Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шарль Дэ-Клэр», кіраўнік клюбу ралевікоў «Срэбны адзінарог». Што вядома пра затрыманага памочніка Мясьніковіча Дзьмітрыя Шадко


Дзьмітры Шадко на прэзэнтацыі маркі да 100-годзьдзя камсамолу
Дзьмітры Шадко на прэзэнтацыі маркі да 100-годзьдзя камсамолу

Праваабаронцы лічаць, што Шадко затрымалі ў справе дывэрсіі ў Мачулішчах. Ператрусы з канфіскацыямі прайшлі і ў іншых ралевікоў.

Блізкі да сілавікоў расейскі тэлеграм-канал Baza 13 сакавіка паведаміў, што ў Маскве зьнік беларускі чыноўнік. Гаворка ішла пра 44-гадовага Дзьмітрыя Шадко, які апошнім часам займаў пасаду памочніка старшыні калегіі Эўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіла Мясьніковіча.

Апошні раз Шадко бачылі 9 сакавіка. Сябры і знаёмыя чыноўніка падалі заяву аб зьнікненьні ў паліцыю. Расейскія сілавікі ўскрылі кватэру Шадко, але там яго не было.

Праваабаронцы зь «Вясны» 14 сакавіка паведамілі, што Дзьмітры Шадко быў затрыманы на працоўным месцы ў справе дывэрсіі ў Мачулішчах, калі пры дапамозе дронаў быў атакаваны расейскі самалёт А-50. «Вясноўцы» дадалі, што Шадко доўгі час браў актыўны ўдзел у руху ралевікоў, а раней затрымалі некаторых яго знаёмых.

«Канфлікты — гэта не пра Дзьмітрыя»

Крыніцы Свабоды расказалі, што Дзьмітры Шадко сапраўды вельмі даўно быў у руху ралевікоў. Больш за тое, апошнія гады ён узначальваў найстарэйшы ў краіне клюб ролевага мадэляваньня «Срэбны адзінарог» (або «Дом срэбнага адзінарога»). У асяродзьдзі ралевікоў Шадко быў вядомы пад псэўданімам «Шарль Дэ-Клэр». Паходжаньне псэўданіму невядомае, рэальнай гістарычнай асобы з такім імем не існуе.

Шадко вёў адразу дзьве старонкі «ЎКантакце», адну пад сапраўдным імем, другую — пад выдуманым.

Ралевікі — гэта субкультура, удзельнікі якой займаюцца ролевымі гульнямі жывога дзеяньня. У адрозьненьне ад рэканструктараў, ралевікі не прытрымліваюцца строгай гістарычнай праўды.

Вось, напрыклад, адна з абвестак Шадко:

«Ролевая гульня пра некалькі дзён з жыцьця невялікага кляштара ордэна Фантэўра ў год 1241 ад Нараджэньня Хрыстовага. Галоўныя дзеючыя асобы гэтай гісторыі — манахі і манахіні (так, статут ордэна дазваляў іх сумеснае пражываньне). Побач зь імі — некаторая колькасьць людзей, якіх патрэба ці лёс прывялі пад дах кляштара ў гэтыя дні. Але ў цэнтры — усё ж кляштар. Маленькі ўнівэрсум. Самадастатковы і самакаштоўны. Менская вобласьць. 29 красавіка — 2 траўня 2020 году».

Маглі быць і іншыя, самыя розныя тэматыкі — Хогвартс, грэцкія багі, прыгоды ў Мэксыцы. Кожны сьнежань Дзьмітры Шадко праводзіў апытаньне, дзе прасіў ацаніць вынікі гульняў у каляндарным годзе — агульныя ўражаньні, праца майстроў (задума, правілы, сюжэт) і граньне ўдзельнікаў.

Клюб «Срэбны адзінарог» існуе ад 14 лютага 1996 году. У 2016-м клюб адзначаў 20-годзьдзе дзейнасьці вечарынай у менскай Ратушы.

Паводле крыніц Свабоды, ператрусы таксама прайшлі дома ў некаторых іншых ралевікоў, забіралі кампутары і мабільныя тэлефоны. Суразмоўцам дакладна невядома, ці зьвязана гэта з гісторыяй у Мачулішчах.

«Магу сказаць, што канфлікты — гэта не пра Дзьмітрыя», — кажа адзін ягоны знаёмы.

У 2019 годзе КДБ ужо абвяргаў затрыманьне Шадко

Дзьмітры Шадко нарадзіўся ў 1979 годзе ў Менску, рос у Заводзкім раёне сталіцы. Скончыў БДУІР, а таксама Акадэмію кіраваньня. Папрацаваў у цэнтральным камітэце БПСМ (папярэднік БРСМ), быў галоўным рэдактарам часопіса «Плянэта» (зьмяніў на гэтай пасадзе Ўсевалада Янчэўскага).

У 2011 годзе Шадко стаў намесьнікам міністра інфармацыі. На гэтай пасадзе ён абяцаў зрабіць інтэрнэт цікавым для пэнсіянэраў. Менавіта Шадко агучваў ініцыятыву перавесьці інтэрнэт-рэсурсы ў разрад СМІ.

З 2014 да 2019 году Шадко быў першым намесьнікам міністра сувязі і інфарматызацыі. Лабіяваў «дэкрэт аб лічбавай эканоміцы». У 2019 годзе зьявілася паведамленьне, што Шадко мог быць затрыманы ў справе гендырэктара «Белтэлекама» Сяргея Сівадзедава, але празь нейкі час КДБ абверг гэтую інфармацыю.

Тым ня менш Шадко тады сышоў зь дзяржаўнай працы. Два гады быў дырэктарам у кампаніі ТАА «ДФС». Гэтая кампанія — частка холдынгу «Банк БэлВЭБ», займаецца продажам і разьмяшчэньнем токенаў (адзінка ўліку, якая замяняе каштоўныя паперы ў лічбавым сьвеце. — РС). З гэтай працы Шадко сышоў у кастрычніку 2021 году.

14 жніўня 2020 году Шадко паставіў у фэйсбуку аватарку з надпісам «Маліцеся за Беларусь». Ніякай палітычнай актыўнасьці на яго старонках няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG