Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можа Каардынацыйная рада адхіліць Латушку? Інтэрвію з Андрэем Ягоравым


Прадстаўнікі першага складу Каардынацыйнай рады беларускай апазыцыі Павал Латушка, Марыя Калесьнікава, Вольга Кавалькова, Максім Знак і Сяргей Дылеўскі на прэс-канферэнцыі ў Менску, 18 жніўня 2020
Прадстаўнікі першага складу Каардынацыйнай рады беларускай апазыцыі Павал Латушка, Марыя Калесьнікава, Вольга Кавалькова, Максім Знак і Сяргей Дылеўскі на прэс-канферэнцыі ў Менску, 18 жніўня 2020

Палітоляга Андрэя Ягорава 12 сакавіка выбралі сьпікерам Каардынацыйнай рады.

У інтэрвію Свабодзе ён тлумачыць ролю, значэньне і цяперашнюю структуру КР, камэнтуе дэмарш Паўла Латушкі і адказвае на пытаньне, ці можа Рада адхіліць Сахашчыка, Кавалеўскага ды іншых сяброў Аб’яднанага пераходнага кабінэту.

Сьцісла:

  • На сёньня Каардынацыйная рада — найбольш прадстаўнічы орган дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасьці.
  • Ці можа Каардынацыйная рада адхіліць Латушку ці Сахашчыка?
  • Выкарыстаньне перамоваў як адзін з магчымых спосабаў разьвязаньня палітычнай сытуацыі было зафіксавана ў мандаце КР ад самога пачатку яе існаваньня.
  • Дэмакратычным сілам трэба больш згуртаванасьці, апірышча на максымальна прадстаўнічую структуру, якая аб’яднала б шырокі рух.

— Я думаю, што для нашых чытачоў, нават палітычна актыўных, варта для пачатку патлумачыць, што такое сёньня Каардынацыйная рада, якая выбрала вас сваім сьпікерам. Як яна сфармаваная, каго прадстаўляюць сябры Рады? Хто тыя 96 чалавек, якія галасавалі падчас выбараў сьпікера?

— На сёньня КР — гэта найбольш прадстаўнічы орган дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасьці, які аб’ядноўвае найбольшую колькасьць грамадзкіх і палітычных арганізацыяў. Натуральна, Рада аб’ядноўвае ня ўсе сілы, ня ўсе структуры, але па колькасьці і шырыні прадстаўніцтва гэта самая сур’ёзная палітычная структура.

— Але Каардынацыйную раду ніхто не выбіраў, яна фармуецца паводле прынцыпу прадстаўніцтва ад тых арганізацыяў, якія самі праявілі ініцыятыву. Даўно гавораць пра магчымасьць прамых выбараў сяброў КР. Як на сёньня выглядаюць справы з гэтай ідэяй?

— Ідэя прамых выбараў ёсьць, і ёсьць пэўныя тэхнічныя магчымасьці арганізаваць такія выбары. Але калі мы хочам мець прадстаўнікоў зь Беларусі і арганізоўваць галасаваньне ня толькі ўнутры дыяспары, але і сярод грамадзянаў Беларусі ў самой Беларусі, то трапляем у сытуацыю, калі немагчыма галасаваць, зыходзячы з інтарэсаў бясьпекі. Бо людзі, якія публічна пагодзяцца быць кандыдатамі ў сябры КР, аўтаматычна трапляюць пад рэпрэсіі. І нават галасаваньне на нейкай плятформе сілавікі могуць выкарыстаць як падставу для рэпрэсіяў. Таму цяпер такое галасаваньне можа быць толькі сярод дыяспары.

Андрэй Ягораў
Андрэй Ягораў

Другі момант — у прынцыпах фармаваньня такіх органаў. Першы склад КР фармаваўся шляхам адбору. Сьвятлана Ціханоўская прызначыла Максіма Знака і Вольгу Кавалькову, якія выбралі сярод вядомых асобаў Беларусі нейкае кола людзей, якія мусілі стаць Каардынацыйнай радай і вырашалі б пытаньні перамоваў у справе разьвязаньня палітычнага крызісу. Таму першы склад ня меў нават працэдуры дэлегаваньня...

— А цяперашні, «другі» склад мае такую працэдуру?

— Вядома. Гэта была абвешчаная адкрытая працэдура. Любая арганізацыя магла дэлегаваць свайго прадстаўніка, людзі маглі падавацца ў індывідуальнай якасьці. 84 заяўкі ад арганізацыяў былі пададзеныя. Фактычна ў склад Рады трапілі ўсе, хто быў вэрыфікаваны пэрсанальна ці чыя арганізацыя была вэрыфікаваная і дзе не ўзьнікала пытаньняў, зьвязаных зь бясьпекай.

— А якая ваша функцыя як сьпікера? Гэта хутчэй «прадстаўнік», першы сярод роўных, ці ў нейкай ступені «кіраўнік»?

— На сёньняшні дзень Радай кіруе Нарада фракцыяў. І сьпікер, безумоўна, абмежаваны тымі рашэньнямі, якія прымае Нарада, і зьвязаны кансэнсусам гэтых фракцыяў, а таксама агульнымі рашэньнямі ўсіх дэлегатаў. Таму сьпікер выконвае найперш прадстаўнічыя функцыі. Самыя важныя пытаньні вырашаюцца агульным сходам, а бягучыя — Нарадай фракцыяў.

— Якімі вы бачыце адносіны паміж КР і Аб’яднаным пераходным кабінэтам? Рада хоча кантраляваць Кабінэт, як сапраўдны парлямэнт кантралюе сапраўдны ўрад?

— Сам Аб’яднаны пераходны кабінэт і Сьвятлана Ціханоўская падчас канфэрэнцыі Новай Беларусі гаварылі аб функцыях Каардынацыйнай рады як аб «протапарлямэнцкіх» функцыях. У кансультацыях наконт рэглямэнту, якія былі ў тым ліку разам з удзельнікамі Кабінэту, былі прапанаваны некаторыя істотныя рэчы — напрыклад, наконт прызначэньня сяброў Кабінэту, справаздачнасьці Кабінэту, нават унясеньня вотуму недаверу Кабінэту. Гэта адбываецца з пэўнымі дыскусіямі, але пра нейкі канфлікт я б не гаварыў. Хіба хто за выключэньнем некаторых заяваў Паўла Латушкі. Пакуль нам удаецца знаходзіць кампрамісы.

— Дык, паводле прынятага рэглямэнту, якія ўсё ж функцыі ў КР у дачыненьнях з Кабінэтам?

— Каардынацыйная рада зацьвярджае склад Аб’яднанага пераходнага кабінэту, яна можа прапаноўваць сваіх прадстаўнікоў у гэты склад. Рада прымае справаздачы сяброў Кабінэту, уключна з пытаньнямі фінансавай дзейнасьці. Рада можа даваць свае ацэнкі гэтым справаздачам, уключна з вынясеньнем вотуму недаверу ўсяму Кабінэту.

— То бок, Каардынацыйная рада мае права адхіліць і Латушку, і Сахашчыка?

— Тут складанае пытаньне. Мы можам рэкамэндаваць, вынесьці сваё меркаваньне, але канчатковае рашэньне будзе прымаць Сьвятлана Ціханоўская. Падрабязны пратакол усіх гэтых складаных правоў і ўзаемаадносінаў мусіць быць яшчэ расьпісаны.

— Вы самі згадалі даволі рэзкую крытыку з боку Паўла Латушкі. Сярод іншага ў сваім дэмаршы ён заяўляў, што ў Каардынацыйнай рады зьявіліся настроі на дыялёг з рэжымам, і гэтыя настроі ён кардынальна не падзяляе.

— Ніколі не было такой сытуацыі, каб такіх настрояў зусім не было ўнутры КР. Размова не пра дыялёг, а пра выкарыстаньне перамоваў як адзін з магчымых спосабаў разьвязаньня палітычнай сытуацыі. І гэта было ўнесена ў мандат КР ад самога пачатку яе існаваньня. Можа быць, Латушка зрабіў палітычны крок наперад, спрабуючы ня даць разьвівацца небясьпечнай, зь ягонага гледзішча, сытуацыі — наконт таго, у які бок можа дрэйфаваць КР. Але мне здаецца, гэта былі залішнія перасьцярогі з ягонага боку.

— Вы нават зрабілі адмысловы допіс у фэйсбуку, дзе патлумачылі, што вашая асабістая пазыцыя ніяк не адрозьніваецца ад агульнай лініі дэмакратычных сілаў. Чаму давялося рабіць такое тлумачэньне?

— Бо некаторыя мае публічныя словы былі інтэрпрэтаваныя так, нібыта я заклікаю да зьняцьця санкцыяў, неадкладных перамоваў. Магчыма, тут паўплывала мая экспэртная пазыцыя, дзе я шмат разоў выказваўся, ці іншыя заявы, які я рабіў як палітычны аналітык. Таму я вымушаны быў удакладніць, што няма ніякага адрозьненьня ў маёй пазыцыі ад пазыцыі Сьвятланы Ціханоўскай.

— У камэнтарах у сацыяльных сетках да абраньня вас сьпікерам КР многія людзі скептычна настроеныя і пытаюцца, што беларусам можа даць гэтая структура, дзеля чаго яна існуе, як можа ўплываць на жыцьцё ўнутры Беларусі, каму гэта пойдзе на карысьць?

— Дэмакратычным сілам трэба больш згуртаванасьці, ім патрэбна апірышча на максымальна прадстаўнічую структуру, якая б аб’яднала шырокі дэмакратычны рух. Каардынацыйная рада магла б зьбіраць у сябе самыя розныя палітычныя галасы, арганізацыі грамадзянскай супольнасьці Беларусі і стаць ядром шырокага агульнага нацыянальна-вызваленчага руху.

На сёньня мы назіраем цэнтрабежныя тэндэнцыі ўнутры дэмакратычнага руху. Каардынацыйная рада можа стаць супрацьвагай гэтым нэгатыўным тэндэнцыям. Бо яна накіраваная на аб’яднаньне, кансалідацыю і публічны дыялёг паміж самымі рознымі часткамі беларускага дэмакратычнага руху. Рада павінна ўзмацняць агульнае адзінства.

  • Пасьля выхаду інтэрвію стала вядома, што Андрэй Ягораў сышоў з Офіса Сьвятланы Ціханоўскай. Наваабраны спікер Каардынацыйнай рады ня можа сумяшчаць працу ў Офісе і пасаду ў КР з прычыны канфлікту інтарэсаў. У сувязі з гэтым Андрэй Ягораў напісаў афіцыйную заяву аб спыненьні працоўных адносінаў з Офісам Сьвятланы Ціханоўскай.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG