Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму даспадобы моўныя стандарты Лукашэнкі. Яшчэ раз пра дзяржаўнае двумоўе


Вучні з падручнікам беларускай мовы. Архіўнае фота
Вучні з падручнікам беларускай мовы. Архіўнае фота

Спрабую ўявіць сабе чалавека ў Менску ці ў Віцебску, які «распаўсюджвае беларускую мову праз гвалт», і не магу: не хапае фантазіі.

Лукашэнка можа быць задаволены: тое, супраць чаго ў 1995-м выступалі прадстаўнікі нацыянальнай інтэлігенцыі, пратэставалі (і былі пабітыя групай КДБ «Альфа» у залі парлямэнту) дэпутаты БНФ, успрынята як норма той часткай экспэртнай супольнасьці, якую цяжка западозрыць у палітычных сымпатыях да Лукашэнкі. Маю на ўвазе дзяржаўнае двумоўе.

Чытаю ў «Салідарнасьці» выказваньні дарадцы Сьвятланы Ціханоўскай у пытаньнях адукацыі і навукі, прафэсаркі ЭГУ Тацяны Шчытцовай:

«Зараз распаўсюджваць беларускую мову праз гвалт — прабачце, якія гістарычныя ўрокі мы тады вынесьлі?»

Спрабую ўявіць сабе чалавека ў Менску ці ў Віцебску, які «распаўсюджвае беларускую мову праз гвалт», і не магу: не хапае фантазіі.

Уявіць, што міліцыянты б’юць чалавека толькі за тое, што ён размаўляе па-беларуску, — магу. Што ў СІЗА адмаўляюцца аказаць мэдычную дапамогу, пакуль арыштаваны не пяройдзе зь беларускай мовы на «нормальную», магу таксама. І менш драматычнае, але ня менш абуральнае — як загадчыца паліклінікі кажа падначаленаму, які пачаў весьці дакумэнтацыю па-беларуску: «Чтобы нигде её (беларускай мовы — С.Н.) не было!»; ці як міністэрскія чыноўнікі абураюцца зваротам, напісаным па-беларуску, лёгка магу сабе ўявіць.

Лёгка, бо нічога з вышэйназванага я не прыдумаў, гэта рэальныя факты з кнігі «Мова 404», у якой Аліна Нагорная і Ігар Случак сабралі сьведчаньні тых, хто спазнаў на сабе дыскрымінацыю за беларускую мову. І прыкладаў такой дыскрымінацыі там сотні.

Шанец на выжываньне

А вось выпадку, калі б за расейскую мову ня тое што білі ці зьневажалі, але хаця б абмяжоўвалі ў нейкіх правах ці дзеяньнях, ня ведаю ніводнага.

Гэта калі пра сучаснасьць. Але і ў гісторыі ня ведаю прыкладаў, калі б беларуская мова распаўсюджвалася праз гвалт. Мінуўшчына якраз дае нам адваротныя прыклады — гэта расейская мова часта насаджвалася праз забойствы ды масавыя расстрэлы тых, хто адстойваў нацыянальныя ідэалы.

Між іншым, пра ідэалы. У той жа самай публікацыі палітоляг, каардынатар экспэртнай сеткі «Наша меркаваньне» Вадзім Мажэйка, кажучы пра ідэю беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, засьцерагае:

«Каб мы не імкнуліся да вяртаньня нейкага „сьвятога ідэалу“, якога насамрэч няма і не было. У палітычным сэнсе тут аналяг — Зянон Пазьняк, які імкнецца да ўвасабленьня ідэалаў, што адарваныя ад беларускай нацыі. Мне здаецца, і ў моўным сэнсе ня трэба да такога ісьці, выбудоўваючы нейкі вобраз беларускай нацыі, пад які не падпадае большасьць рэальна існуючых беларусаў».

Я заўсёды зь цікавасьцю чытаю выступы Мажэйкі, але тут, перакананы, шаноўнаму спадару Вадзіму здрадзіла важная якасьць экспэрта — рабіць высновы на падставе менавіта рэальных фактаў.

Статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай (1990–1995) быў якраз ня нейкім фантомам, народжаным у сьвядомасьці Пазьняка ці нейкага іншага палітыка альбо грамадзкага дзеяча, а адзінай формай выжываньня беларускай мовы, адзінай гарантыяй не ператварэньня яе ў «мёртвую мову». І было гэта не трызьненьнем летуценьнікаў, а рацыянальным, прагматычным падыходам.

Паўтараю: адзіна магчымым падыходам, які — не, не гарантаваў, а хаця б даваў нейкі рэальны шанец на выжываньне беларускай мовы.

Пра гэта гаварылася яшчэ ў часе шырокай грамадзкай дыскусіі ў афіцыйнай (іншай тады практычна не было) прэсе ў 1989 годзе, калі абмяркоўваўся праект закону «Аб мовах».

Так, ініцыявалі закон «Аб мовах» (зазначце, не аб мове, а аб мовах, бо быў вызначаны і статус расейскай мовы) прадстаўнікі нацыянальнай інтэлігенцыі ды актывісты новаўтворанага БНФ. Аднак ва ўмовах панаваньня КПБ, артадаксальнае кіраўніцтва якой на чале зь Яфрэмам Сакаловым успрымала Народны Фронт як палітычных ворагаў, ды і да творчай інтэлігенцыі ставілася не нашмат лепей, ім не ўдалося б вынесьці ідэю нават на грамадзкае абмеркаваньне, а ня тое што на ўзровень заканадаўчай прапановы. Не ўдалося б без адной умовы: падтрымкі народу.

Дасьледчыца Алена Маркава, якая вывучала працэс прыняцьця закону па дакумэнтах, убачыла ў Дзяржаўным архіве «тоны лістоў за беларускую мову».

«Гаварыць пра дзьве дзяржаўныя мовы ў Беларусі — значыць прыдушыць мову беларускую»

Статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, нагадаем, быў замацаваны ў Законе аб мовах 26 студзеня 1990 году Вярхоўным Саветам 11-га скліканьня (падкрэсьліваю: не 12-га, дзе былі тры дзясяткі дэпутатаў БНФ, а Вярхоўным Саветам папярэдняй кадэнцыі, які сымбалізаваў сабой «непарушны блёк камуністаў і беспартыйных»).

У той дзень ня ўсе дэпутаты гатовыя былі гэты статус падтрымаць. Але Генадзю Бураўкіну, Нілу Гілевічу, Івану Чыгрынаву, Ігару Лучанку, Івану Шамякіну, а таксама намесьніцы старшыні Саўміну Ніне Мазай, міністру асьветы Міхаілу Дземчуку і ягонай намесьніцы Лідзіі Сухнат, сакратару Менскага гаркаму партыі Пятру Краўчанку ўдалося пераканаць дэпутацкі корпус, што бяз статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай мова загіне.

Працытую словы пісьменьніка Івана Навуменкі, які ў сваім непрыманьні БНФ мог бы даць фору таму ж Яфрэму Сакалову:

«Гаварыць пра дзьве дзяржаўныя мовы ў Беларусі — гэта значыць прыдушыць мову беларускую, таму што руская мова квітнее і, паўтараю, будзе квітнець. Беларуская мова ў заняпадзе. І калі мы пойдзем па гэтым шляху, вынікі будуць вельмі сумныя. Зьнікне мова — і пачне зьнікаць культура».

Дарэчы, пра «фору», якая ў спорце мае іншы назоў — «гандзікап».

У часе абмеркаваньня закону акадэмік, рэктар БДУ Леанід Кісялеўскі сказаў, што беларускай мове «патрэбен, як прынята гаварыць у спорце, „гандзікап“, спэцыяльна прадугледжаная падтрымка. Такой гарантаванай падтрымкай павінен стаць статус дзяржаўнасьці беларускай мовы».

У выніку закон быў прыняты. Дэпутаты таксама ўнесьлі дадаткі ў артыкул 68 Канстытуцыі БССР:

«Дзяржаўнай мовай Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі зьяўляецца беларуская мова. Беларуская ССР забясьпечвае карыстаньне рускай мовай як мовай міжнацыянальных зносінаў народаў Саюзу ССР. Парадак ужываньня беларускай, рускай і іншых моў у Беларускай ССР вызначаецца заканадаўствам Беларускай ССР».

Хоць на фарсі

Аднак празь пяць гадоў Лукашэнка запатрабаваў пазбавіць беларускую мову статусу адзінай дзяржаўнай, надаўшы дзяржаўны статус і расейскай мове.

Я пішу «запатрабаваў», а не «прапанаваў», бо Лукашэнка фактычна выставіў Вярхоўнаму Савету ўльтыматум. Ён катэгарычна заявіў, што, хоча таго парлямэнт альбо не, але рэфэрэндум ён правядзе.

У сваіх выступах апанэнты Лукашэнкі прыводзілі розныя аргумэнты супраць наданьня расейскай мове статусу дзяржаўнай (дыскусія заняла некалькі дзён), але зводзіліся яны практычна да адной высновы, якая ўжо гучала ў Авальнай залі ў студзені 90-га: у выпадку, калі беларуская мова будзе прыроўненая ў сваім статусе да расейскай — яна непазьбежна апынецца на мяжы зьнікненьня.

Сёньня, праз 28 гадоў пасьля рэфэрэндуму, мы можам канстатаваць, што гэтак і адбылося.

Але нават у сёньняшняй трагічнай сытуацыі неабходнасьць статусу беларускай мовы ставіцца пад сумнеў. Вось і праект Канстытуцыі, распрацаваны пад кіраўніцтвам прадстаўніка Сьвятланы Ціханоўскай у канстытуцыйнай рэформе Анатоля Лябедзькі, пакідае норму, уведзеную Лукашэнкам у выніку т.зв. рэфэрэндуму 1995 году: дзьве дзяржаўныя мовы.

«Вялікае пытаньне, што значыць адзіная дзяржаўная мова? — пытаецца Вадзім Мажэйка. — Ці змогуць, напрыклад, людзі зьвяртацца ў дзяржаўныя ўстановы, калі яны ня ведаюць беларускай; ці змогуць карыстацца расейскай пры навучаньні ў школах і ўнівэрсытэтах, ці не? Людзей гэта, натуральна, хвалюе. Таму што адна справа — падтрымка і разьвіцьцё мовы, а іншая — перажываньні чалавека, ці зможа ён карыстацца іншай мовай».

Адказ на сваё пытаньне шаноўны экспэрт мог бы знайсьці за некалькі хвілінаў, пагартаўшы той самы закон «Аб мовах», прыняты ў студзені 90-га. Каб зэканоміць ягоны час, адкажу: элемэнтарна кожны зможа зьвяртацца ў дзяржаўныя ўстановы, ня ведаючы беларускай мовы.

Бо клапоціцца Вадзім Мажэйка, як мы разумеем, не пра ўмоўнага носьбіта партугальскай ці кітайскай, а менавіта расейскай мовы.

Прыняты ў 1990 годзе Закон вызначае, напрыклад, што «мова справаводзтва на прадпрыемствах беларуская, а пры неабходнасьці — расейская», «мова судаводзтва — родная мова бакоў працэсу», а прававая дапамога павінна ажыцьцяўляцца «на беларускай або іншай прымальнай мове».

А вось чалавек, які зьвярнуўся да чыноўніка на беларускай мове, будзе мець гарантаванае законам права атрымаць адказ на дзяржаўнай беларускай мове.

І калі за некалькі гадоў (а Закон аб мовах прадугледжваў уступленьне ў дзеяньне цягам 10 (дзесяці!) гадоў) чалавек альбо ня мае здольнасьці, альбо ня мае жаданьня вывучыць мову тытульнай нацыі, дык, магчыма, і ягоную здольнасьць якасна працаваць у дзяржаўным апараце варта паставіць пад сумнеў?

А размаўляць кіроўцу аўтамабіля, альбо сантэхніку, альбо дантысту, альбо піяністу ці, напрыклад, уладальніку карпарацыі на якой ён сам захоча мове, статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай не забараняе. Можа размаўляць хоць на фарсі.

Наконт уладальніка карпарацыі я не прыдумаў: бачыў у Нью-Ёрку на Брайтане людзей, якія ведалі добра калі сотню ангельскіх слоў, але мелі даволі пасьпяховыя бізнэсы. Не такія, як у Маска ці Гейтса, але тым ня менш.

Што праўда, асабіста я зьвяртацца да дантыста, які размаўляе толькі на фарсі, не рызыкнуў бы.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG