Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Доктар гісторыі Алена Маркава пра лёс беларускай мовы: пункту невяртаньня няма


Ліст у падтрымку беларускай мовы з Нацыянальнага архіву Беларусі.
Ліст у падтрымку беларускай мовы з Нацыянальнага архіву Беларусі.

Аўтарка кнігі «Шлях да савецкай нацыі: палітыка беларусізацыі (1924-1929)», выкладчыца Карлавага ўнівэрсытэту ў Празе, доктарка гісторыі Алена Маркава ў інтэрвію Свабодзе расказвае, як грамадзтва паставілася да прынятага Вярхоўным Саветам ХІ скліканьня закону «Аб мовах у Беларускай ССР», які надаў беларускай мове статус адзінай дзяржаўнай. 26 студзеня сёлета спаўняеццца 30 гадоў той знамянальнай падзеі.

Сьцісла

  • Закон «Аб мовах у Беларускай ССР» быў прыняты камуністычным Вярхоўным Саветам ХІ скліканьня пад націскам грамадзтва
  • Падчас грамадзкага абмеркаваньня статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай атрымаў масавую падтрымку жыхароў Беларусі і беларусаў зь іншых рэспублік СССР
  • Пяці гадоў існаваньня закону (1990 — 1995) аказалася недастаткова, каб мова ўкаранілася і пачала сама сябе рэплікаваць у наступных пакаленьнях
  • Кожная дзяржава павінна мець сваю мову, якую павінна бараніць. Гэта натуральна. Закон пра адзіны статус беларускай мовы трэба раней ці пазьней прыняць
  • Беларускую мову імплемэнтаваць няцяжка, галоўнае — разумныя тэрміны пераходу. Пункту невяртаньня тут няма

— Што папярэднічала прыняцьцю Вярхоўным саветам Беларусі ХІ скліканьня Закону «Аб мовах у Беларускай ССР»? Чаму ён быў прыняты, хто быў рухавіком і хто супраціўляўся?

— У канцы 1980-х гадоў Камуністычная партыя адчула, што яе ўплыў упаў, і што ў грамадзтве зьявілася шмат новых уплывовых арганізацый, якія тады называлі нефармальнымі.

«Нефармалы» пачыналі зь непалітычнага парадку дня — культурная спадчына, экалягічныя праблемы — але паступова павялічвалі свой палітычны ўплыў і перацягвалі на сябе ўвагу грамадзтва. Найважнейшым пунктам у дзейнасьці нефармалаў была беларуская мова, яны выступалі за пашырэньне сфэры яе ўжытку.

Кампартыя пачала рэагаваць на гэта. Яшчэ ў траўні 1988 году адбыўся Х пленум ЦК КПБ, на якім першы сакратар ЦК Яфрэм Сакалоў заявіў, што трэба больш шырока выкарыстоўваць беларускую мову ў адукацыйных установах і іншых сфэрах.

Алена Маркава
Алена Маркава

Калі глядзець пратаколы пасяджэньняў партыйных органаў, то бачна, што кампартыя хацела апярэдзіць ініцыятыву нефармалаў у справе разьвіцьця беларускай мовы і яе прасоўваньня. Камуністы вывучалі нефармальныя рухі, сачылі за іх дзейнасьцю, каб перахапіць ініцыятыву. Яны вывучалі тактыку, стратэгію і патрабаваньні нефармалаў, каб пасьля адэкватным спосабам перахапіць ініцыятыву.

Камуністы плянавалі выкарыстаць «сапраўдных» навукоўцаў, тэлебачаньне і друк, каб палемізаваць. А нефармальныя рухі прапаноўвалі сваё бачаньне дзьвюхмоўя, нацыянальнай ідэі і нацыянальнай ідэнтычнасьці. Кампартыя дзейнічала паводле прынцыпу: што нельга пабароць, тое трэба ўзначаліць. Таму яны пастараліся сваімі сіламі пачаць прасоўваньне беларускай мовы.

Гэтыя намаганьні былі палавінчатыя. Але 26 студзеня 1990 году Вярхоўны Савет БССР ХІ скліканьня прыняў Закон «Аб мовах у Беларускай ССР». У яго распрацоўцы бралі ўдзел прадстаўнікі грамадзтва, у тым ліку «нефармалы», а таксама навукоўцы і чыноўнікі. Закон абвясьціў беларускую мову адзінай дзяржаўнай мовай БССР. Гэта быў адказ камуністаў на актыўнасьць «нефармалаў» і запыт грамадзтва, якое адгукалася на рыторыку нефармальных арганізацый.

— Які быў зьмест Закону?

— Галоўным у законе было тое, што беларуская мова абвяшчалася адзінай дзяржаўнай мовай БССР — мовай дзелавых кантактаў, адукацыі, дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Вельмі паказальныя першыя сказы новага Закону, гэта абсалютна ўнікальная сытуацыя, такое цяжка знайсьці ў заканадаўстве іншых краін:

«Мова — ня толькі сродак зносін, а і душа народа, аснова і важнейшая частка яго культуры. Жыве мова — жыве народ».

Як бачым, ужо ў першых фразах закону абвяшчалася, што мова — гэта самае галоўнае, што трэба ахоўваць, сьцьвярджалася, што яна ў заняпадзе і яе трэба ратаваць.

З навуковага пункту гледжаньня я магу сказаць, што гэта такі гердэрыянскі падыход. Філёзаф Ёган Готфрыд Гердэр некалі сказаў, што ў мове хаваецца душа народу. У нашым выпадку гэта было зусім унікальна, калі ў дзяржаўным дакумэнце канстатавалася, што ў мове канцэнтруецца жывая сутнасьць народу, што мова — гэта кроў, неабходная для існаваньня народу.

Расейская мова была абвешчана «мовай міжнацыянальных зносін народаў Саюзу ССР».

У законе прапісваліся канкрэтныя этапы і даты, калі павінны былі быць уведзеныя тыя або іншыя яго палажэньні. На іх імплемэнтацыю давалася ад 3 да 10 гадоў.

— Як беларускае грамадзтва ўспрыняло новы закон?

— Была вялікая колькасьць лістоў, што прыходзілі ў Вярхоўны Савет. Было шмат палемікі на старонках часопісаў і газэт. Было наладжана так званае грамадзкае абмеркаваньне ў друку.

Гэтая палеміка мела масавы характар. Мноства людзей пісалі лісты і звароты ў органы друку. Складаецца ўражаньне, што кожны зь іх ведаў, што ад яго голасу залежыць будучыня. Гэта асабліва кантрастуе зь сёньняшнім часам, калі адчуваецца масавая апатыя і нявера ў тое, што нешта можна зьмяніць. Але ў той час была зусім іншая сытуацыя.

Людзі пісалі масава і ад свайго імя, і ад імя сваіх сем’яў (вельмі часта прыкладаліся подпісы ўсіх членаў сям’і). І нельга сказаць, што пісалі толькі жыхары Менску або толькі інтэлігенцыя — настаўнікі і лекары. Не, пісалі ўсе — і настаўнікі, і лекары, і работнікі, і інжынэры, і хатнія гаспадыні, і пэнсіянэры, і адстаўнікі, і вайскоўцы. Пісалі з усіх рэгіёнаў Беларусі. Была абсалютна масавая падтрымка.

І пасьля, у пачатку 1990-х гадоў, калі камуністы ў Вярхоўным Савеце настойліва прапаноўвалі надаць і расейскай мове статус дзяржаўнай, людзі таксама масава ў лістах пратэставалі супраць гэтага. Тут можна прачытаць некаторыя з тых лістоў.

Людзі прыводзілі розныя аргумэнты — адны пісалі пра аднаўленьне гістарычнай справядлівасьці, іншыя пісалі, што мы нічым ня горшыя, чым прыбалты, чым суседзі. Заклікалі не рабіць праблемы з таго, што беларуская мова нібыта цяжкая, што за пяць гадоў пераходу можна хоць кітайскую вывучыць, а тут роднасныя славянскія мовы. І шмат хто ў лістах патрабаваў, каб тэрмін пераходу на беларускую мову быў скарочаны.

А закон прадугледжваў, як я ўжо казала, тэрміны пераходу і быў вельмі ляяльны ў гэтым сэнсе, не насіў ніякага гвалтоўнага характару. Тэрміны да дзесяці гадоў зьяўляюцца сапраўды вельмі ляяльнымі. І вось людзі пісалі, маўляў, вы што — пяць гадоў на пераход на беларускую мову ў школах, гэта ж вельмі шмат, гэта будзе выкарыстана чыноўнікамі, як падстава ўсё спусьціць на тармазах. Так што народ патрабаваў скараціць тэрміны пераходу на беларускую мову.

Зусім няшмат, адзінкавыя лісты былі ад жонак вайскоўцаў, якія пісалі, што навошта ім вучыць, калі яны сёньня тут, а заўтра там. Але гэта былі зусім маргінальная галасы. Яны не складалі і аднаго працэнту лістоў.

Трэба прызнаць, што на падставе новага закону аб мовах ў грамадзтве не было расколу.

Мне запомніліся лісты людзей пра дэманстрацыю 7 лістапада 1990 году, калі прадстаўнікі БНФ, у прыватнасьці Зянон Пазьняк, казалі пра злачынствы камуністычнага рэжыму на плошчы Леніна каля помніка Леніну. І вось пайшлі лісты: навошта вы чапаеце Леніна, вы такім чынам зьніжаеце свой аўтарытэт у народу, мы вас не падтрымаем на выбарах і т. д. Але гэта што да палітыкі.

Што ж тычыцца мовы, то можна сказаць, што была абсалютна масавая падтрымка. І яшчэ важна, што пісалі людзі з па-за межаў Беларусі, якія ўжо даўно жылі, напрыклад, у Казахстане ці Расеі. Здавалася б, яны даўно русыфікаваныя, але яны пісалі ў падтрымку мовы, пісалі на беларускай мове, з памылкамі, але пісалі і выступалі за вяртаньне мовы.

— Ці былі пратэсты супраць статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай?

— Невялікая колькасьць лістоў, пераважна ад вэтэранаў, пэнсіянэраў зьявілася пасьля прыняцьця новага закону. У лістах яны ўзнаўлялі шаблён камуністычнай прапаганды, якая прышчаплялася ім на працягу ўсяго пасьляваеннага пэрыяду ў друку, у падручніках, у прапагандысцкіх брашурах і дапаможніках для палітработнікаў, аб тым, што ўсе нацыянальныя праяўленьні абавязкова зьвязаныя з фашызмам. Гэтак ідэалягічная вакцынацыя давала свае плады.

Не разабраўшыся ў сытуацыі, людзі пісалі, што гэта ж фашысты заварушыліся, нацыяналісты распладзіліся, яны прывядуць да крывавых міжусобных канфліктаў, як на Каўказе ці ў Літве т. д. Але колькасьць і гэтых лістоў абсалютна маргінальная і пра сур’ёзную хвалю непрыняцьця адзінага дзяржаўнага статусу беларускай мовы, пра што сёньня часам даводзіцца чуць нават ад прадстаўнікоў уладаў, гаварыць абсалютна не даводзіцца. Дзясяткі такіх лістоў не ідуць ні ў якое параўнаньне з тысячамі і тысячамі лістоў у падтрымку мовы.

— Закон дзейнічаў усяго пяць гадоў. Якія былі вынікі кароткага пэрыяду яго існаваньня?

— Ставіцца да вынікаў пяцігадовага дзеяньня таго закону можна падвойна — шклянка вады, як вядома, можа быць напалову пустою і напалову запоўненаю. Але ўсё ж можна сказаць, што з прычыны кароткага пэрыяду яго дзеяньня істотныя зьмены, якія ён прынёс, усё ж не пасьпелі ўкараніцца так, каб мова стала часткай паўсядзённасьці і магла ўжо далей рэпрадукавацца самастойна.

Крокі былі зробленыя велізарныя, напрыклад, па пераводзе на беларускую мову школ і садоў, але і тут былі свае тэрміны пераводу. Таму нешта пасьпелі, нешта не. А праз пяць гадоў магчымасьці былі перакрытыя.

Але ўсё ж велізарная колькасьць дзяцей вучылася на беларускай мове, былі створаныя новыя падручнікі па гісторыі, якія пісаліся з пункту гледжаньня менавіта нацыянальнай гісторыі. Была створаная новая нацыянальная канцэпцыя гісторыі. Гэта было гіганцкае разьвіцьцё. Але, на жаль, пяці гадоў аказалася недастаткова для высокарусыфікаванага беларускага грамадзтва. За такі кароткі час аказалася нерэальна ўзьняць гэтую глыбу, якая дзесяцігодзьдзямі награмаджвалася, выціскаючы ўсё жывое. Я думаю, што для гэтага закону былі патрэбныя хаця б дзесяць гадоў.

— Ці ёсьць, на вашу думку, надзея нешта зьмяніць у будучыні? Ці можа яшчэ беларуская мова вярнуцца?

— Нэгатыўны бок нашага становішча палягае ў тым, што момант быў упушчаны. У той час супала хваля энтузіязму і веры ў лепшую будучыню, якія асацыяваліся і з нацыянальнай мовай.

Цяпер сытуацыя іншая. Часта можна пачуць сьцьвярджэньні, што нам цяпер больш патрэбная ангельская мова, чым беларуская, бо мы жывем у эпоху глябалізму і т. д.

Але я лічу, што кожная дзяржава павінна мець сваю мову, якую павінна бараніць. Гэта натуральна. Закон пра адзіны статус беларускай мовы трэба так ці іначай прымаць.

Проста, каб мы прымалі яго цяпер, то сутыкнуліся б з большай колькасьцю аргумэнтаў супраць мовы. Нехта абапіраўся б на статыстыку перапісаў. Тым ня менш я лічу, што надзея ёсьць заўсёды і, нягледзячы на ўсе цяжкасьці, ніколі нічога ня позна рабіць для мовы.

І гэты закон пра статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай трэба імплемэнтаваць у Беларусі раней ці пазьней, вядома, датрымліваючы ляяльныя тэрміны пераходу. Бо калі ня будзе мовы, то адбываецца асыміляцыя, і гэты працэс можа стаць незваротным.

Цяпер многае страчана, але яшчэ ня позна. Нягледзячы на ўсе цяперашнія абставіны, я ня думаю, што гэта такая ўжо вялікая праблема — імплемэнтаваць беларускую мову пры разумным заканадаўчым падыходзе. Я думаю, што ўся справа — у разумных тэрмінах пераходу на мову. Незваротнага пункту тут няма.

Так, можа быць будзе больш складана, чым раней, але яшчэ ня позна. Яшчэ ёсьць і носьбіты мовы, суполкі, групы і ініцыятывы. Практыка паказвае, што людзі іх падтрымліваюць, беларускія кнігі ўсё яшчэ купляюць і чытаюць, разьвіваецца беларускі сэгмэнт інтэрнэту. Надзея ня страчана.

***

Алена Маркава — доктар навук, выкладчык Карлавага ўнівэрсытэту, дасьледчыца беларускай гісторыі ХХ-ХХІ стагодзьдзяў. Аўтарка кнігі «Шлях да савецкай нацыі. Палітыка беларусізацыі, 1924-1929», за якую яна стала ляўрэаткай прэміі за найлепшую кнігу ў галіне гісторыі на V Міжнароднага кангрэсу дасьледчыкаў Беларусі ў 2017 годзе. Цяпер займаецца моўнай палітыкай 90-х гадоў і пытаньнямі нацыянальнай ідэнтычнасьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG