Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі адкрыў Мюнхэнскую канфэрэнцыю па бясьпецы заклікам паскорыць вайсковую дапамогу Ўкраіне

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі

Зяленскі паведаміў, што ўкраінскае войска вызваліла з расейскай акупацыі 1891 населены пункт, захоплены з пачатку ўварваньня ва Ўкраіну.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, адкрываючы Мюнхэнскую канфэрэнцыю па бясьпецы, што затрымка перадачы Ўкраіне вайсковай тэхнікі і ўзбраеньня дазволіць Расеі аднавіць яе патэнцыял для дэстабілізацыі сытуацыі ў іншых рэгіёнах сьвету.

«Галіят шанцаў ня мае, але ён мае патэнцыял і спрабуе набыць дадатковы час, таргуючыся са сьветам. Ён хоча зьнішчыць шмат жыцьцяў, таму нам трэба пасьпяшацца. Нам патрэбная хуткасьць [рэалізацыі] нашых дамоўленасьцяў аб пастаўках, каб абмежаваць расейскі патэнцыял», — заявіў Уладзімір Зяленскі, выступаючы на Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы.

Паводле яго, зацягваньне заўсёды было памылкай:

«Пакуль мы вядзем перамовы, як узмацніць сваю абарону сучаснымі танкамі, Крэмль думае, як задушыць сучасную Малдову. Калі мы пераконваем, што Ўкраіне патрэбна сучасная баявая авіяцыя, Расея ўжо пераканала іранскі рэжым, і вынікам сталі ня толькі іранскія дроны ва ўкраінскім небе, а яшчэ нешта, чым Крэмль за гэта заплаціў. Вы ўпэўненыя, што гэта толькі грошы? Ці сьвет будзе сутыкацца з узбагачаным іранскім рэжымам?», — запытаў ён.

«Я ўпэўнены, што ніхто ня хоча, каб на Блізкім Усходзе і ў раёне Пэрсыдзкай затокі нам давялося зноў гаварыць пра новыя санкцыі. Тэрарысты зноў намагаюцца адаптавацца да гэтых санкцый і абмежаваньняў. Паралельны імпарт, танкеры, якія ідуць па морах... Або мы павінны бачыць уплыў гэтага нелегальнага прыбытку Расеі ў спробах зьнішчыць вашу палітычную сыстэму і міжнародныя інстытуты, дэстабілізаваць ваша сацыяльнае жыцьцё?» — дадаў Уладзімір Зяленскі.

Паводле яго, эскаляцыя ў гэтых рэгіёнах будзе адчувальнай для Эўропы.

«Лібія, Малі, Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка, дзе Расея мае ўплыў. Што чакае Сырыю? Нічога добрага, як і шмат іншых народаў. Гэта ня толькі пра Ўкраіну. Сутнасьць у тым, што Галіят павінен прайграць. І гэтаму няма альтэрнатывы, таму што Крэмль можа зьнішчыць бясьпеку. Калі ўсе, хто тут, будуць адкладаць свае рашэньні, гэта будзе рэсурсам пуцінскай дыктатуры, на якім яна жыве. Так было гадамі», — перакананы прэзыдэнт Украіны.

Зяленскі паведаміў, што ўкраінскае войска вызваліла 1891 населены пункт, што Расея захапіла з пачатку свайго ўварваньня ва Ўкраіну амаль год таму.

«Няма альтэрнатывы перамозе Ўкраіны, няма альтэрнатывы Ўкраіне ў Эўразьвязе, Украіне ў NATO. Няма альтэрнатывы нашаму адзінству, таму няма і ня будзе альтэрнатывы таму, каб пазбавіцца расейскай агрэсіі канчаткова, вызваліць зямлю і людзей, таму што гэтыя землі і людзі — у палоне. І гэта ня можа быць пытаньнем кампрамісу», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Без уладаў Расеі і Беларусі

Прадстаўнікі ўладаў Расеі сёлета не запрошаныя на Мюнхэнскую міжнародную канфэрэнцыю па бясьпецы, заявіў старшыня канфэрэнцыі Крыстаф Гойсген у інтэрвію тэлеканалу MDR 1 лютага.

«Выказваньні, якія мы штодня чуем з Крамля, не дазваляюць вывесьці, што Расея хаця б на ёту адступіць ад таго, што Пуцін абвясьціў мэтай вайны, а менавіта разбурэньня Ўкраіны», — растлумачыў Гойсген.

Замест урадавых чыноўнікаў ад Расеі запрасілі прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці і апазыцыі, у тым ліку былога чэмпіёна сьвету ў шахматах Гары Каспарава і апальнага алігарха Міхаіла Хадаркоўскага.

Мінулы форум у лютым 2022 году таксама прайшоў без удзелу афіцыйнай расейскай дэлегацыі. Тады Расея ўпершыню за апошнія два дзесяцігодзьдзі адмовілася браць удзел у форуме.

Інфармацыі пра запрашэньне кагосьці з уладаў Беларусі на сёлетнюю канфэрэнцыю ў Мюнхэн таксама няма.

Беларусь брала ўдзел у Мюнхэнскай канфэрэнцыі з 2006 году. У 2018 годзе кіраўніцтва Мюнхэнскай канфэрэнцыі прапанавала правесьці чарговую сустрэчу Асноўнай групы ў Менску, абгрунтаваўшы гэта ўкладам, які тады ўносіла Беларусь ва ўмацаваньне стабільнасьці і бясьпекі ў рэгіёне, і магчымасьцю сабраць на беларускай пляцоўцы ключавых гульцоў.

Сустрэчу тады прысьвяцілі ўзаемаадносінам па лініі Ўсход — Захад, абмеркаваньню рэгіянальных канфліктаў, менскага працэсу, а таксама эканамічнай сытуацыі ва Ўсходняй Эўропе.

Ціханоўская ў Мюнхэне

Тым часам Сьвятлана Ціханоўская прыбыла на Мюнхэнскую канфэрэнцыю па бясьпецы, 17 лютага яна ўжо сустрэлася зь Ільвай Югансан, камісаркай унутраных справаў Эўракамісіі.

Заплянаваныя яе сустрэчы з прэзыдэнткай Эўракамісіі Урзуляй фон дэр Ляен, канцлерам Нямеччыны Оляфам Шольцам, міністрам замежных спраў Нямеччыны Анналенай Бэрбак, новым прэзыдэнтам Чэхіі Пэтрам Павэлам, міністрамі краін Эўразьвязу.

Сьвятлана Ціханоўская 17 лютага ўжо сустрэлася зь Ільвай Югансан, камісаркай унутраных справаў Эўракамісіі.

«З апошняй сустрэчы мы рушылі наперад. Я падзякавала Эўразьвязу за неўвядзеньне візавых забарон для беларусаў. Далей мы будзем працаваць над [спрашчэньнем] шэнгенскіх візавых працэдур, легалізацыяй у ЭЗ і праектам пашпарта», — ​ напісала Ціханоўская па выніках сустрэчы.

Ціханоўская 17 лютага таксама возьме ўдзел у публічнай дыскусіі «Размова пра Ўкраіну, Беларусь і эўрапейскія свабоды», якую ладзіць Цэнтар эўрапейскай будучыні.

З 19:30 да 22:00 у Мюнхэне адбудзецца сусьветная прэм’ера дакумэнтальнага фільма пра Ціханоўскую «Вартавыя праўды: Джан Дзюндар сустракае Сьвятлану Ціханоўскую».

Ціханоўская была на Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы і ў 2022 годзе.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG