Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прасілі дапамагчы зьняць санкцыі». Размова з кіраўніком Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой Яўгенам Бурым


Яўген Буры
Яўген Буры

У вялікай размове са Свабодай былы супрацоўнік Савету бясьпекі Беларусі расказаў, што Лукашэнка рабіў з прапановамі ў лібэралізацыі эканомікі і чаму ня верыць у вяртаньне беларускага бізнэсу, які пасьля 2020 году пакіну краіну.

Мэта АВВА — падтрымаць бізнэс, які быў рэпрэсаваны

Асацыяцыя беларускага бізнэсу за мяжой (АВВА) афіцыйна была створана ў верасьні 2021 году.

Паводле ацэнак эканамічнай каманды Офісу Сьвятланы Ціханоўскай і Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой (АВВА), у Эўразьвязе са жніўня 2020 года да ліпеня 2022 года было зарэгістравана звыш 2000 кампаній зь беларускімі каранямі (80% зарэгістравана ў Польшчы). Колькасьць беларускіх індывідуальных прадпрымальнікаў і стартапаў у ЭЗ за той жа пэрыяд павялічылася на 2000. З таго часу гэтыя лічбы істотна вырасьлі.

«Пасьля пратэстаў 2020 года шмат людзей вымушаны былі выехаць, і ў Польшчы ўжо былі сфармаваныя „кам’юніці“, дыяспара, якія дапамагалі дзецям, інвалідам, палітзьняволеным і іх сем’ям. Зьявілася шмат ініцыятыў, але ніхто не дапамагаў беларускаму бізнэсу. Самі бізнэсоўцы казалі, маўляў, давайце створым структуру, мэта якой — падтрымаць той бізнэс, які быў рэпрэсаваны.

У кастрычніку 2021 года мы зладзілі двухдзённы Belarus Business Harbour на Варшаўскай фондавай біржы, пасьля форуму пайшоў розгалас, што ёсьць такая асацыяцыя. Пляцоўку нам далі бясплатна. Калі б не дапамога палякаў, нічога б не атрымалася. Да нас сталі далучацца бізнэсоўцы, якія ў Польшчы былі ўжо даўно, па 5-10 гадоў. Мы пачалі задумвацца пра тое, каб стварыць яшчэ адну кампанію, далучылі яшчэ адну форму ўласнасьці — „Польскі зьвёнзак“, у які зараз уступаюць бізнэсоўцы, якія даўно ўладкаваліся ў Польшчы», — расказаў сузаснавальнік АВВА Яўген Буры.

У асацыяцыі беларускага бізнэсу ёсьць прадстаўніцтва ў краінах Балтыі — офіс у Вільні, якім кіруе Серж Наўроцкі. Прадстаўнік у Злучаных Штатах — Алесь Аляхновіч (дарадца ў эканамічных пытаньнях Офісу Сьвятланы Ціханоўскай. — РС). АВВА працуе з народнымі амбасадамі, якія стварылі ў 22 краінах.

Што да кірункаў дзейнасьці беларускага бізнэсу, яны абсалютна розныя, кажа Яўген Буры.

«Шмат будаўнічага бізнэсу, вытворчага малога бізнэсу (напрыклад, выраб штор ды іншага), шмат паслуг у сфэры гандлю, кавярні, кансалтынгавыя кампаніі па прасоўваньні інтарэсаў бізнэсу. Сюды прыехала багата мэдыкаў, лекараў, яны адкрываюць мэдустановы, стаматалёгіі. Мы працуем паўтара года, і ўжо наладжана зваротная сувязь. Кантактавалі зь рознымі бізнэсамі і зразумелі, якія ёсьць патрэбы».

Беларускі бізнэс мае патрэбу ў экспэртных кансультацыях

Другі кірунак працы — гэта экспэртнасьць. Бізнэсу вельмі не хапае экспэртных кансультацый — у юрыдычнай сфэры, у сфэры вядзеньня бізнэсу, карпаратыўнага права, працоўнага права

«У нас ёсьць экспэрты, дарадцы, якія зьяўляюцца прафэсіяналамі і кансультуюць беларускі бізнэс. Да прыкладу, дарадца Ганна Маціеўская, якая працуе ў буйной польскай юрыдычнай кампаніі. Яна атрымала адукацыю ў Польшчы, але па пашпарце беларуска. Вельмі ідэйны чалавек. Яна дапамагала сям’і Ганны Канавалавай з афармленьнем апекі над унукамі, бо бацькі дзяцей знаходзяцца за кратамі.

Ёсьць кампаніі, заснаваныя беларусамі, якія даўно працуюць тут, у іх акрэдытаваны і вэрыфікаваны бізнэс. Мы заўсёды зацікаўленыя, каб беларусы дапамагалі беларусам. Бо няма моўнага бар’еру, ёсьць давер адзін да аднаго. Яны ня будуць задзіраць цэны, часьцяком бясплатна дапамагаюць адзін аднаму.

Праводзім шмат адукацыйных праграм, сэмінараў, якія выкладаем на ютуб-канал», — тлумачыць Яўген Буры.

Яўген Буры з прэзыдэнтам Польшчы Анджэем Дудай
Яўген Буры з прэзыдэнтам Польшчы Анджэем Дудай

Фонд выступіць гарантам перад банкам для фінансаваньня сур’ёзнага бізнэс-праекту

Трэці кірунак — гэта доступ да фінансаваньня. Сёньня беларускі бізнэс ня можа атрымаць крэдытаў ад таго, што ў яго папросту няма крэдытнай гісторыі на тэрыторыі Эўразьвязу.

«Банк ня можа выдаць крэдыт, таму што ня ведае, што гэта за бізнэс, ці здолее фірма вярнуць гэты крэдыт. Таму зараз мы вельмі шчыльна працуем над стварэньнем так званага гарантыйнага фонду, куды зможа зьвярнуцца бізнэсовец. Фонд разгледзіць заяўку, і калі гэта сапраўды сур’ёзны праект, выступіць гарантам перад банкам камэрцыйным: калі бізнэсовец ня здолее выплаціць крэдыт, яго верне фонд.

Выпрацоўваем мэханізм, ідзе абмеркаваньне тэхнічных дэталяў, будзем зьбіраць грошы — разам з камісіяй ЭЗ і Банкам разьвіцьця Польшчы. Гэта сапраўды можа вырашыць сур’ёзную праблему фінансаваньня. Мы можам пацьвердзіць банку, што гэта сябра нашай асацыяцыі, які прайшоў акрэдытацыю, вэрыфікацыю, пагадзіўся з нашым Кодэксам дзелавой этыкі, што гэты бізнэс не працуе з расейскімі ці беларускімі праўладнымі бізнэсамі, „гаманцамі“ ўладаў, што ён створаны не дзеля абыходу санкцый», — запэўнівае Яўген Буры.

Алесь Аляхновіч, Сьвятлана Ціханоўская і Яўген Буры на Эканамічным форуме ў польскім Карпачы у верасьні 2022 года
Алесь Аляхновіч, Сьвятлана Ціханоўская і Яўген Буры на Эканамічным форуме ў польскім Карпачы у верасьні 2022 года

«Можна сапсаваць дзелавую рэпутацыю ўсім беларусам. І так цяжка будзе яе аднаўляць!»

АВВА заняла прынцыповую пазыцыю: для яе вельмі важныя палітычныя погляды бізнэсоўцаў, дзелавая рэпутацыя беларусаў, запэўнівае Яўген Буры. Ён прызнаецца, што ў асацыяцыю зьвярталіся бізнэсоўцы з просьбай дапамагчы зьняць санкцыі зь нейкай прадукцыі ці вытворчасьці.

«Альбо прасілі: „Дапамажыце нашаму прадпрыемству, яно камэрцыйнае, але трапіла пад санкцыі, напішыце ў ЭЗ, каб іх зьнялі“. Пачынаем разьбірацца: ну якое гэта камэрцыйнае прадпрыемства, калі працуе на рэжым?

Быў даволі вялікі скандал, калі прыхільнікі рэжыму стварылі ва Ўкраіне кампаніі і праз украінскія фірмы гандлявалі палівам у Польшчы. Гэтаму ж хтосьці дапамагаў — у стварэньні схем абыходу санкцый!

Хацелася б зьвярнуцца да тых, хто працуе зь невэрыфікаваным бізнэсам. Калі польскія спэцслужбы гэта выявяць, па-першае, будуць сур’ёзныя наступствы. Па-другое, гэта ўбачаць украінцы. Можна сапсаваць рэпутацыю ўсім беларусам. І так цяжка будзе яе аднаўляць! Таму нам вельмі важна клапаціцца аб рэпутацыі ня толькі нашых сяброў асацыяцыі, але і ўвогуле беларусаў.

Бо калі такое будзе працягвацца, могуць быць наступствы для ўсіх беларусаў — аж да візавых банаў. Гэта будзе балюча адбівацца для ўсіх», — перакананы Яўген Буры.

Мільён эўра ад Эўразьвязу на падтрымку беларускага бізнэсу

ABBA і Эўрапейскі зьвяз пачынаюць новы праект у межах праграмы EU4Belarus на суму 1 мільён эўра. Ужо абвешчаны адкрыты конкурс, на які падалі каля 30 заявак. Праграма прадугледжвае правядзеньне чатырох конкурсаў, чатырох бізнэс-форумаў і ўдзелаў у выставе EXPO. Таксама закладзена кансалтынгавая падтрымка, адукацыйныя візыты і вывучэньне патрэбаў бізнэсу.

Партнэры АВВА — Гандлёва-прамысловая палата Польшчы (KIG), Літоўская бізнэс-канфэдэрацыя (LBC), Цэнтар сацыяльных і эканамічных дасьледаваньняў (CASE), Польская фондавая біржа. Дапамагае Польскае інвэстыцыйнае агенцтва, якое распрацавала праграму рэлякацыі беларускіх кампаній Poland Business Harbour і вырашае пытаньні з працоўнымі візамі. Асацыяцыя беларускага бізнэсу лічыць сваім партнэрам і Офіс Сьвятланы Ціханоўскай.

«Самы добры інвэстар для Беларусі — сам беларус»

Адназначнага адказу на пытаньне, ці вернецца бізнэс у Беларусь, калі там адбудзецца зьмена ўлады, Яўген Буры ня мае. На яго думку, вернуцца толькі сапраўдныя патрыёты.

«Я нават ня ведаю, што лепш. Калі бізнэс, які ўжо ўсталяваўся ў Польшчы, у Нямеччыне, набірае абароты, атрымлівае ўсё больш і больш прыбыткаў, закрыецца за мяжой і фізычна вернецца ў Беларусь? Ці няхай ён адчыніць іншы бізнэс ці філіял у Беларусі?

Я лічу, што будуць розныя варыянты. Хутчэй за ўсё, далёка ня ўсе вернуцца. Фізычна вернуцца такія сапраўдныя патрыёты. Але з пункту гледжаньня эканомікі самы добры інвэстар для Беларусі — гэта сам беларус. Ён ведае, што і як там працуе, як наладзіць вытворчасьць, і гэта будзе таньнейшая вытворчасьць, бо сёньня заробкі ў Эўропе значна адрозьніваюцца ад заробкаў у Беларусі. І гэта добра, што людзі будуць атрымліваць працоўныя месцы ў камэрцыйных кампаніях, а не ў дзяржаўных. Бо зь дзяржаўнымі невядома, што будзе».

Буры мяркуе, што беларуская эканоміка зможа трансфармавацца бяз шокавай тэрапіі, праз якую ў 90-я прайшла Польшча. На яго думку, калі адкрыюцца магчымасьці для разьвіцьця бізнэсу, будзе дастаткова працоўных месцаў у нармальных камэрцыйных кампаніях.

«Гэта не на фабрыку хадзіць, куды людзі ходзяць, каб дома не сядзець, бо сёньня фабрыкі выконваюць ролю біржы працы. Невядома, што эфэктыўней: плаціць дапамогу па беспрацоўі ці працаваць і заганяць гэтыя прадпрыемствы ў даўгі. Тыя, хто працуе на дзяржаўных прадпрыемствах, сутыкнуцца зь беспрацоўем. Але, калі будуць створаны ўмовы для разьвіцьця бізнэсу, эканоміка хутка перабудуецца.

Нібыта і шмат бізнэсаў выехала зь Беларусі, але многія проста ня маюць магчымасьці пераехаць, бо маюць вытворчасьць. Нельга ўзяць пад паху завод, фабрыку і перанесьці кудысьці ў Эўропу. 95% бізнэсу працягвае працу ў Беларусі. І гэты бізнэс калісьці скіне аковы».

«Што рабіў Лукашэнка з дакумэнтам? Ён яго проста камячыў»

У Беларусі Яўген Буры даволі доўга працаваў на дзяржаўнай службе: у эканамічнай сфэры (Міністэрстве падаткаў і збораў) і ў сілавым блёку (Савеце бясьпекі). Ён туды прыйшоў прыкладна ў той жа час, калі ва ўрад прыйшлі і маладыя рэфарматары з замежнай адукацыяй кшталту Кірыла Рудага і Васіля Мацюшэўскага. На пытаньне, ці хтосьці з чыноўнікаў высокага рангу мае ўплыў на Аляксандра Лукашэнку, ці прыслухоўваецца ён хоць да кагосьці, Буры пацьвердзіў, што спробы ўплываць былі.

«Я працаваў у сакратарыяце Савету бясьпекі 5 гадоў, з 2014-га. Там была створана камісія бясьпекі ў эканамічнай сфэры. Яе ўзначальваў Кірыл Руды, я быў сакратаром. У камісіі быў даволі ўплывовы склад, і, самае галоўнае, вельмі лібэральны. Калі былі б рэалізаваныя тыя прапановы, якія выпрацоўваліся, мы жылі б у зусім іншай Беларусі. Але калі не было б Лукашэнкі.

Былі сапраўды клясныя прапановы аб Парку высокіх тэхналёгій; супрацоўнікі разумелі, што і як трэба рабіць. Пісалі дакладныя, дакумэнты, як лічылі патрэбна. Але... Як тут сказаць памякчэй, што рабіў Лукашэнка з дакумэнтам?.. Ён яго проста камячыў», — кажа былы чыноўнік.

Пачынаючы з 2017 году, успамінае Яўген Буры, гайкі закручваліся, працаваць стала немагчыма. Калі рыхтаваўся Дэкрэт аб дармаедах, камісія бясьпекі ў эканамічнай сфэры Савету бясьпекі была катэгарычна супраць.

«Заўсёды было два лягеры: з аднаго боку лібэральны, а з другога — Мясьніковіч, Качанава і да іх падобныя. Я ня ведаю, што ў галовах гэтых людзей. Мы тлумачылі, што нельга прымаць Дэкрэт аб дармаедах, ён супярэчыць Канстытуцыі, іншым законам, здароваму сэнсу. Не, усё адно гэтыя законы прымаліся. І мы напісалі: калі вы прымеце гэты дэкрэт, то ў лютым людзі выйдуць на вуліцы. У гэта ніхто ня мог паверыць. Наш прагноз спраўдзіўся. Гэты чалавек усё будзе рабіць наадварот і па-свойму, насуперак парадам адмыслоўцаў і здароваму сэнсу», — сьцьвярджае Буры.

На яго думку, эканоміку Беларусі Лукашэнка ўспрымае як эканоміку ўласнай сям’і.

«Немагчыма патлумачыць з пункту гледжаньня эканомікі, чаму, да прыкладу, братам Карычам давалі найлепшыя кавалкі зямлі, камунікацыі за кошт гораду, і яны будавалі такі страх, як «Маяк Менску», «Менск-Сьвет», пачварны будынак на Кастрычніцкай плошчы. Немагчыма патлумачыць ні з пункту гледжаньня эканомікі, ні здароўя, чаму зьявіліся «Табакеркі», — перакананы былы чыноўнік.

Ні сур’ёзных бізнэсоўцаў, ні дробных прадпрымальнікаў Лукашэнка ня любіць, дадае Буры. Нават набліжаных да сябе Юрыя Чыжа, банкіраў Сяргея Касьцючэнку і Васіля Мацюшэўскага, буйнога прадпрымальника ў сфэры IT Віктара Пракапеню могуць пасадзіць, «вытрасьці» зь іх вялікія грошы, а потым зьлітасьцівіцца і адпусьціць, кажа Буры.

«Тое, чаго Лукашэнка баяўся раней, здарылася ў жніўні 2020-га. Улады казалі, што „ланцугі“ за Бабарыку — гэта буржуазная рэвалюцыя. Я сам гэтыя „ланцугі“ ўсе прайшоў, шмат размаўляў зь людзьмі. Найперш паўсталі людзі, якія не залежаць фінансава ад дзяржавы: бізнэсоўцы, айцішнікі. Прадпрымальнікі і раней ладзілі страйкі, пратэсты. А ўявіце сабе, што гэтыя забясьпечаныя людзі аб’яднаюцца — гэта вялікая моц! І гэты нюх Лукашэнку не падвёў.

Ну а наагул, тое, што ён рабіў у 2020-м: прэвэнтыўныя арышты, шалёныя турэмныя тэрміны ўсім канкурэнтам, рэпрэсіі, гвалт — закранулі кожную сям’ю, нават ужо і „ябацек“», — эмацыйна прамаўляе Яўген Буры.

Аднак, на яго думку, у Беларусі ўсё можа зьмяніцца вельмі хутка: калі ў Расеі адбудуцца перамены.

Хто такі Яўген Буры

Яўген Буры — сузаснавальнік Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой (АВВА). Працаваў у Міністэрстве падаткаў і збораў, з 2014-га па 2019-ы — у Дзяржаўным сакратарыяце Савету бясьпекі. У кастрычніку 2020 году быў вымушаны пакінуць Беларусь і далучыўся да «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG