Пуцін заявіў, што Расея прыпыняе ўдзел у Дамове аб стратэгічных узбраеньнях

абноўлена
Уладзімір Пуцін. Масква, 21 лютага 2023
Уладзімір Пуцін. Масква, 21 лютага 2023

Канстытуцыя Расеі патрабуе, каб прэзыдэнт штогод выступаў са зваротам да парлямэнту, але Пуцін не рабіў гэтага з красавіка 2021 году.

Выступ Уладзіміра Пуціна адбыўся за некалькі дзён да першай гадавіны пачатку расейскай вайны супраць Украіны.

Пуцін сярод іншага заявіў, што Расея прыпыняе свой удзел у Дамове аб стратэгічных наступальных узбраеньнях. Паводле Пуціна, РФ з дамовы не выходзіць, аднак выконваць яе ня будзе:

«У Вашынгтоне задумваюцца аб выпрабаваньнях ядзернай зброі. Таксама ў ЗША ідзе распрацоўка новых тыпаў ядзерных боепрыпасаў. Мы павінны быць гатовыя да выпрабаваньняў нашай ядзернай зброі. Першымі, мы, зразумела, рабіць гэта не будзем. Але калі ЗША выпрабуюць, мы таксама выпрабуем»,—заявіў ён.

Апошнюю дамову паміж Расіяй і ЗША аб мерах па далейшым скарачэньні і абмежаваньні стратэгічных наступальных узбраеньняў падпісалі ў 2010 годзе. Дамова прадугледжвае, што Расея і ЗША скарачаюць колькасьць разгорнутых ядзерных боезарадаў да 1550 адзінак, міжкантынэнтальных балістычных ракет, балістычных ракет падводных лодак і цяжкіх бамбавікоў — да 700 адзінак.

Пуцін таксама сказаў, што перад вайной «Кіеў рабіў спробы атрымаць ядзерную зброю», а цяпер «Украіна заняволеная Захадам, дзе яе рыхтавалі да вялікай вайны». У Кіеве шмат разоў адмаўлялі імкненьне атрымаць ядзерную зброю.

5 сьнежня 1994 году быў падпісаны дакумэнт пра вывад ядзернай зброі зь Беларусі і Ўкраіны, ён атрымаў назву «Будапэшцкі мэмарандум». Паводле яго, ЗША, Вялікая Брытанія і Расея абавязваліся паважаць незалежнасьць, сувэрэнітэт і існыя межы Ўкраіны, устрымлівацца ад пагрозаў або прымяненьня сілы і эканамічнага ціску, дамагацца неадкладных дзеяньняў Рады Бясьпекі ААН з мэтай аказаньня дапамогі Ўкраіне, калі яна стане ахвярай акту агрэсіі ці аб’ектам пагрозы агрэсіі з ужываньнем ядзернай зброі.

Такія ж абавязаньні распаўсюджваліся на Беларусь і Казахстан.

Расейскія чыноўнікі сухаюць Пуціна. Масква, 21 лютага 2023
Расейскія чыноўнікі сухаюць Пуціна. Масква, 21 лютага 2023

Акрамя таго, кіраўнік Расеі сказаў, што нібыта «Захад гуляў „мечанымі картамі“ і ўпіваецца сваім вераломствам, называючы „Менск-2“ спэктаклем і блефам».

Пры гэтым экс-памочнік Пуціна Ўладзімір Суркоў на мінулым тыдні прызнаў, што, распрацоўваючы Менскія пагадненьні, не разьлічваў на іх выкананьне.

Апраўдваючы вайну супраць Украіны, Пуцін сказаў, што мэта Захаду — «адарваць ад Расеі гістарычныя тэрыторыі, якія сёньня называюцца Ўкраінай», і, чым больш дальнабойных сродкаў Захад будзе даваць Кіеву, тым далей РФ будзе вымушана адсоўваць пагрозу ад сябе, а «перамагчы Расею на полі бою немагчыма».

Расейскія чыноўнікі слухаюць Пуціна. Масква, 21 лютага 2023
Расейскія чыноўнікі слухаюць Пуціна. Масква, 21 лютага 2023

Гаворачы пра эканоміку, Пуціна сказаў, што нельга трываць сытуацыю, каб кіраўнікі буйных расейскіх кампаній былі залежныя ад Захаду. Паводле яго, яны павінны «працаваць на краіну, на яе нацыянальнае разьвіцьцё». Пра страчаныя актывы на Захадзе ён выказаўся так: «Ня варта чапляцца за мінуўшчыну, спрабаваць нешта адсудзіць».

ЗША, Вялікабрытанія, Канада, Эўразьвяз, Японія і іншыя краіны ўвялі санкцыі супраць Расеі за яе напад на Ўкраіну, і на Беларусь — за саўдзел у агрэсіі. Многія заходнія кампаніі самі пакінулі расейскі і беларускі рынкі. Сотні мільярдаў даляраў расейскіх грошай заблякаваныя на Захадзе.

Пасьля выступу Ўладзіміра Пуціна, на наступны дзень, абедзьве палаты расейскага парлямэнту павінны правесьці пазаплянавыя паседжаньні, увечары ў Маскве заплянаваны масавы мітынг-канцэрт.

Выступ Пуціна адбываецца на фоне прыезду прэзыдэнта Злучаных Штатаў Джо Байдэна ва Ўсходнюю Эўропу. Ён наведаў Кіеў 20 лютага, а 21 лютага Байдэн знаходзіцца ў Варшаве. Прэзыдэнт ЗША выказаў поўную падтрымку Ўкраіне, Белы дом неаднаразова даваў вайсковую дапамогу ўкраінскаму войску.

«Калі Пуцін пачаў уварваньне каля году таму, ён думаў, што Ўкраіна слабая, а Захад падзелены. Ён думаў, што зможа атрымаць верх над намі. Але ён моцна памыляўся», — заявіў Байдэн падчас візыту ва Ўкраіну.

21 лютага ў 17:30 чакаецца праграмны выступ Джо Байдэна ў Варшаве да першай гадавіны пачатку расейскай вайны супраць Украіны.

​
XS
SM
MD
LG