Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскія чыноўнікі прызналі, што падрыхтоўка беларускамоўных настаўнікаў у заняпадзе


Ілюстрацыйнае фота. 1 верасьня ў беларускамоўнай гімназіі №23 у Менску, 2018 год
Ілюстрацыйнае фота. 1 верасьня ў беларускамоўнай гімназіі №23 у Менску, 2018 год

У 380-тысячным Магілёве бракуе беларускамоўных настаўнікаў. Па-беларуску вучацца 18 дзяцей.

Магілёўскія чыноўнікі прызналі недахоп пэдагагічных кадраў для беларускамоўнага навучаньня. Гэта праблема была ўзьнятая падчас дыскусіі аб пэрспэктывах беларускага школьніцтва ў горадзе. Яе ініцыятарам стала мясцовая суполка Таварыства беларускай мовы.

У палеміцы бралі ўдзел намесьніца старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Ала Галушка, прадстаўнікі гарадзкога ўпраўленьня адукацыі, кіраўнікі школ і садкоў, дзе існуюць беларускамоўныя клясы і групы.

У цэнтральную гарадзкую бібліятэку прыйшлі з сваімі пытаньнямі бацькі дзяцей, якія вучацца ў беларускіх клясах альбо зацікаўленыя ў іх адкрыцьці.

Падрыхтоўка настаўнікаў у заняпадзе

Ілюстрацыйнае фота. Настаўніца беларускамоўнай клясы Лідзія Ціханоўская магілёўскай школы №34
Ілюстрацыйнае фота. Настаўніца беларускамоўнай клясы Лідзія Ціханоўская магілёўскай школы №34

Паводле супрацоўніцы мэтадычнага аб’яднаньня па навукова-мэтадычным забесьпячэньні ўстаноў адукацыі Алены Аліноўскай, для школ гораду актуальная праблема з настаўнікамі-прадметнікамі, якія будуць вучыць дзяцей зь беларускіх клясаў. Яна адзначыла, што праца зь імі заняпала і яе неабходна «пэўным чынам арганізаваць».

Існаваньне такой праблемы пацьвердзілі і бацькі дзяцей, якія вучацца па-беларуску. Вячаслаў Турандзін, бацька вучаніцы трэцяй клясы 34-й школы, заявіў, што ад кіраўніцтва школы «ня мае выразнага адказу, ці будуць падрыхтаваныя праз год профільныя настаўнікі». Існуе праблема і з заменай адной беларускамоўнай настаўніцы.

Бацькі раскрытыкавалі і цяперашнюю практыку інфармаваньня магілёўцаў пра магчымасьць вучыць дзяцей па-беларуску. Паводле іх, рэкляма беларускіх клясаў недастатковая.

Праблему беларускіх кадраў абмяркуюць з настаўнікамі на нарадзе

Намесьніца старшыні гарвыканкаму Ала Галушка паабяцала на наступнай плянёрцы ўпраўленьня адукацыі абмеркаваць з кіраўніцтвам школ праблемы пэдагагічных кадраў. Яна адзначыла: калі ў горадзе стане болей беларускамоўных клясаў, то будзе «абсалютна іначай весьціся мэтадычная праца» з настаўнікамі.

Што зь беларускімі клясамі і групамі

Ілюстрацыйнае фота. 1 верасьня ў 34-й школе Магілёва, 2018 год
Ілюстрацыйнае фота. 1 верасьня ў 34-й школе Магілёва, 2018 год

​У 380-тысячным Магілёве ў верасьні 2018 году было больш за 39 тысяч вучняў. Сёньня па-беларуску ў дзьвюх школах вучацца 18 дзяцей. На пачатку навучальнага году іх было 13.

СШ № 34

  • 1-я кляса — 7 вучняў (было 5)
  • 3-я кляса — 6 вучняў (было 5)

СШ № 1

  • 2-я кляса — 3 вучні (было 2)
  • 9-я кляса — 1 вучаніца

Акрамя таго, у дзіцячым садку летась набралі беларускую групу з 2- і 3-гадовымі дзецьмі. Яе наведвае 16 малых (у верасьні 2018 году было 15).

Пэрспэктывы адкрыцьця беларускіх клясаў

Пра сёлетнія пэрспэктывы адкрыцьця беларускамоўных клясаў чыноўнікі пэўна не сказалі. Намесьніца начальніка гарадзкога ўпраўленьня адукацыі Раіса Аўсеенка адзначыла, што яны могуць зьявіцца, калі «ад бацькоў будзе хаця б дзесяць заяў».

Чыноўніца паведаміла, што гарвыканкам разглядае пытаньне пра набор беларускай групы на базе 37-га садка, каб у далейшым ягоныя выхаванцы пайшлі ў 1-ю школу зь беларускімі клясамі.

Паводле яе, яшчэ «будуць думаць, ці адкрыць поўную групу ў садку № 117, які ў мікрараёне Казіміраўка». Гэты мікрараён хутка разбудоўваецца на ўскрайку гораду.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG