Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларускі рэжым бачыць у айцішніках палітычных праціўнікаў


Парк высокіх тэхналёгій. Ілюстрацыйнае фота.

Працэс, які дзяржаўныя СМІ трактавалі як ператварэньне Беларусі ў ІТ-краіну, меў нечаканыя, прычым палітычныя, наступствы. Новыя тэхналёгіі, стварыўшы сучасныя сэктары эканомікі, спарадзілі работнікаў зь іншымі каштоўнасьцямі і ладам жыцьця.

Сьцісла:

  • Улады распачалі наступ на замежныя кампаніі, ІП і ІТ-сэктар.
  • Айцішнікі былі важнай складовай часткай леташніх пратэстаў.
  • Наяўнасьць вялікай сярэдняй клясы — гэта аснова дэмакратыі.
  • Разьвіцьцё ІТ-сэктару стымулявала канфлікт, стылёвы разрыў паміж людзьмі, якія жывуць у лічбавай сфэры, з гарызантальна арганізаванай сеткавай культурай, і дамінуючай у краіне аўтарытарнай, герархічнай кіроўнай вэртыкальлю.
  • ІТ-сэктар яўна ня ўпісваецца ў беларускую сацыяльную мадэль. Спыніць разьвіцьцё ІТ-тэхналёгій, як і прыватнага бізнэсу, Лукашэнка ня можа.


Пакуль абмяркоўваюцца наступствы заходніх сэктаральных санкцый, беларускія ўлады рэалізуюць свае сэктаральныя санкцыі супраць грамадзтва і эканомікі. Апошнімі месяцамі ліквідавалі структуры грамадзянскай супольнасьці. Працягваецца масавая чыстка ў дзяржаўных арганізацыях і прадпрыемствах. Цяпер узяліся за замежныя кампаніі, ІП і ІТ-сэктар.

15 сьнежня падчас паездкі ў Магілёўскую вобласьць Лукашэнка абазначыў патэнцыйных і, магчыма, рэальных палітычных праціўнікаў, неляяльных уладзе, даволі шырока: «На прадпрыемствах прыватнай формы ўласнасьці ў нас заўсёды былі праблемы. Айцішнікі і іпэшнікі ў вас таксама ёсьць... Каб не адбылося гэтага і цяпер і каб нам не прыйшлося зноў па вуліцах з аўтаматамі бегаць».

Ну а праціўнікаў, па магчымасьці, трэба нэўтралізоўваць. Апошнім часам ІП і ІТ-сэктару ўлады павялічваюць падаткі, узмацняюць рэпрэсіі. За першыя два тыдні сьнежня былі затрыманыя пяць топ-мэнэджараў і распрацоўшчыкаў IT-кампаній. Штодня сілавікі выкладваюць новае пакаяльнае відэа з айцішнікамі.

Сапраўды, айцішнікі былі важнай складовай часткай мінулагодніх пратэстаў. Улады былі вымушаныя гэта прызнаць, насуперак прапагандысцкім упэўніваньням, што пратэстоўцы — гэта крымінальнікі, наркаманы, прастытуткі і беспрацоўныя.

Лукашэнку гэта асабліва абурае: ён сам неаднойчы казаў — я ж іх сам спарадзіў, «сваімі грудзямі выкарміў». Маецца на ўвазе, што ён стварыў Парк высокіх тэхналёгій, фактычна афшор з ільготнымі ўмовамі для гаспадарчых суб’ектаў. У верасьні 2020 году Лукашэнка шчыра абураўся: «Скажыце, а што трэба айцішнікам? Я ж ужо для іх стварыў рай. Не, аказваецца, ім чагосьці не хапае». Затрыманых айцішнікаў прымушаюць на камэру апавядаць, якія ў іх заробкі, а потым трансьлююць гэта на дзяржаўных тэлеканалах.

Думаю, абурэньне Лукашэнкі шчырае. Ён сапраўды не разумее, як гэта можна яшчэ за нешта змагацца, за нейкую абстрактную свабоду, маючы высокія заробкі. Гэта па-за яго разуменьнем.

Між тым даўно даказана, што наяўнасьць вялікай сярэдняй клясы — гэта аснова дэмакратыі. У гэтым сэнсе цікавы досьвед так званых «азіяцкіх тыграў»: Тайвань, Паўднёвая Карэя і інш. У выніку мадэрнізацыі, якую ажыцьцявілі аўтарытарныя рэжымы, там зьявілася сярэдняя кляса, якая запатрабавала дэмакратыі. Калі праблема выжываньня вырашана, людзі пачынаюць думаць пра якасьць жыцьця, а яе неабходны складнік — свабода ў самым шырокім разуменьні, магчымасьць уплываць на палітычныя працэсы. Беларускі эканаміст Міхась Залескі пісаў: «Той, хто займеў грошай больш, чым на хлеб, чым далей, тым болей адчувае смак свабоды. А той, у каго грошай многа, мусіць задумацца пра бясьпеку сваіх інвэстыцыяў. Гэтак людзі адкрываюць сьвет права».

Таму цалкам лягічна, што працэс, які дзяржаўныя СМІ трактавалі як ператварэньне Беларусі ў ІТ-краіну, меў нечаканыя, прычым палітычныя, наступствы. Новыя тэхналёгіі, стварыўшы сучасныя сэктары эканомікі, у прыватнасьці, ІТ-галіну, спарадзілі работнікаў зь іншымі каштоўнасьцямі і ладам жыцьця. Яны стымулявалі канфлікт, стылёвы разрыў паміж людзьмі, якія жывуць у лічбавай сфэры, з гарызантальна арганізаванай сеткавай культурай, і дамінуючай у краіне аўтарытарнай, герархічнай кіроўнай вэртыкальлю. Грамадзянская супольнасьць Беларусі, гарызантальныя сувязі, якія актыўна запрацавалі ў 2020 годзе (тэлеграм-каналы і чаты), ствараліся на базе лічбавых плятформаў.

ІТ-сэктар яўна ня ўпісваецца ў беларускую сацыяльную мадэль. Спыніць разьвіцьцё ІТ-тэхналёгій, як і прыватнага бізнэсу, Лукашэнка ня можа. І як бы ён ні трымаўся за дзяржаўны сэктар эканомікі, штучна падтрымліваючы яго, ашукаць гісторыю ня ўдасца.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG