Як рыхтаваўся візыт прэзыдэнта ЗША ва Ўкраіну, якая ўжо ня першы год стрымлівае агрэсію Расеі? Падрабязнасьці закулісься сабраў «Голас Амэрыкі».
Сам Белы дом называе неанансаваны візыт прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна ў Кіеў «гістарычным і беспрэцэдэнтным», у прыватнасьці, па ўзроўні небясьпекі і рызык.
Бо ў адрозьненьне ад папярэдніх візытаў амэрыканскіх прэзыдэнтаў у зоны ваенных дзеяньняў, такія як Ірак і Афганістан, гэтым разам ЗША ня мелі вайсковай прысутнасьці ў краіне прызначэньня і не кантралявалі крытычную інфраструктуру. Улічваючы характар нападаў расейскай арміі на Ўкраіну і, у прыватнасьці, на Кіеў на працягу году, гэта зрабіла візыт прэзыдэнта ЗША ў Кіеў беспрэцэдэнтным.
Байдэн прыляцеў у Кіеў у дзень, калі Ўкраіна ўшаноўвае памяць забітых сілавікамі герояў «Нябеснай сотні» — удзельнікаў Рэвалюцыі годнасьці 2014 году. Разам з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім прэзыдэнт ЗША наведаў усе мэмарыялы і ўшанаваў памяць загінулых.
Падчас сустрэчы Байдэн і Зяленскі абмеркавалі сытуацыю на фронце, патрэбы Ўзброеных сіл, формулу міру, абарону і эканамічную дапамогу Ўкраіне, а таксама міжнародныя намаганьні па падтрымцы Ўкраіны.
Візыт плянаваўся некалькі месяцаў
Візыт Джозэфа Байдэна ва Ўкраіну плянаваўся за некалькі месяцаў з прыцягненьнем некалькіх ведамстваў у Белым доме, спэцыялістаў Пэнтагону, спэцслужбаў і, вядома ж, выведкі, якая адказвала за ацэнку пагроз падчас візыту, паведамілі прадстаўнікі Белага дому.
Але той факт, што ў плянаваньні апэратыўных мерапрыемстваў бясьпекі падчас візыту прэзыдэнта ЗША ў Кіеў у кожнай з гэтых устаноў удзельнічалі ўсяго некалькі чалавек, гаворыць пра ступень сакрэтнасьці.
Сам Джозэф Байдэн быў цалкам праінфармаваны пра кожны этап плянаваньня і пра магчымыя дзеяньні ў выпадку магчымых непрадбачаных сытуацый, заявілі амэрыканскія чыноўнікі.
Але толькі 17 лютага — пасьля сустрэчы ў Авальнай залі і тэлефоннай размовы зь некаторымі ключавымі членамі ягонага кабінэту нацыянальнай бясьпекі — Байдэн прыняў канчатковае рашэньне ехаць у Кіеў.
Байдэн гэтага хацеў
Падрабязнасьці стараннага плянаваньня візыту Джо Байдэна ва Ўкраіну 20 лютага апублікавалі дырэктар Белага дому па камунікацыях Кэтрын Бэдынгфілд, дарадца прэзыдэнта ЗША з нацыянальнай бясьпекі Джэйк Саліван і старшы намесьнік дарадцы з нацыянальнай бясьпекі Джон Файнэр.
«Паездка была сьмелым і моцным крокам прэзыдэнта Байдэна перад абліччам надзвычайных нягод. Гэта было надзвычай складана ў матэрыяльна-тэхнічным пляне, што пасылае неверагодна магутны сыгнал аб тым, што прэзыдэнт Байдэн верыць ва ўкраінскі народ і непахісна яго падтрымлівае», — падкрэсьліла Кэтрын Бэдынгфілд.
Аднак, паводле яе слоў, «гэта была рызыка, на якую хацеў пайсьці Джо Байдэн».
Прэзыдэнту ЗША было важна асабіста наведаць Кіеў, падкрэсьліваюць у Белым доме, і ён зрабіў гэта, нягледзячы на высокі ўзровень небясьпекі.
«Ён хацеў стаць поплеч з прэзыдэнтам Зяленскім і нагадаць сьвету ў той час, калі мы набліжаемся да гадавіны ўварваньня (буйнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году. — РС), што Кіеў выстаяў і працягвае стаяць... І ён хацеў прадэманстраваць сваю прыхільнасьць стратэгіі аб’яднаньня Захаду ў адзіны фронт супраць Пуціна», — сказала Бэдынгфілд.
Цяпер, па словах чыноўнікаў Белага дому, не павінна быць ніякіх сумневаў у тым, што Байдэн — лідэр, які сур’ёзна ставіцца да сваіх абавязаньняў, і што ЗША маюць намер працягваць падтрымліваць Украіну столькі, колькі спатрэбіцца.
Але перадусім візыт Байдэна ў Кіеў стаў магутнай дэманстрацыяй таго, што Ўкраіна пасьпяхова супрацьстаіць расейскай агрэсіі, а Расея цярпіць стратэгічны правал, кажуць амэрыканскія чыноўнікі.
Расею папярэдзілі перад самым візытам
Непасрэдна перад візытам ЗША праінфармавалі пра яго Расею, «каб пазьбегнуць магчымага канфлікту» паміж дзьвюма ядзернымі дзяржавамі».
Палітыкі ў ЗША неадназначна адрэагавалі на паездку прэзыдэнта ва Ўкраіну, які прыпаў на Дзень прэзыдэнта ў ЗША.
Сэнатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм заявіў у камэнтары выданьню Politico перад прылётам Байдэна ў Польшчу, а як стала вядома непасрэдна 20 лютага — ва Ўкраіну, што гэтая паездка «стане вызначальным момантам прэзыдэнцтва Байдэна».
Грэм вітаў візыт Байдэна ва Ўкраіну, але падкрэсьліў:
«Каб візыты і заявы мелі поўны сэнс, за імі павінны неадкладна рушыць усьлед рашучыя дзеяньні».
Ён заклікаў прызнаць Расею спонсарам тэрарызму, а таксама пачаць навучаньне ўкраінскіх лётчыкаў на сучасных зьнішчальніках і забясьпечыць украінцаў сучаснай авіяцыяй, «каб ня толькі спыніць гэтую вайну, але і стрымаць далейшую агрэсію».
«Прэзыдэнт адчуваў, што павінен выканаць важную місію, — рэзюмуюць у Белым доме. — Ён хацеў быць упэўнены, што будзе максымальна выкарыстоўваць кожны момант. І ён дзейнічаў з упэўненасьцю, што яго каманда ў бясьпецы змагла зьнізіць рызыку да кіраванага ўзроўню».
Дык цягніком ці самалётам?
Канкрэтныя матэрыяльна-тэхнічныя дэталі, такія як від транспарту, на якім ехаў Байдэн, ня будуць апублікаваныя, пакуль паездка прэзыдэнта ЗША ня будзе цалкам завершана. Аднак старшыня праўленьня «Укрзалізниці» Аляксандар Камышын паведаміў, што прэзыдэнт ЗША прыбыў у Кіеў цягніком. Гэта заняло 10 гадзін.
І, як можна зразумець са слоў Камышына, Байдэн таксама скарыстаўся цягніком, вяртаючыся ў Польшчу.
«Прэзыдэнт ЗША Джозэф Байдэн шчасна дастаўлены ў Кіеў і назад. Куды ня лётае Air Force One, падхоплівае „Укрзалізниця“. Train Force One прызначаны для лідэраў, якія маюць мужнасьць змагацца са злом. Асабіста», — напісаў у тэлеграме Камышын.
У Варшаве Байдэна сустракалі ўжо з самалёта.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.