Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэтыя змагары па-беларуску ня ўмеюць гаварыць». Як дзяржаўныя СМІ і блогеры «адзначылі» Дзень роднай мовы


Ва ўсім сьвеце 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Гэта адна зь нешматлікіх нагод, калі журналісты дзяржаўных СМІ, а таксама праўладныя блогеры зьвяртаюцца да тэмы беларускай мовы.

Пісалі дыктоўку па творы Гусакова

На ўсіх трох асноўных нацыянальных каналах (Беларусь-1, АНТ і СТВ) выпускі навінаў 21 лютага вялі па-беларуску. На беларускай гаварылі ня толькі вядоўцы ў студыях, але і рэпартэры, якія рыхтавалі матэрыялы. Па-беларуску расказвалі аб усім: ад сустрэчы Лукашэнкі да ДТЗ у краіне.

Кожны з тэлеканалаў таксама паказаў невялікі сюжэт да Дня роднай мовы. Ключавая роля ў гэтых сюжэтах адводзілася рэспубліканскай дыктоўцы, якая адбылася ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа. Удзельнікі пісалі дыктоўку не паводле твору кагосьці з клясыкаў беларускай літаратуры, а паводле тэксту старшыні прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ўладзімера Гусакова «Беларусь — краіна-мара».

Знайсьці сам тэкст дыктоўкі ў інтэрнэце пакуль немагчыма. Але журналісты тэлеканалаў паведамілі, што тэкст «пра хараство прыроды, гісторыю нашай краіны і тую веліч, якой дасягнула Беларусь». З асаблівым імпэтам пералічваліся краіны і рэгіёны, дзе пісалі гэтую дыктоўку. Чамусьці найбольш адзначалі Аляску.

Па-беларуску выступіў толькі Сергеенка

Журналісты «Беларусь-1» і АНТ наведалі беларускамоўныя дзіцячыя садкі ў Сьмілавічах і Менску.

«У жыцьцi такiх улюблёных у мову сёньня сустрэнеш рэдка. Дзьве дзяржаўныя мовы зрабiлi сваю справу, большасьць дарослых гаворыць па-расейску», — зрабіла выснову журналістка АНТ Ангеліна Дзікун.

З усіх чыноўнікаў 21 лютага невялікі камэнтар па-беларуску для дзяржаўных СМІ даў толькі кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ігар Сергеенка. Ён пабываў у Мёрскім раёне, дзе школе ў мястэчку Новы Пагост далі імя Генадзя Цітовіча, заснавальніка Нацыянальнага акадэмічнага хору Рэспублікі Беларусь.

«Ушанаваньне памяці вялікіх землякоў — гэта вялікая справа, якая зьвязвае часы і пакаленьні, якая фармуе нацыянальную сьвядомасьць, годнасьць, гонар за нашу вялікую айчыну. Гэта мае вялікае значэньне для маладога пакаленьня», — сказаў Сергеенка.

Раней Міжнародны дзень роднай мовы адзначаўся ў Міністэрстве замежных справаў, калі беларускія і замежныя дыпляматы чыталі вершы па-беларуску. Ініцыяваў такое адзначэньне ўжо памерлы міністар Уладзімер Макей. Сёлета ніякіх актыўнасьцяў з боку МЗС не было.

«Змагары па-беларуску ня ўмеюць гаварыць»

Вялікая перадача «Па сутнасьці», прысьвечаная Дню роднай мовы, выйшла на тэлеканале СТВ. У нейкім сэнсе яна стала скандальнай.

Падчас яе дэпутат Палаты прадстаўнікоў, археоляг Ігар Марзалюк выказаўся аб неабходнасьці пазытыўнай дыскрымінацыі беларускай мовы.

«Па вас пройдуцца некаторыя блогеры», — сказаў вядоўца перадачы Кірыла Казакоў.

«Мне на іх начхаць», — адказаў Марзалюк.

«Як вам такое? Быццам Оруэла чытаю. Але праходзіцца па Марзалюку я ня буду. Яму ўсё адно „начхаць“», — адрэагавала мастачка Сьвятлана Жыгімонт, вядомая сваім партрэтам Лукашэнкі і лідэраў апазыцыі.

«Гэта ўжо проста нейкае нацысцкае дно, што ён нясе? Гэта дакладна дэпутат парлямэнту? Вы ўвогуле ку-ку? Украіны вам мала?» — абурыўся адзін праўладны тэлеграм-канал, які часта цытуюць «Жёлтые сливы» і каналы, блізкія да ГУБАЗіКу.

У той самай перадачы Марзалюк таксама сказаў, што нават у расейскамоўных школах неабходна выкладаць гуманітарныя навукі па-беларуску.

«Беларуская мова стала сынонімам змагарства», — перакананы вядоўца Кірыла Казакоў.

«Гэтыя змагары па-беларуску ня ўмеюць гаварыць», — крычаў у эфіры прафэсар Інстытуту журналістыкі БДУ Віктар Іўчанкаў.

Дырэктар Інстытуту гісторыі НАН Вадзім Лакіза адзначыў, што «выкарыстаньне беларускай мовы ў апазыцыйных сродках (масавай інфармацыі. — РС) — гэта наша памылка». А палітоляг Пётра Рудкоўскі хваліў Ёсіфа Сталіна за ягоную моўную палітыку ў Беларусі.

«Тарашкевіца — гэта ржа, якая разьядала мову», — па-расейску ў канцы перадачы сказала начальніца Галоўнага ўпраўленьня дзяржаўных спэцыяльных культурных мерапрыемстваў і прафэсійнага мастацтва Міністэрства культуры Ірына Дрыга.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG