Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларуская мова не бабулін сэрвіз, які дастаюць і праціраюць ад пылу толькі на сьвяты». Ініцыятыва «Годна» запускае моўны маратон


Падручнік беларускай мовы ў руках вучняў. Менск. Архіўнае фота
Падручнік беларускай мовы ў руках вучняў. Менск. Архіўнае фота

У Міжнародны дзень роднай мовы грамадзкая ініцыятыва «Годна» стварыла ролік пра беларускую мову. Даведаліся ў кіраўніцы ініцыятывы Аліны Герашчанкі падрабязнасьці.

21 лютага ініцыятыва «Годна» ў сваім інстаграме абвясьціла пра запуск беларускамоўнага маратону. Ён скіраваны на тое, каб простай мовай, хутка і даступна патлумачыць асноўныя правілы беларускай мовы. Пачынаецца маратон з публікацыі відэа, прысьвечанага роднай мове беларусаў.

«У гэтым роліку многія змогуць пазнаць сябе. Як і першае каханьне, знаёмства зь беларускай мовай асаблівае і запамінальнае. Кожны з нас прыходзіць да яе ў свой час, па-рознаму», — расказвае кіраўніца «Годна» Аліна Герашчанка.

Аліна Герашчанка
Аліна Герашчанка

Летась ініцыятыва рабіла беларускую антыўтопію. Тады актывісты зьнялі міні-фільм пра Беларусь, дзе беларускай мовы няма і не было.

«Гэтым разам мы вырашылі стварыць мэнтальную сувязь беларускай мовы і моцных інтымных пачуцьцяў. Такіх, як любоў. У жыцьці кожнага чалавека былі багатыя на эмоцыі пэрыяды, якія пакінулі сьветлы сьлед ва ўспамінах ці нават зьмянілі жыцьцё. І гэтым паваротным пунктам можа быць беларуская мова. Усе па-рознаму прыходзяць да яе. Але далей ва ўсіх нас жыцьцёвы шлях набывае агульную рысу — ён робіцца беларускім», — кажа Аліна Герашчанка.

«Беларуская мова — гэта пункт уваходу ў наш культурны космас»

Маратон беларускай мовы распачаўся ў інстаграме ініцыятывы. Аліна кажа, што ён дапаможа вывучыць альбо нагадаць сабе асноўныя правілы беларускай мовы, дапаможа хутчэй і сьмялей выкарыстоўваць яе ў штодзённай камунікацыі.

«Беларуская мова не бабулін сэрвіз, які дастаецца і праціраецца ад пылу толькі на сьвяты. Беларуская мова — гэта шлях да Беларусі. Такі пункт уваходу ў наш культурны космас. Каб стаць касманаўтам, трэба старанна трэніраваць цела, а каб дайсьці да Беларусі — трэніраваць сваю мову».

Цягам 30 дзён у інстаграме будуць публікавацца кароткія відэа з правіламі беларускай мовы і распаўсюджанымі памылкамі ў маўленьні.

«Акрамя іх, будуць простыя і натхняльныя заданьні — „матывашкі“ для паляпшэньня роднай мовы, а таксама карысныя спасылкі і цікавыя рэсурсы. Маратон будзе весьці Ліза Ветрава, мэнэджарка праектаў у „Годна“, таксама яна адзін з асноўных „твараў“ нашай арганізацыі, — гаворыць Аліна. — Ну і, безумоўна, папулярная інфлюэнсэрка, якая вельмі любіць родную мову і „гарыць“ сваёй справай».

Маратон падыдзе і людзям, якія толькі пачынаюць вучыць беларускую мову, і тым, хто размаўляе даўно.

«Быць чалавекам пісьменным, ведаць добра прынамсі адну мову — гэта норма прыстойнасьці. Ці можна ўспрымаць сур’ёзна чалавека, які ня ўмее пісаць ці гаварыць пісьменна? Ці можна ставіцца сур’ёзна да беларуса, які не імкнецца ведаць беларускую мову? Не шанаваць, любіць ці берагчы — а ведаць і карыстацца».

Зараз беларускі мэдыяфон вельмі нэгатыўны, мяркуе кіраўніца ініцыятывы, растуць расколы ў нашым грамадзтве.

«Здаецца, нічога ня можа зьяднаць непрымірымыя бакі. Але кансалідуючы фактар ёсьць — гэта беларуская мова. Нацыянальная мова — тая безумоўная каштоўнасьць, якая аб’ядноўвае беларусаў, незалежна ад іх палітычных поглядаў. І для нас гэта не самамэта, а шлях Беларускай будучыні, дзе нацыя будзе агульным домам для ўсіх, хто лічыць сябе беларусам. І, як казаў калісьці Паша Белавус (сузаснавальнік «Годна»): «У выніку, наша мэта — гэта яднаньне нацыі пад агульнымі каштоўнасьцямі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG