Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прыжыўся б у Беларусі ўкраінскі моўны закон? 5 прапановаў на карысьць беларускай мовы


UKRAINE – Activists attend a rally to demand lawmakers vote for a law that grants special status to the Ukrainian language and introduces mandatory language requirements for public sector workers, in front of the parliament building. Kyiv, April 25, 2019

Пасьля прыняцьця Вярхоўнай Радай закону аб выключным статусе ўкраінскай мовы як дзяржаўнай Свабода распытала беларускіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў, як можа было б адаптаваць украінскі досьвед у Беларусі.

Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла 25 красавіка Закон аб выключным выкарыстаньні ўкраінскай мовы ва ўсіх сфэрах дзяржаўнага жыцьця.

Украінскія дэпутаты таксама прыраўнялі публічнае прыніжэньне або грэбаваньне дзяржаўнаю моваю да правапарушэньняў, зьвязаных з публічным зьдзекам зь дзяржаўных сьцяга, герба і гімна. За такія дзеяньні прадугледжана пакараньне як у выглядзе штрафу да 850 грыўняў, так і ў выглядзе арышту на тэрмін да 6 месяцаў.

Акцыя каля Вярхоўнай Рады Ўкраіны 25 красавіка
Акцыя каля Вярхоўнай Рады Ўкраіны 25 красавіка

У Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы: беларуская і расейская, але фактычна другая выцесьніла першую зь дзяржаўнага і грамадзкага ўжытку.

Украінскі закон можа стаць пазытыўным прыкладам і для Беларусі — перакананыя палітыкі і грамадзкія дзеячы, зь якімі пагутарыла Свабода.

Дэпутатка Анісім накіравала праект закону аб падтрымцы беларускай мовы

Алена Анісім
Алена Анісім

Законапраект «Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы», распрацаваны Таварыствам беларускай мовы, не прадугледжвае такіх радыкальных захадаў, як украінскі (кшталту штрафу і арышту), але, тым ня менш, канкрэтныя меры, каб пашырыць ужываньне мовы дзяржаўнымі службовымі асобамі, там прапісаныя, прадугледжаныя і пакараньні, запэўніла Свабоду намесьніца старшыні пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў, старшыня ТБМ Алена Анісім. У красавіку яна накіравала гэты законапраект на разгляд Нацыянальнага сходу.

«Я мяркую, што цяпер усе краіны робяць акцэнт менавіта на ўмацаваньні нацыянальнага складніка, інакш гэта не дзяржава, а проста тэрыторыя. Таму ва Ўкраіне адзіная дзяржаўная мова. Будзем і мы імкнуцца да гэтага, — кажа Анісім. — Наперадзе ў нас парлямэнцкія выбары, потым прэзыдэнцкая кампанія, таму мы хочам абазначыць нашу пазыцыю, абазначыць сілу і наша жаданьне бачыць беларускую мову на шыльдах, чуць радыё, глядзець тэлебачаньне па-беларуску, мець магчымасьць глядзець якаснае кіно па-беларуску. Таму я не складаю рукі, выразна бачу, якое кола моўных пытаньняў чакае нас наперадзе, — кажа Алена Анісім.

Губарэвіч: Трэба замацаваць у Канстытуцыі беларускую мову як адзіную дзяржаўную

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч

Палітык, старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч перакананы, што дзяржаўнай павінна быць адна мова — беларуская, а ня дзьве, як цяпер.

«Беларуская мова мае зьяўляцца адзінай дзяржаўнай мовай. А расейская мова, як і іншыя, могуць выкарыстоўвацца як мовы нацыянальных меншасьцяў для камунікацыі паміж сабой альбо як агульная мова для зносін паміж людзьмі розных нацыянальнасьцяў. Так што я за адзіную дзяржаўную мову, замацаваную ў Канстытуцыі.

А з гэтага вынікае, што ўся дзяржаўная дакумэнтацыя, уся праца дзяржаўных органаў павінна весьціся па-беларуску. Таксама ўсе дзяржслужачыя, чыноўнікі павінны дасканала валодаць беларускай мовай.

Канечне, мы можам разважаць пра тэрміны пераходу, пра ўмовы, пры якіх мы паступова прыйдзем да такой сытуацыі. Але гэта тое, да чаго трэба імкнуцца. Бо інакш мы проста рызыкуем апынуцца ў сытуацыі, калі беларуская мова будзе вышчамленая з усіх сфэраў, што адбываецца цяпер, і будзе зьнішчаная канчаткова», — кажа Юрась Губарэвіч.

Трусаў: «Трэба выбраць прэзыдэнта, які будзе размаўляць па-беларуску»

Алег Трусаў
Алег Трусаў

Намесьнік старшыні Таварыства беларускай мовы, гісторык Алег Трусаў перакананы, што беларускі Закон аб мовах мяняць ня трэба — трэба абраць кіраўніка дзяржавы, які будзе размаўляць выключна па-беларуску.

«Цяперашні Закон аб мовах, які дзейнічае, дазваляе нам наагул не карыстацца расейскай мовай нідзе, калі яго ўважліва пачытаць. І калі мы памянялі б кіраўніцтва краіны, „русский мир“ з гэтым законам выў бы, як воўк. І было б такое дзьвюхмоўе, як сёньня, толькі ўсё наадварот. Я з задавальненьнем карыстаюся гэтым законам і нідзе па-расейску нічога не падпісваю.

На жаль, у нас людзі размаўляюць на мове начальства. Таму я лічу, што пытаньне мовы — пытаньне чыста палітычнае. Не спадабалася Лукашэнку беларускамоўная шыльда пра хуткасны рэжым — назаўтра памянялі на расейскую. Скажа заўтра зрабіць усе шыльды па-беларуску — за ноч пераробяць. Таму якія законы ні прымай — мы жывем па паняцьцях у нашай краіне, а не па законах.

А калі мы на прэзыдэнцкіх выбарах абяром прэзыдэнта, які штодня будзе гаварыць толькі па-беларуску, то і з гэтымі законамі пражывём», — мяркуе Алег Трусаў.

Мацкевіч: «Трэба пачынаць з ВНУ, тады і школа пяройдзе на беларускую»

Тамара Мацкевіч
Тамара Мацкевіч

Старшыня Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч перакананая, што трэба выкарыстаць украінскі досьвед у сфэры вышэйшай адукацыі — перавесьці навучаньне ў ВНУ выключна на беларускую мову.

«Менавіта з вышэйшай адукацыі трэба пачынаць, тады паступова пяройдзе на беларускую мову і сярэдняя адукацыя, бо дзецям давядзецца паступаць у ВНУ.

Можна таксама выкарыстаць досьвед Грузіі. У іх вышэйшая адукацыя на грузінскай мове, і нацыянальным меншасьцям, якія дрэнна валодаюць грузінскай, даецца магчымасьць першы год навучацца бясплатна, вывучыць дасканала мову, а потым ужо прыйсьці падрыхтаваным на першы курс ВНУ.

Можна скарыстацца досьведам краінаў Балтыі — адзін прадмет у год пераводзіць на нацыянальную мову. Адзін год — гісторыю, другі — геаграфію, і гэтак далей. Тады мова для дзетак стане працоўнай.

І абавязкова без прымусу, з заахвочваньнем павінен быць пераход на беларускую мову ў сфэры адукацыі», — перакананая Тамара Мацкевіч.

Выдавец Сіўчыкаў: «Выдаўцоў беларускамоўных кніг трэба вызваліць ад падаткаў»

Уладзімер Сіўчыкаў
Уладзімер Сіўчыкаў

Беларускаму выдаўцу і літаратару Ўладзімеру Сіўчыкаву даспадобы патрабаваньне ўкраінскага моўнага закону, які абавязвае кнігавыдаўцоў ня менш як 50% прадукцыі штогод выдаваць на ўкраінскай мове. Ён таксама выступае за замацаваньне ў беларускім Законе аб мовах ільготнага падаткаабкладаньня выдаўцоў беларускамоўнай літаратуры.

«Павінны быць ільготы выдаўцам, якія выдаюць беларускамоўную літаратуру і дзіцячую літаратуру. Гэта быў бы разумны захад.

Я б прапанаваў нават выдаўцоў беларускамоўнай паэзіі, літаратуры „non fiction“, а таксама слоўнікаў, даведнікаў, размоўнікаў, падручнікаў, дапаможнікаў наагул вызваліць ад падаткаў», — кажа Ўладзімер Сіўчыкаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG