Італія абвінаваціла ПВК «Вагнер» у павелічэньні колькасьці мігрантаў

Італьянскі ўрад заявіў, што гэта зьяўляецца часткай стратэгіі гібрыднай вайны Масквы супраць краін, якія падтрымліваюць Украіну.

Як піша Голас Амэрыкі, урад Італіі заявіў у панядзелак, што за павелічэньнем колькасьці судоў з мігрантамі, якія спрабуюць перасекчы Міжземнае мора, стаіць расейская ПВК «Вагнер» і што гэта зьяўляецца часткай гібрыднай вайны Масквы супраць краін, якія падтрымліваюць Украіну.

«Я думаю, зараз можна з упэўненасьцю сказаць, што экспанэнтнае павелічэньне колькасьці мігрантаў, якія адплываюць ад афрыканскіх берагоў, таксама ў немалой ступені зьяўляецца часткай выразнай стратэгіі гібрыднай вайны, якую рэалізуе „Вагнер“, выкарыстоўваючы свой значны ўплыў у некаторых афрыканскіх краінах», — адзначаецца у заяве міністра абароны Італіі Гвіда Красета.

Каля 20 000 чалавек прыбылі ў Італію ў сёлета (у мінулым годзе за аналягічны пэрыяд іх колькасьць склала 6100). Пра гэта сьведчаць зьвесткі МУС Італіі.

Красета, высокапастаўлены прадстаўнік партыі «Браты Італіі», да якой належыць прэм’ер-міністар краіны Джорджа Мэлёні, заклікаў саюзьнікаў па NATO дапамагчы Італіі даць рады росту колькасьці мігрантаў.

«Атлянтычны альянс становіцца мацнейшым, калі праблемы, якія ўзьнікаюць у выніку калектыўнага выбару, таксама вырашаюцца разам, але (NATO) рызыкуе даць расколіну, калі краіны, якія найбольш схільныя да адказных мер рознага кшталту, застануцца ў адзіноце», — сказаў ён.

З падобнай заявай выступіў міністар замежных спраў Італіі Антоніё Таяні, які падчас візыту ў Ізраіль сказаў агенцтву ANSA, што яго непакоіць, што многія мігранты прыбываюць з рэгіёнаў, «кантраляваных групай «Вагнера».

​
XS
SM
MD
LG