Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памежнікі Ўкраіны расказалі, як падчас вайны адсочваюць сытуацыю на мяжы зь Беларусьсю, Малдовай і Расеяй

На ўкраінска-расейскай мяжы ў Чарнігаўскай вобласьці. 16 лютага 2023,  ілюстрацыйнае фота
На ўкраінска-расейскай мяжы ў Чарнігаўскай вобласьці. 16 лютага 2023, ілюстрацыйнае фота

Ахова мяжы ўзмоцнена сіламі абароны, каб пазьбегнуць магчымых правакацый і даць адпор, «калі вораг будзе спрабаваць ажыцьцявіць больш магутныя крокі з тых кірункаў».

У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны заявілі, што цяпер найбольш пільна адсочваюць сытуацыю ня толькі на мяжы з Расеяй, але і на межах зь Беларусьсю і Малдовай (Прыднястроўем).

«Мы памятаем нагнятаньне сытуацыі на мяжы зь Беларусьсю, калі гаварылі, што Ўкраіна зьяўляецца пагрозай для Беларусі і, магчыма, адбудзецца напад. Прыднястроўем, ня выключана, таксама Расея можа маніпуляваць у інфармацыйным полі. Мы памятаем, што вораг подлы і ў любы момант можа выкарыстоўваць розныя кірункі, у тым ліку і Прыднястроўе», — сказаў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом 27 лютага.

Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка
Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка

Паводле яго, на гэтых участках ахова мяжы ўзмоцнена сіламі абароны, каб пазьбегнуць магчымых правакацый і даць адпор, «калі вораг будзе спрабаваць ажыцьцявіць больш магутныя крокі з тых кірункаў».

Андрэй Дземчанка дадаў, што за апошнія некалькі месяцаў Расея спрабавала перакінуць дывэрсійна-выведныя групоўкі празь мяжу ў Харкаўскай і ў Сумской абласьцях.

«Нельга сказаць, што яны досыць актыўныя, але вядома, што такія выпадкі ёсьць. Апошнія выпадкі фіксаваліся і ў Харкаўскай, і ў Сумскай абласьцях. Больш актыўна яны выкарыстоўвалі дывэрсійныя групы напярэдадні Новага году. Але нашы абаронцы іх выяўляюць, наносяць па іх удар і тыя адступаюць за лінію мяжы», — сказаў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны.

Паводле яго, такія групы спрабуюць выявіць месцы базаваньня ўкраінскіх падразьдзелаў і высьветліць, як пабудавана абарона Ўкраіны, каб потым выкарыстоўваць гэтую інфармацыю пры абстрэлах з артылерыі і мінамётаў.

«Практычна кожны дзень вораг абстрэльвае тэрыторыі і Чарнігаўскай, і Сумскай, і Харкаўскай абласьцей. Яны спрабуюць нанесьці ўдары па пазыцыях украінскіх абаронцаў, але гэта пагроза і мірным жыхарам», — паведаміў Андрэй Дземчанка.

З пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

Нядаўна Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатова далучыцца да расейскай агрэсіі ва Ўкраіне ў выпадку вайсковага інцыдэнту на мяжы і ўварваньня ўкраінскіх салдатаў на беларускую тэрыторыю.

Міністэрства абароны Расеі а пятай раніцы 23 лютага паведаміла аб нібыта падрыхтоўцы Украінай «узброенай правакацыі супраць Прыднястроўя» з выкарыстаньнем «нацыяналістычнага фармаваньня „Азоў“». У Малдове і Ўкраіне гэтую інфармацыю зьняпраўдзілі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG