«Зь дзяцінства марыў пра вайсковую кар’еру, гуляў у салдацікі»
Пра сьмерць пабраціма днямі паведаміў украінец Руслан «Давід» у сваім інстаграме.
Ён напісаў, што ўраджэнец Беларусі Яўген Логінаў з пазыўным «Мальдэр» «ніколі не баяўся ворага і заўжды быў першым добраахвотнікам на любыя небясьпечныя заданьні».
«Ён заўсёды рваўся ў бой і заўсёды выходзіў сухім з жорсткіх агнявых кантактаў і паядынкаў», — расказаў пра пабраціма Руслан «Давід». 5 траўня на «Азоўсталь» прарвалася група расейскіх вайскоўцаў. «Мальдэр адкрыў агонь, перастрэльваўся з нападнікамі, але варожая куля пацэліла яму ў сонную артэрыю», — зазначыў «Давід».
Свабода пагутарыла з маці Яўгена. Ён сапраўды нарадзіўся ў Берасьці і быў у бацькоў адзіным сынам. Калі хлопчыку быў адзін год, сям’я пераехала ва ўкраінскі Мікалаеў. Ірына кажа, што там жылі сваякі мужа. Сам муж быў родам з Расеі. Яна зь Беларусі. З 1995 году Логінавы жылі ў Мікалаеве. Яўген тут хадзіў у садок, школу, скончыў мараходную школу і караблебудаўнічы інстытут.
«Мы думалі, што ён будзе рабіць „марскую“ кар’еру, але ён вырашыў стаць вайскоўцам. Яшчэ ў дзяцінстве ён больш гуляў не з машынкамі, а салдацікамі. Гуляў зь імі ў вайну і любіў вайсковую справу», — успамінае маці.
Яўгена, паводле яе слоў, ня ўзялі ў войска, хоць ён вельмі хацеў. Прычынай была плоскаступнёвасьць трэцяй ступені. Але хлопец «вырашыў» гэтую праблему — падклаў на камісіі іншы здымак ног, ягонага сябра. Так ён трапіў добраахвотнікам у Нацыянальную гвардыю. Гэта быў 2018 год.
«Яму падабаўся полк «Азоў»
Служыць Яўгена Логінава накіравалі ў Марыюпаль, там ён у складзе Нацыянальнай гвардыі патруляваў вуліцы. Маці кажа, што Яўгену было «трохі нудна».
«Ён не курыў, ня піў, быў вельмі спакойны, ураўнаважаны, адгукаўся на любую просьбу аб дапамозе. Яшчэ ў школьныя гады Яўген быў скаўтам, езьдзіў у розныя лягеры ў Крым — украінскі Крым», — дадала Ірына.
Неяк хлопцаў з Нацыянальнай гвардыі вазілі ў полк «Азоў». Яўгену там спадабалася, ён прайшоў курс маладога байца, здаў нарматывы, і зь ім заключылі кантракт. У 2019 годзе браў удзел у баявых дзеяньнях пад Данецкам.
«Ён шмат трэнаваўся, быў спартыўным, моцным. На „выдатна“ здаваў усе нарматывы. Яму „Азоў“ вельмі падабаўся, бо там былі сапраўдныя патрыёты, прафэсіяналы. Яго заўважылі і прызначылі камандзірам аддзяленьня. Затым адправілі на вучобу пад Львоў. Там ён са сваімі хлопцамі і сустрэў 24 лютага 2022 году. Яны адразу ж паехалі ў Марыюпаль, на дапамогу сваім пабрацімам. Хаця маглі застацца там і яшчэ месяц вучыцца», — кажа маці загінулага.
Яна дадала, што Яўген удзельнічаў у вулічных баях, затым байцы мусілі адступіць і сабраліся на «Азоўсталі».
«Мы сазвоньваліся. Ён заўсёды быў спакойным. Прасіў, што калі будуць бамбіць Мікалаеў, каб мы выяжджалі. Але мы засталіся, бо вырашылі дачакацца яго. Калі не было сувязі, то нам нічога не заставалася, як маліцца. 27 красавіка быў апошні званок ад яго. Ён быў спакойным. Каб я ня ведала, у якім пекле цяпер знаходзіцца, то не паверыла б. Сын казаў, што „мы трымаемся, выходзім, працуем“ — гэта значыць, што выходзілі і змагаліся з расейцамі», — кажа Ірына.
«Цяпер мы дакладна нават ня ведаем, дзе ягонае цела, як нам яго пахаваць»
Маці прыгадвае, што сын сказаў:
«Мы не здадзімся, бо тады нас Расея зьнішчыць». «Ён меў на ўвазе, што Расея, ведаеце, як ставілася да палку „Азоў“. А гэта былі людзі, прафэсійныя вайскоўцы, загартаваныя, якія ўмелі ваяваць. І вось пятага траўня да іх прарваўся расейскі дэсант», — кажа Ірына.
Дагэтуль бацькі не атрымалі цела сына — Марыюпаль пад расейскай акупацыяй. «Там загінула шмат людзей — і вайскоўцаў, і цывільных. Некаторых аддалі на абмен, іншых, наколькі я ведаю, расейцы там проста закапалі. Мы здалі ДНК і чакаем — можа, будзе супадзеньне. Забяром сына, пахаваем, каб хоць была магілка, куды зможам прыйсьці да яго», — кажа маці.
Яна дадае, што, нягледзячы на цяжкасьці са сьвятлом, вадой і ацяпленьнем, яны не выяжджалі зь Мікалаева. «Мы вырашылі застацца. Патрываць, ведаючы, што нашаму сыну ў Марыюпалі значна цяжэй і горш. Адзіны сын... Ён быў такі добры. Яўген быў для нас проста падарункам ад Бога», — дадала Ірына.
Яна і муж не размаўляюць са сваякамі з Расеі з прычыны розных поглядаў на вайну.
«Тое, што робіць Расея, — гэта жах, гэта страшна. Гэта бесчалавечна. Як нармальны чалавек можа падтрымліваць вайну? Адно гэтае слова ў нармальных людзей выклікае жах. У нас да 24 лютага былі людзі, якія былі на баку Расеі. Але потым усе сталі за Ўкраіну. Нават старыя людзі, усе», — дадала Ірына.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.