўным.

«Кіраўніцтва Парку ўжо працуе над дэкрэтам аб „ПВТ 3.0“, — гаварыў у кастрычніку 2019 году журналістам Віктар Пракапеня. — Каталізатарам, які ў разы павялічыць запатрабаванасьць у кадрах для ІТ, асабліва ў рэгіёнах».

Верасень 2020 году

Крыху больш як празь месяц пасьля пачатку пасьлявыбарных пратэстаў у Беларусі прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў указ аб прыцягненьні ва Ўкраіну «прадпрымальнікаў і высокакваліфікаваных спэцыялістаў», накіраваны на тое, каб зацікавіць супрацоўнікаў беларускай ІТ-галіны. Паводле інфармацыі «Нямецкай хвалі», толькі за гэты час ва Ўкраіну зь Беларусі пераехала каля 1 200 спэцыялістаў.

Акрамя Ўкраіны, прывабныя ўмовы для пераезду айцішнікаў зь Беларусі стварылі Літва і Польшча. Да канца восені 2020 году польскія працоўныя візы атрымалі каля 800 беларускіх ІТ-спэцыялістаў, яшчэ каля 1 000 чалавек выбралі Літву.

Беларускія ўлады назвалі такія дзеяньні «недружалюбнымі» і нават уручылі ўкраінскаму амбасадару ноту пратэсту.

Студзень 2021-га

Падвышэньне падатку на прыбытак для супрацоўнікаў кампаній — удзельніц ПВТ з 9 да 13% (фактычна да агульных умоваў. — РС). Плянавалася, што падатак падвышаюць на 2 гады «для пераадоленьня Беларусьсю наступстваў каранавірусу». Ранейшыя ўказы аб стварэньні і функцыянаваньні Парку высокіх тэхналёгій вызначалі фіксаваны памер падаткаў і зьмяшчалі гарантыі таго, што ўмовы працы кампаній — рэзыдэнтаў Парку мяняцца ня будуць.

Кастрычнік 2021-га

Паводле агучанай сузаснавальніцай стартап-хабу Imaguru Тацьцянай Марыніч інфармацыі, за год пасьля выбараў 9 жніўня 2020 зь Беларусі зьехалі каля 20 тысяч IT-спэцыялістаў (усяго ў ІТ-галіне ў Беларусі па стане на 2019 год працавалі каля 100 тысяч чалавек. Колькасьць стартапаў, якія пераехалі зь Беларусі ў іншыя краіны, склала 58% ад агульнай.

Сьнежань 2021 году

На працягу месяца сілавікі затрымалі як мінімум 4 топ-мэнэджараў і вядомых прадстаўнікоў беларускіх ІТ-кампаній: Дзяніса Насуру (EPAM), Глеба Скуратава (Oxagile), Дзьмітрыя Плашчынскага (сузаснавальнік і распрацоўнік WiFi Map), Андрэя Швыдрыка (EPAM) (dev.by).

15 сьнежня падчас паездкі ў Магілёўскую вобласьць Лукашэнка назваў найбольш неляяльных, на яго думку, уладзе людзей. «На прадпрыемствах прыватнай формы ўласнасьці ў нас заўсёды былі праблемы. Айцішнікі і іпэшнікі ў вас таксама ёсьць, — сказаў ён. — Каб не адбылося гэтага і цяпер і каб нам не прыйшлося зноў па вуліцах з аўтаматамі бегаць».

Люты 2022-га

Выданьне dev.by правяло ўласнае дасьледаваньне сытуацыі на ІТ-рынку Беларусі, падчас якога апыталі 3 000 супрацоўнікаў галіны. Каля 30% зь іх расказалі, што ўжо выехалі зь Беларусі, яшчэ столькі ж паведамілі, што плянуюць зрабіць гэта ў найбліжэйшы час. Толькі 15% апытаных сказалі, што не зьбіраюцца выяжджаць з краіны.

Сакавік 2022

Адміністрацыя «Парку высокіх тэхналёгій» разаслала кампаніям-рэзыдэнтам ліст з інфармацыяй пра магчымыя паслабленьні для супрацоўнікаў ІТ-галіны. Падпісаны кіраўніком Парку Ўсеваладам Янчэўскім ліст зьмяшчаў абяцаньні дамагчыся для айцішнікаў адтэрміновак ад прызыву ў войска, увесьці мараторый на фінансавыя праверкі кампаній, дазвол на выкарыстаньне крыптавалют, магчымае зьніжэньне падатку на прыбытак да ранейшых 9% і шэраг іншых.

«Ідэі мы ўжо данесьлі да ўраду, — пісаў Янчэўскі. — Нашыя тлумачэньні і аргумэнты чуюць, прычым ня толькі ва ўрадзе, але і ў шэрагу сілавых структур».

Красавік 2022

4 красавіка адбываецца нарада ў Лукашэнкі ў пытаньнях разьвіцьця ІТ-галіны. У той жа дзень аб сыходзе зь Беларусі і Расеі паведаміла кампанія Wargaming. 8 красавіка аб намеры пакінуць Расею афіцыйна паведаміла кампанія EPAM, галоўнай прычынай такога рашэньня яе кіраўніцтва назвала вайну Расеі супраць Украіны. Пра закрыцьцё беларускага прадстаўніцтва EPAM пакуль гаворкі няма, аднак на пачатку сакавіка кампанія абвесьціла, што спыняе прыём на працу людзей у Беларусі. У лютым стала вядома пра першае за 10 гадоў скарачэньне колькасьці беларускіх супрацоўнікаў кампаніі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG