Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людзі павінны не ў фэйсбучках разважаць пра мову, а ўзяць і напісаць зварот, — Случак


Надпіс «Соблюдай скоростной режим» на трасе Менск — Віцебск раней да абурэньня Лукашэнкі паказваўся па-беларуску

Госьць «Інтэрвію тыдня» — «моўны інспэктар» Ігар Случак. Ён тлумачыць, ці выконваюць чыноўнікі «хуткасны рэжым», заяўляе, што насамрэч дзяржава цалкам ігнаруе пытаньне беларускай мовы, выцісканьне якой з публічнага ўжытку працягваецца, і заклікае прыхільнікаў беларускай мовы не разважаць на куханьках, а пісаць канкрэтныя звароты.

Сьцісла

  • Нельга быць абыякавым, нельга чакаць, што нешта само зьменіцца — так не бывае.
  • Відавочна стала менш агрэсіі да беларускай мовы. Людзей, якія абражаюць беларускую мову, паменела.
  • Дзяржава раней падаўляла беларускія ініцыятывы, а цяпер яна проста не перашкаджае ім, але і не дапамагае.
  • Але насамрэч дзяржава цалкам ігнаруе пытаньне беларускай мовы, выцісканьне якой з публічнага ўжытку працягваецца.
  • Таму людзі павінны ня толькі ў сябе на куханьках і ў фэйсбучках разважаць пра тое, што беларускай мовы не хапае — а ўзяць і напісаць зварот.

Замест жорсткай русыфікацыі працягваецца мяккая русыфікацыя

— Вы як «моўны інспэктар» праводзіце розныя кампаніі дзеля абароны і разьвіцьця беларускай мовы. Апошняя зь іх называецца «Выконвайце хуткасны рэжым». Як яна ідзе, якія яе мэты?

— Гэтую кампанію, «Беларускім вуліцам — шыльды па-беларуску», мы прыдумалі разам з Алінай Нагорнай і Юрыем Татурам — пасьля таго як кіраўнік дзяржавы выказаўся, нібы людзі не зразумеюць шыльду з надпісамі на беларускай мове. Наша кампанія зробленая дзеля таго, каб кожны чалавек, хто пабачыць рускамоўную ці кітайскамоўную шыльду — мог бы зайсьці на сайт, знайсьці ўзор звароту, раздрукаваць гэты зварот і даслаць яго ў адпаведную інстанцыю.

Гэтай кампаніяй мы на сваім прыкладзе паказваем, што можна вырашаць праблему, калі ў цябе на гэта ёсьць жаданьне.

Ігар Случак
Ігар Случак

— З таго, што вы публікуеце ў сваіх сацыяльных сетках — выглядае, што гэтая ваша кампанія ідзе даволі пасьпяхова. Ці гэта сапраўды так?

— З тых адказаў, якія асабіста я атрымліваю — сапраўды, ідуць пераважна пазытыўныя рашэньні. Па маіх зваротах былі замененыя шыльды ў Баранавічах, у Слуцку. Я хачу паказаць, што калі ёсьць жаданьне, то ёсьць і магчымасьці нешта зрабіць. Мы правялі майстэрні па беларусізацыі шыльдаў у Менску, Баранавічах, Браславе — плянуем і ў іншых гарадах.

Нельга быць абыякавым, нельга чакаць, што нешта само зьменіцца — так не бывае. Трэба быць актыўным, пісаць звароты, і гэта наш адзіны спосаб паказаць тым, хто прымае рашэньні, што беларуская мова нам патрэбная.

Цэнтральны аўтавакзал у Менску, архіўнае фота
Цэнтральны аўтавакзал у Менску, архіўнае фота

— Ваша ранейшая моўная актыўнасьць, зь якой вы пачыналі, «Справаводзтва па-беларуску», як выглядае, была неканфліктнай. Цяперашняя ваша дзейнасьць больш публічная, часам яна спараджала канфлікты зь непрыхільнікамі беларускай мовы. Як бы вы ахарактарызавалі тыя зьмены, якія адбыліся ў грамадзтве за гэтыя апошнія гады?

— Відавочна стала менш агрэсіі да беларускай мовы. Людзей, якія абражаюць беларускую мову, паменела. Людзей, якія не разумеюць, навошта патрэбная беларуская мова — таксама стала крыху менш.

Але ніякай (ані мяккай, ані жорсткай) беларусізацыі ў краіне не адбываецца. Усё трымаецца на ініцыятывах простых беларусаў, якія робяць ініцыятывы, адкрываюць беларускамоўныя бізнэсы, перакладаюць дакумэнты. Дзяржава ніяк у гэтым не дапамагае.

Таму я б сказаў, што замест жорсткай русыфікацыі адбываецца мяккая русыфікацыя. Колькасьць беларускамоўных школаў зьмяншаецца, колькасьць нарматыўных прававых актаў па-беларуску не павялічваецца. Беларуская мова працягвае зьнікаць, яе становіцца меней ва ўжытку.

— То бок дзяржава не прымае ўдзелу ў беларусізацыі, якую праводзіць незалежнае грамадзтва?

— Так, безумоўна. Грамадзтва толькі і займаецца пашырэньнем беларускай мовы. Дзяржава раней падаўляла беларускія ініцыятывы, а цяпер яна проста не перашкаджае ім, але і не дапамагае.

Мы займаемся ня толькі шыльдамі, а і беларусізацыяй футболу. У дзіцячых установах не хапае беларускамоўнай літаратуры. Цяпер ідзе кампанія па зборы грошай на выданьні кнігі вершаў і малюнкаў «Кошык вожыка». Ужо сабрана 77 працэнтаў ад неабходнай сумы, людзі могуць далучацца да збору сродкаў.

Таксама плянуем актыўна заняцца перакладам юрыдычных дакумэнтаў, якія найбольш выкарыстоўваюцца ў жыцьці. Мяркуем перакласьці 300–400 блянкаў дамоваў, лісткоў непрацаздольнасьці — самых папулярных дакумэнтаў. Каб пасьля на адмысловым сайце кожны беларус змог іх спампаваць і выкарыстоўваць у дзяржаўных установах.

І гэта чарговы прыклад таго, што гэтым не дзяржава займаецца, а людзі за кошт свайго часу і сілаў.

Дзяржаўная моўная палітыка — гэта дамінаваньне расейскай мовы і выцісканьне беларускай

— Я чуў такое меркаваньне, што — калі не ў стратэгічным сэнсе, дык у тактычным — стаўленьне дзяржавы да гэтай тэмы зьмянілася ў апошнія месяцы, пасьля пэўных палітычных падзеяў. Вы ня бачыце такіх зьменаў?

— Не, я ня бачу нічога, каб можна было сказаць, што сытуацыя паляпшаецца. Дзяржава ніяк не рэагуе на тыя прапановы, якія яна можа зрабіць як дзяржава. Беларускамоўных дакумэнтаў не становіцца болей, новыя законы па-беларуску не выдаюцца. Чаму б не пачаць з таго, каб выдаваць усе законы на дзьвюх дзяржаўных мовах?

ТБМ пераклала Правілы дарожнага руху, але гэта не афіцыйны пераклад. З тымі ж кодэксамі можа быць сытуацыя, што яны ня будуць мець юрыдычнай сілы. Тое ж самае валянтэрства, але на ўзроўні дзяржавы. Прафанацыя, пусканьне пылу ў вочы, нібыта мы нешта робім. Але насамрэч дзяржава цалкам ігнаруе пытаньне беларускай мовы, яе выцісканьне з публічнага ўжытку працягваецца, русыфікацыя застаецца.

Ідзе проста гульня зь беларускамоўнымі, паказваньне, нібыта ў нас сытуацыя паляпшаецца. Дзяржаўная моўная палітыка — гэта дамінаваньне расейскай мовы і выцісканьне беларускай. Дзяржава нічога ня робіць, каб гэтая сытуацыя зьмянялася. Беларускамоўныя школы не адкрываюцца, законы не выдаюцца, камунікацыя паўсюль на расейскай мове.

— Калі б актывістаў, абаронцаў беларускай мовы былі не дзясяткі і сотні, а дзясяткі тысяч — тады дзяржава па-іншаму рэагавала б на гэтую праблему? Можа, дзяржаўныя органы проста разумеюць, што гэтая тэма цікавіць вельмі малы працэнт беларусаў — таму адпаведна і рэагуе?

— Безумоўна, каб людзі больш актыўна выказвалі сваю пазыцыю ў гэтым пытаньні — то дзяржава больш актыўна рэагавала б на попыт. А пакуль дзяржаўны апарат працуе па старых лякалах, калі расейская мова яшчэ з савецкага часу была асноўнай, і там усё на гэта заточана.

Калі б з боку людзей, якім беларуская мова патрэбная, быў афіцыйна выказаны попыт, каб яны стваралі запыт дзяржаве — яна ішла б насустрач. Таму людзі павінны ня толькі ў сябе на куханьках і ў фэйсбучках разважаць пра тое, што беларускай мовы не хапае — а ўзяць і напісаць зварот. Па спасылцы — узоры звароту.

Няма беларускамоўнай школы? Адкрывайце, а то я пайду ў суд і буду судзіцца на падставе дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце. І калі б у кожным раёне гораду было па 5–10 такіх заяваў — то і дзяржаве не захацелася б быць у такім становішчы.

Няма ніякай праблемы для дзяржавы перакласьці законы і прыняць іх парлямэнтам. Няма ніякай праблемы адчыніць хаця б беларускамоўныя клясы ў кожнай школе. Няма праблемы зрабіць закон, які абавязвае ўсіх вытворцаў рабіць этыкеткі і на беларускай мове. Людзі дзясяткамі тысяч падпісваюцца, што патрэбныя этыкеткі на беларускай мове — а дзяржава адказвае, што гэта не патрэбна.

Дзяржава павінна клапаціцца, нават калі ёсьць 3, 5, 10, 20 працэнтаў людзей, якім беларуская мова патрэбная. Калі ў нас канстытуцыйнае дзьвюхмоўе, то павінны быць забясьпечаныя ўсе правы ўсіх дзяржаўных моваў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG