Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларускую школу пераводзілі на беларускую мову. Гісторыя адной настаўніцы


Адна з найбольшых беларускіх клясаў у Магілёве (ілюстрацыйнае фота)
Адна з найбольшых беларускіх клясаў у Магілёве (ілюстрацыйнае фота)

У Магілёве ў 1993–94 годзе па-беларуску навучаліся блізу 1000 вучняў, у 2019-м — усяго 19. Гэта вынік «моўнага» рэфэрэндуму, які адбыўся з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі 14 траўня 1995 году і пазбавіў беларускую мову статусу адзінай дзяржаўнай.

Набіраць беларускія клясы ў гарадзкіх школах пачалі неўзабаве пасьля атрыманьня Беларусьсю незалежнасьці. Дагэтуль вучыцца па-беларуску маглі толькі дзеці зь вясковых школ. У год правядзеньня рэфэрэндуму ў гарадах масава пачалі пераводзіць на расейскую мову беларускія клясы. У іх школьнікі пасьпелі адвучыцца тры гады.

Свабода пагутарыла з магілёўскай настаўніцай Ларысай Унучак, якая ў 1992 годзе працавала ў адной зь першых беларускіх клясаў. Яна згадвае, як адбывалася беларусізацыя школьнай адукацыі ў Магілёве на пачатку 1990-х, як яе згортвалі, а таксама выказвае свой погляд на цяперашнія спробы аднавіць беларускамоўнае школьніцтва.

Ларыса Ўнучак
Ларыса Ўнучак

Сьцісла пра Ларысу Ўнучак

  • 65 год. Мае вышэйшую адукацыю. Скончыла Магілёўскую пэдагагічную вучэльню, Менскі дзяржаўны пэдагагічны інстытут імя Горкага (цяпер Беларускі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт) ды асьпірантуру.
  • Пэдагагічную карʼеру пачала з працы ў вясковай школе. Вучыла дзяцей матэматыцы на беларускай мове, хоць мела спэцыялізацыю «настаўнік пачатковых клясаў».
  • Выкладала ў Магілёўскім пэдагагічным інстытуце (цяпер Дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Куляшова).
  • У 1992 годзе сумяшчала настаўніцтва ў школе з выкладчыцкай дзейнасьцю ў Магілёўскім пэдагагічным каледжы. У ім распрацоўвала спэцкурсы для будучых настаўнікаў беларускіх клясаў.
  • Цяпер на пэнсіі, але гатовая вярнуцца ў школу, каб вучыць дзяцей на беларускай мове.

Як пачыналася беларусізацыя адукацыі

Прававым падмуркам для беларусізацыі школьнай адукацыі стаў закон «Аб мовах», прыняты 26 студзеня 1990 году Вярхоўным саветам БССР адзінаццатага скліканьня. Адзінай дзяржаўнай мовай тая рэдакцыя закону абвяшчала беларускую.

Камісія па адукацыі Вярхоўнага Савету 12 скліканьня на чале зь Нілам Гілевічам распрацоўвала рэкамэндацыі, якія Міністэрства адукацыі рэалізоўвала на практыцы.

У 1991 годзе прымаецца закон «Аб адукацыі», які яшчэ больш спрыяе беларусізацыі школ. Зьяўляюцца клясы зь беларускай мовай навучаньня. Настаўнікам, якія працуюць на беларускай мове, выплачваецца 10-працэнтная надбаўка да заробку.

«Экспэрымэнтальная» беларуская кляса

На пачатку 1990-х Ларыса Ўнучак працавала настаўніцай пачатковых клясаў у 18-й школе Магілёва. У 1992-м ёй прапанавалі папрацаваць у клясе зь беларускай мовай навучаньня. Адкрыцьцё такіх клясаў падавалася як экспэрымэнт, а ініцыятыва ішла з раённага аддзелу адукацыі.

Настаўніца кажа, што вучняў для адзінай у школе беларускай клясы пачалі набіраць 15 жніўня. 1 верасьня ў ёй было 29 першаклясьнікаў.

«Тады быў уздым. Усё навокал мянялася, мо ня так хутка, але гэта адчувалася. Тая атмасфэра натхняла людзей», — адзначае настаўніца.

Былы выкладчык Магілёўскага ўнівэрсытэту імя Куляшова Міхась Булавацкі сьцьвярджае, што ў 1993–94 навучальным годзе на беларускай мове вучыліся 6,6% магілёўскіх школьнікаў — гэта блізу 1000 вучняў. Тады на базе 9-й гарадзкой школы дзеяла беларуская гімназія. А ў дзясятку школ набралі беларускія клясы.

9-я магілёўская школа. На яе базе ў 1992–95 гадах дзеяла беларуская гімназія
9-я магілёўская школа. На яе базе ў 1992–95 гадах дзеяла беларуская гімназія

Мясцовая прэса таго часу, спасылаючыся на зьвесткі гарвыканкаму, паведамляла, што ў 1993 годзе больш за 60 працэнтаў першаклясьнікаў меліся вучыцца на беларускай мове. Па Беларусі гэты працэнт сягаў 76 працэнтаў. Акрамя таго, у 1993 годзе ў мясцовых дзіцячых садках рыхтаваліся набраць больш за 300 беларускіх груп.

Праблемы беларускіх клясаў

Па словах Ларысы Ўнучак, асноўная праблема для пэдагога беларускай клясы палягала ў тым, што вучні з расейскамоўнага асяродзьдзя не былі падрыхтаваныя да вучобы па-беларуску. Настаўнік меўся сам знайсьці спосабы іх адаптацыі. Дапаможнікаў па гэтай праблематыцы не было.

«Трэба было думаць, як найхутчэй узбагаціць слоўнікавы запас вучняў ды як разьвязаць праблему з маўленьнем», — тлумачыць суразмоўніца тагачасныя рэаліі, дадаючы, што такія цяжкасьці актуальныя і цяпер.

Магілёўская школа № 18, у якой набралі адну зь першых беларускіх клясаў
Магілёўская школа № 18, у якой набралі адну зь першых беларускіх клясаў

Яна знайшла выйсьце ў складаньні дынамічных слоўнікаў з малюнкамі розных прадметаў, якімі карысталіся яе вучні на ўроках. Дзецям ня варта было пастаянна нагадваць, як прадмет гучыць па-беларуску, бо яны маглі адшукаць яго па малюнках. Прыдумляла настаўніца казкі, якімі тлумачыла, чаму беларускія літары адрозьніваюцца ад расейскіх і як яны складаюцца ў гукі і словы.

Па яе словах, дзеці не баяліся памыляцца. Самастойная праца спрыяла таму, што за больш пасьпяховымі цягнуліся тыя, каму веды даваліся цяжэй.

Праца з бацькамі

Суразмоўніца адзначае, што першыя паўгода бацькі былі ў няпэўнасьці, ці змогуць іхныя дзеці вучыцца па-беларуску. Яны сумняваліся, што беларускамоўная адукацыя ў расейскамоўным горадзе замацуецца. Некаторыя зь іх прыходзілі на ўрокі — і заставаліся задаволеныя ўбачаным. За першыя дзьве чвэрці колькасьць вучняў у клясе ня зьменшылася.

Ларыса Ўнучак са сваімі навучэнцамі
Ларыса Ўнучак са сваімі навучэнцамі

Ларыса Ўнучак кажа, што прасіла бацькоў, каб тыя дома гаварылі зь дзецьмі па-беларуску. Даводзіла ім, што «для грунтоўнага засваеньня матэрыялу і веданьня мовы замала, каб яна гучала толькі ў клясе».

Тыя дзеці, якія чулі мову ў сямʼі, былі на ўроках больш пасьпяховымі.

Урокі здымалі на відэа

У 1992 годзе Ларысе Ўнучак прапанавалі месца ў магілёўскім пэдагагічным каледжы. У яе абавязкі ўваходзіла і рыхтаваць настаўнікаў для беларускіх клясаў. Увесь год яна сумяшчала працу ў школе і каледжы.

«Павучыць дзяцей па-беларуску мне было важна з прафэсійнага пункту гледжаньня, каб якасна рыхтаваць навучэнцаў каледжу», — кажа суразмоўніца.

Колішні Магілёўскі пэдагагічны каледж перапрафіляваны ў сацыяльна-гуманітарны каледж унівэрсытэту імя Куляшова
Колішні Магілёўскі пэдагагічны каледж перапрафіляваны ў сацыяльна-гуманітарны каледж унівэрсытэту імя Куляшова

Ейныя ўрокі ў беларускай клясе здымалі на відэа, каб паказваць настаўнікам зь іншых гарадоў.

У каледжы Ларыса Ўнучак выкладала свае дысцыпліны па-беларуску. Празь ейныя спэцкурсы прайшлі блізу 1000 навучэнцаў. Цяпер тагачасным выпускнікам 35–45 гадоў.

«Абʼём беларускай мовы навучэнцам каледжу даваўся дастатковы, каб яны маглі працаваць па-беларуску. Акрамя таго, іх прафэсійны абавязак — ведаць беларускую мову і вучыць на ёй дзяцей», — кажа настаўніца.

«Вучні пабачылі, што беларуская мова не патрэбная»

Праз тры гады, у 1995-м, клясу Ўнучак перавялі на расейскую мову навучаньня.

Пазнака ў працоўнай кніжцы, што Ларыса Ўнучак працавала ў 18-й магілёўскай школе і пэдагагічным каледжы
Пазнака ў працоўнай кніжцы, што Ларыса Ўнучак працавала ў 18-й магілёўскай школе і пэдагагічным каледжы

Па яе словах, бацькі былі незадаволеныя зьменамі, але «не бунтавалі».

«Вучні пабачылі, што іхнае навучаньне на беларускай мове раптам стала нікому не патрэбнае. З гэтым яны жывуць дагэтуль», — лічыць настаўніца.

Суразмоўніца кажа, што стаўленьне да беларускамоўнага навучаньня пачало мяняцца ў 1994 годзе, калі да ўлады прыйшоў Аляксандар Лукашэнка. Пасьля рэфэрэндуму яе калегі цікавіліся, «што будзе далей зь беларусізацыяй у сьвятле ўведзенага дзьвюхмоўя».

«Я тады казала, што для беларускай мовы месца не застанецца, бо многім было зручна, каб панавала расейская мова. Беларуская ж засталася б у навучальным працэсе толькі пры ўмове, што яна адзіная дзяржаўная», — кажа Ларыса Ўнучак.

У каледжы яна працавала да 2004 году, пакуль ён ня страціў статусу самастойнай сярэдняй спэцыяльнай установы. Апошнія беларускія клясы ў Магілёве зьніклі ў 2001 годзе.

«Захады чыноўнікаў, каб аднавіць беларускае навучаньне, фрагмэнтарныя»

Кляса зь беларускай мовай навучаньня з адным вучнем зьявілася ў Магілёве толькі ў 2010-м. Цяпер у дзьвюх школах вучыцца па-беларуску 19 дзяцей. Усе клясы малакамплектныя. Найбольшая колькасьць вучняў — 8 чалавек. Найменшая — 1 вучаніца.

Захады чыноўнікаў, каб аднавіць беларускае навучаньне, Ларыса Ўнучак называе фрагмэнтарнымі. На яе думку, яны не ствараюць сыстэмы навучаньня па-беларуску і не спрыяюць фармаваньню нацыянальнай самасьвядомасьці школьнікаў.

Дыплёмы аб кваліфікацыі Ларысы Ўнучак. Усе з адзнакаю
Дыплёмы аб кваліфікацыі Ларысы Ўнучак. Усе з адзнакаю

Пэдагог адзначае, што перад настаўнікамі стаіць той жа выклік, што і на пачатку 1990-гадоў: як адаптоўваць дзяцей з расейскамоўнага асяродзьдзя да вучобы на беларускай мове.

«Але маім цяперашнім калегам прасьцей, бо засталіся нашы напрацоўкі», — заўважае Ларыса Ўнучак.

Чаму школы не гатовыя да беларускамоўных клясаў

Пэдагог лічыць, што ў вышэйшага начальства няма выразнай пазыцыі наконт навучаньня па-беларуску. А бяз гэтага школы не наважацца самастойна набіраць беларускія клясы.

Чыноўнікі заяўляюць, што беларускія клясы зьявяцца, калі будуць ахвотныя вучыцца ў іх. Але вучняў у такія клясы шукаюць толькі актывісты Таварыства беларускай мовы.

«Безумоўна, актывісты ТБМ робяць усё, што ад іх залежыць, каб беларускія клясы зьявіліся, але ў іх няма рэсурсаў уплыву на школу», — камэнтуе сытуацыю Ларыса Ўнучак.

Такія ўлёткі магілёўскія ТБМаўцы расклейваюць з году ў год, каб знайсьці ахвотных вучыцца па-беларуску
Такія ўлёткі магілёўскія ТБМаўцы расклейваюць з году ў год, каб знайсьці ахвотных вучыцца па-беларуску

Суразмоўніца лічыць, што сытуацыю можа пераламіць толькі масавае жаданьне бацькоў, каб іх дзеці вучыліся па-беларуску.

«Але ўявіце сабе дзіцятка, якое ідзе ў першую клясу. У яго і так могуць узьнікнуць праблемы з навучаньнем, а тут яшчэ бацькам кажуць — мо ня варта пісаць заяву ў беларускую школу, бо сытуацыя няпэўная. А навошта бацькам лішнія праблемы?» — разважае суразмоўніца.

Паводле яе, тыя, хто аддаў дзяцей у беларускія клясы, «увесь час рызыкуюць», бо адпачатку кіраўніцтва школ і аддзелаў адукацыі не прадумала арганізацыю навучальнага працэсу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG