Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інстытут вывучэньня вайны: Расеі не хапае рэсурсаў, каб выкарыстаць захоп Бахмуту для далейшых посьпехаў на фронце

У цэнтры горада Бахмут, Данецкая вобласьць. 25 лютага 2023 году
У цэнтры горада Бахмут, Данецкая вобласьць. 25 лютага 2023 году

«Пасьля захопу Бахмуту расейскім войскам давядзецца выбіраць паміж дзьвюма лініямі наступу, якія разыходзяцца».

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) перакананыя, што расейскім войскам не хапае магчымасьцяў выкарыстаць тактычны захоп Бахмуту для атрыманьня апэратыўнага эфэкту.

«Пасьля захопу Бахмуту расейскім войскам давядзецца выбіраць паміж дзьвюма лініямі наступу, якія разыходзяцца. Яны могуць паспрабаваць прасунуцца на захад у кірунку Канстанцінаўкі (прыкладна 20 кілямэтраў ад Бахмуту) або могуць на паўночны захад у кірунку Славянск — Краматорск (прыкладна 40 кілямэтраў ад Бахмуту). Гэтыя два патэнцыяльныя кірункі не падтрымліваюць адзін аднаго, і зьнясіленым расейскім войскам, хутчэй за ўсё, давядзецца аддаць перавагу толькі аднаму, каб мець нейкія шанцы на посьпех», — адзначаецца ў справаздачы інстытуту.

Паводле экспэртаў ISW, украінскія сілы таксама моцна ўмацавалі абодва гэтыя маршруты, якія забясьпечваюцца шматлікімі наземнымі лініямі сувязі, што праходзяць глыбока ва ўкраінскі тыл, і любая спроба Расеі прасунуцца па гэтых кірунках прывядзе да вялікіх страт.

«Апроч таго, расейцам, пэўна, не стае мэханізаваных сілаў, неабходных для наступу за Бахмут, а тактычныя „штурмавыя атрады“, якія выкарыстоўваюцца ў штурмах Бахмуту, падобна, ня здольныя весьці манэўравую вайну. Апошнія расейскія наступы ў гарадзкіх раёнах Бахмута дэманструюць, што расейскія войскі могуць забясьпечыць абмежаваныя тактычныя посьпехі з дапамогай франтальных нападаў пад кіраўніцтвам пяхоты», — мяркуюць у Інстытуце вывучэньня вайны.

Выведка Вялікай Брытаніі: перад Расеяй паўстала вялікая праблема выбару кірункаў наступу

У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі зьвяртаюць увагу на абвастрэньне канкурэнцыі паміж міністрам абароны Сяргеям Шайгу і ўласьнікам прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» Яўгеніем Прыгожыным.

Менавіта з гэтым брытанскія выведнікі зьвязваюць візыт Сяргея Шайгу ў Марыюпаль, які, паводле іх, адбыўся 4 сакавіка.

Брытанскія выведнікі адзначылі правал расейскай кампаніі пад Вуглядарам, які расейская армія разглядала як як ключавы спосаб дасягнуць значнага ў апэратыўным пляне прарыву на фронце.

«Расея, імаверна, сутыкнуліся з дылемай: паспрабаваць яшчэ адзін штурм Вуглядара або падтрымаць інтэнсіўныя баі далей на поўнач каля Бахмуту і Крамянной», — мяркуюць брытанскія выведнікі.

Генштаб Украіны: колькасьць расейскіх атак павялічылася

У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны паведамілі, што за апошнія содні Расея сканцэнтравала свае намаганьні на пяці кірунках Харкаўскай, Луганскай і Данецкай абласьцей, у тым ліку пад Бахмутам. Там украінскія абаронцы адбілі больш як 100 атак расейцаў.

«На бахмуцкім кірунку праціўнік, нягледзячы на значныя страты, і далей штурмуе горад Бахмут», — адзначаецца ў паведамленьні ўкраінскага Генштабу.

У Міністэрстве абароны Расеі традыцыйна паведамляюць толькі пра страты ўкраінскага боку. Аднак названыя ім кірункі баёў супадаюць з тымі, якія называюць Украіна, брытанская выведка і Інстытут вывучэньня вайны.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG