Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Добры выбар для хуткага пераезду, ня трэба візы і проста дабрацца». Чаму беларускія айцішнікі выбіраюць Узбэкістан


Узбэкістан, 31 сакавіка 2022
Узбэкістан, 31 сакавіка 2022

Ад пачатку вайны ва Ўкраіне каля чвэрці беларускіх ІТ-кампаніяў прапанавалі сваім супрацоўнікам перабрацца ў Азію.

Ад пачатку вайны Ўкраіны і Расеі перад беларускімі ІТ-спэцыялістамі востра паўстала пытаньне рэлякацыі. Паводле парталу dev.by, адразу чвэрць кампаніяў (25,6%) прапануе супрацоўнікам сярод варыянтаў пераезду Ўзбэкістан. Часьцей як варыянт для рэлякацыі прапануюць толькі Польшчу, Літву і Грузію.

Чаму некалькі сотняў беларускіх айцішнікаў апынуліся ва Ўзбэкістане? Чым прываблівае і чым адштурхоўвае гэтая краіна? Пра гэта Свабодзе расказала Марыя, якая апошні месяц правяла ў Ташкенце.

«Калі б у Беларусі адключылі інтэрнэт, то як працаваць?»

«У першы тыдзень вайны было зусім незразумела, што і як будзе ў Беларусі. Ці ўвядзе Лукашэнка войскі ва Ўкраіну? Калі б так адбылося — то краіна стала б для ўсяго сьвету такой жа таксычнай, як і Расея, зь якой уцякаюць заказчыкі, працаваць зь ёю — значыць сапсаваць рэпутацыю. З другога боку, калі б у Беларусі адключылі інтэрнэт, як працаваць у такой сытуацыі? З улікам гэтых двух фактараў трэба было супакоіць замоўцаў, што „шоў будзе працягвацца“. Ну і, вядома, была рызыка, што Беларусь трапіць пад тыя ж санкцыі, што і Расея, у карыстаньні банкаўскімі карткамі — і ў гэтым выпадку незразумела, як выплачваць супрацоўнікам заробкі».

Марыя кажа, што яе кампанія запусьціла маштабную праграму хуткай рэлякацыі. Выбар краінаў, кажа суразмоўца, быў дастаткова вялікі, але перавагу аддавалі тым, у якіх бязьвізавы рэжым зь Беларусьсю.

Польшча, Літва і Чэхія былі адрынутыя, бо сям’я Марыі палічыла, што менавіта туды паедзе асноўная частка ўцекачоў ад вайны. У Грузію не паехалі, бо менавіта гэтая краіна стала асноўным цэнтрам рэлякацыі расейцаў і беларусаў, таму там шалёна ўзьляцелі цэны на жыльлё і авіябілеты. Армэнію адкінулі праз магчымае размарожваньне канфлікту ў Карабаху. Казахстан — празь ня самую стабільную палітычную сытуацыю, у краіне пару месяцаў таму была няўдалая спроба перавароту з шматлікімі выпадкамі марадэрства. А Турэччыне паставіў стоп сын Марыі, які хацеў бы, каб у краіне разумелі расейскую ці беларускую мову.

«Вялікі плюс — рэйс Менск — Ташкент»

Менавіта так у сьпісе на рэлякацыю пераможцам выйшаў Узбэкістан.

«Вялікі плюс — Узбэцкія авіялініі маюць просты рэйс Менск — Ташкент. Добры выбар для хуткага пераезду, бо ня трэба візы і проста дабрацца. Але рашэньне далося цяжка. Кніжка „Поезд на Самарканд“, прыказка „Ташкент — горад хлебны“ моцна трымаліся ў памяці, нагадваючы эміграцыю падчас Першай і Другой сусьветнай войнаў. Прайшло столькі часу, а мы зноў вымушаны выбіраць тую ж краіну? Дома, у Беларусі, заставалася ўсё дарагое нам — родныя, сябры, дом. Дый сама краіна, за вызваленьне якой мы змагаемся ўжо два гады, не зьяжджаючы, нягледзячы ні на што. „Гэта часова, толькі на месяц“ — такі быў плян кампаніі. Трэба зьберагчы рэпутацыю кампаніі зараз, каб мець магчымасьць працягваць працу зь Беларусі потым».

Ва Ўзбэкістане
Ва Ўзбэкістане

Марыя кажа, што жыцьцё ва Ўзбэкістане таньнейшае за беларускае, жыць на беларускі заробак там можна дастаткова проста.

«Акрамя таго, тут цікава — магчымасьць акунуцца ў іншую культуру, пры гэтым большасьць насельніцтва разумее расейскую мову».

«Толькі ў Ташкенце змагла нарэшце выдыхнуць»

Ва Ўзбэкістане ёсьць аналяг беларускага Парку высокіх тэхналёгіяў, ён называецца «ІТ-парк». Для яго рэзыдэнтаў падаходны падатак складае 7,5%, ад іншых падаткаў вызваленыя. Менавіта гэтым урад у Ташкенце спрабуе прыцягнуць да сябе айцішнікаў з розных краін.

«Да плюсаў Узбэкістану хачу дадаць яшчэ адлегласьць гэтай краіны ад дому. Толькі выехаўшы зь Беларусі так далёка, я змагла нарэшце выдыхнуць, пазбавіцца, хоць і на невялікі час, адчуваньня асабістай адказнасьці за ўсё, што адбываецца на нашых паўднёвых межах. Гэтае адчуваньне, што я магу спыніць увесь гэты жах, але праз сваю баязьлівасьць гэтага не раблю, атручвала жыцьцё, забіраючы ўсе сілы».

Ва Ўзбэкістане
Ва Ўзбэкістане

«Вельмі шмат паліцыі ў мэтро, на дарогах»

Пры гэтым Марыя кажа, што ні ў якім разе ня трэба блытаць турызм і эміграцыю. Мінусаў у жыцьці ў Ташкенце таксама хапае.

«Галоўная нязручнасьць — гэта плюс дзьве гадзіны розьніцы зь менскім часам. На выходных усё добра, жывеш па мясцовым часе, але ў працоўны дзень трэба заканчваць працу мінімум а 8-й вечара, а на практыцы яшчэ і пазьней — гэта даецца цяжка. Праз гэта не ўдаецца паглядзець большасьць ташкенцкіх музэяў, якія працуюць да 5 вечара. Працуем з дому, у офіс езьдзілі некалькі разоў, але тут няма ніякай розьніцы з нашым ранейшым ладам жыцьця — апошнія два гады таксама працавалі з дому. Ня вельмі добра, што дзіця таксама з намі ўвесь дзень — малюе, гуляе, вучыцца самастойна. Дастатковай увагі ад бацькоў, якія працуюць, чакаць не даводзіцца».

Ва Ўзбэкістане
Ва Ўзбэкістане

Што да палітычнай сытуацыі ва Ўзбэкістане, то Марыя лічыць, што для нейкіх высноваў пажыць у краіне варта трохі даўжэй.

«На першы погляд, людзі жывуць паводле прынцыпу: „Ёсьць хан, а ёсьць мы. Хана мы паважаем, але жывём сваімі прыватнымі справамі“. Вельмі шмат паліцыі — у мэтро, на дарогах, проста на вуліцах. Ня тое каб гэта пужала, але і не сказаць, што падабаецца».

«Мы ўдзячныя Ўзбэкістану, што ён зноў прымае хвалі эміграцыі»

Што тычыцца стаўленьня мясцовых жыхароў да беларусаў, то яно добрае, нічым не зьмянілася ад пачатку вайны.

«Мы тут госьці. І гасьцямі застанемся. Цікава размаўляць зь мясцовымі жыхарамі, тут насамрэч ёсьць павага да старэйшых, да тых, хто пры ўладзе. Цікава хадзіць па музэях і па базарах, разглядаць шыкоўную мазаіку мэдрэсе і мячэцяў, вышыўку і тканіну, гліняны посуд. Але паспрабаваць стаць часткаю гэтага жыцьця, адправіць дзіця ў мясцовую школу ня хочацца. Мы ўдзячныя Ўзбэкістану, што ўжо другое стагодзьдзе ён прымае хвалі эміграцыі з захаду, але ў нас ёсьць радзіма, дзе нам хочацца жыць, працаваць, сябраваць і гадаваць дзяцей».

Ва Ўзбэкістане
Ва Ўзбэкістане

Сям’я жыла ў гатэлі, дзень у якім абыходзіцца ў 55-75 даляраў. Наняць двух-трохпакаёвую кватэру пры лініі мэтро ў Ташкенце цяпер каштуе каля 600 даляраў. Паесьці ў кавярні на дваіх — каля 10-15 даляраў.

«Праграма хуткай рэлякацыі канчаецца ў красавіку. Кампанія запусьціла новую праграму рэлякацыі на тэрмін 9+ месяцаў зь яшчэ большым сьпісам краін. Пакуль што браць у ёй удзел не плянуем, але, маючы досьвед паездкі ва Ўзбэкістан, разумеем, што гэта ня так жахліва і складана, як здавалася раней», — падсумоўвае Марыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG