«Калі прааналізаваць цяпер дынаміку гандлю паміж ЭЗ і асобнымі сярэднеазіяцкімі дзяржавамі ці Турцыяй, мы бачым незразумелы нават для спэцыялістаў рэзкі рост закупкі таго ці іншага абсталяваньня гэтымі краінамі. Бытавая тэхніка ці электроннае абсталяваньне, якое ў тым ліку можа выкарыстоўвацца і ў вайсковых мэтах. Таму ставіцца пытаньне аб экспартным кантролі», — заўважыў Чэнцаў.
Дыплямат адзначыў, што для закрыцьця абыходных гандлёвых шляхоў павінны каардынавацца краіны ЭЗ, «Група сямі» і іншыя партнэры, якія маглі б абмяжоўваць гэты экспарт у Расею.
«Можна, вядома, рабіць гэта на ўзроўні ўхваленьня адміністрацыйных працэдур, калі дзяржаўныя органы будуць сачыць — па сутнасьці, ствараць сыстэму экспартнага кантролю... Можна гэты цяжар адказнасьці таксама ўскладаць на бізнэсы... Гэта значыць — прымусіць кампаніі, якія прадаюць абсталяваньне ў трэція краіны, асабліва тыя, якія могуць падазравацца ці ёсьць прэцэдэнты, што яны дапамагаюць Расеі ў абыходжаньні санкцый, па сутнасьці, падпісваць дэклярацыі і браць абавязаньні зь іх партнэраў, што гэты тавар ня пойдзе ў Расейскую Фэдэрацыю», — мяркуе Чэнцаў.
Ён таксама выказаў меркаваньне, што ў процідзеяньне абыходу санкцый могуць уключацца банкі:
«Такім чынам, калі або кампаніі, або банкі, якія будуць прапускаць плацяжы — акажацца, што яны парушылі гэты рэжым, адпаведна, дзяржаўныя органы змогуць прыцягнуць іх да адказнасьці».
Украіна, дадаў дыплямат, разьлічвае, што ЭЗ праявіць і гнуткасьць і адказнасьць.
«На сёньняшні дзень ёсьць шмат фактаў, якія сьведчаць аб тым, што кампаніі ЭЗ сьвядома ідуць на такое супрацоўніцтва. Мы павінны гэта абмежаваць», — рэзюмаваў амбасадар.
ЭЗ і яго саюзьнікі цяпер усё больш увагі надаюць прадухіленьню абыходу санкцый.
ЗША таксама ўзмацняюць ціск на Турэччыну і ААЭ для абмежаваньня гандлёвых плыняў з Расеяй. Турэччына прыпыніла транзыт тавараў, якія падпадаюць пад санкцыі, у Расею, але захоўваюцца засьцярогі, што прадукцыя, прададзеная на турэцкі рынак, можа быць рээкспартаваная, сказаў адзін з суразмоўцаў агенцтва.
25 лютага Эўрапейскі зьвяз прыняў новыя санкцыі супраць Расеі за напад на Ўкраіну. Дзесяты па ліку санкцыйны пакет прадугледжвае скарачэньне экспарту прамысловых тавараў на 11 млрд эўра. ЭЗ аб’явіў, што ў Расею больш не пастаўляюцца ніякія тэхналёгіі, што могуць быць выкарыстаныя ў вайсковых мэтах.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.