Дзьверы Беларусі адчыненыя для правядзеньня на яе тэрыторыі перамоваў па Ўкраіне. Усё залежыць ад палітычнай волі Кіева, заявіў у інтэрвію «РИА Новости» міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік, словы якога прыводзіць БелТА.
Паводле яго, Беларусь заўсёды гатовая прыняць на сваёй зямлі бакі для правядзеньня перамоваў аб міры.
«Нашы дзьверы для мірных перамоваў адчыненыя, яны заўсёды былі, ёсьць і застаюцца адчыненымі. Мы заўсёды будзем гатовыя прыняць у сябе на беларускай зямлі перамовы, якія, як мы спадзяёмся, будуць садзейнічаць аднаўленьню міру і спыненьню кровапраліцьця ва Ўкраіне», — падкрэсьліў Сяргей Алейнік.
Алейнік лічыць, што «ўсё ў руках палітыкаў», а народ Украіны стаміўся ад пакутаў, якія зазнае ў час вайны.
Таксама міністар лічыць непахісным міралюбны прынцып існаваньня Беларусі.
«Беларусь заўсёды была і застаецца міралюбнай дзяржавай. З тэрыторыі Беларусі ніколі не зыходзіла і ня будзе зыходзіць пагроза. Згодна з нашай Канстытуцыяй, з тэрыторыі Беларусі ня можа быць зьдзейсьнена ніякая агрэсія. Гэта непарушныя пастуляты», — дадаў Алейнік.
Як Беларусь падтрымала расейскі напад на Ўкраіну
24 лютага 2022 году Расея пачала поўнамаштабнае ўварваньне на тэрыторыю Ўкраіны, тым самым стартавала другая фаза агрэсіі на ўкраінскую тэрыторыю. Першая пачалася ў 2014 годзе і засяроджвалася на Крыме, Данецкай і Луганскай вобласьцях. Уварваньне ў 2022 годзе адбылося ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Гэтаму папярэднічалі сумесныя вучэньні беларускага і расейскага войскаў.
Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
Тэрыторыя Беларусі і пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскім войскам для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне ў асобныя пэрыяды.
10 кастрычніка 2022 году Аляксандар Лукашэнка абвясьціў пра дамоўленасьць з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным разгарнуць рэгіянальную групоўку войскаў на тэрыторыі Беларусі.
У студзені 2023 году прайшла тыднёвая трэніроўка аб’яднанага камандаваньня «рэгіянальнай групоўкі войскаў». З пачатку 2023 году ў Беларусі пэрыядычна таксама праводзяць вучэньні тэрытарыяльных войскаў. Вучэньні адбываюцца на фоне вайны, якую Расея вядзе супраць Украіны. У гэтай агрэсіі кіраўніцтва Беларусі падтрымлівае Крэмль, хоць беларускае войска ў баях ня ўдзельнічае.
Украіна актыўна ўмацоўвае паўночныя тэрыторыі, каб не дапусьціць паўторнага ўварваньня праціўніка зь Беларусі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум